banner

Да каранёў сваіх! Іван Каскевіч і яго сям'я вырашылі даць другое жыццё вёсцы Лозы – месцу, дзе прайшло іх дзяцінства

04 Мая’26
52


Калі два гады назад я распачала праект “Бацькоўская хата”, нават падумаць не магла, што будзе так шмат водгукаў, так шмат адрасоў і хат, якім было дадзена новае жыццё і на якіх сёння люба-дорага паглядзець.
Толькі і чуваць зараз, што вымірае вёска, што няма звароту назад, што ўжо няма на што спа­дзявацца. А яна жыве! Жыве наперакор усяму! І будзе жыць! А сёння новы адрас. Вёска Лозы, якая схавалася сярод векавых пушчанскіх дубоў і соснаў. І пяць хат, у якіх ужо хутка засвецяцца вокны і з каміноў заўецца дымок. 

З даўно мінулых дзён

Калісьці, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, Фёдар і Алена Каскевічы абаснаваліся ў вёсцы Лозы і стварылі сям’ю. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей: два сыны і чатыры дачушкі. Усе яны выраслі і пакінулі сваё гняздо, але бавілі час ў дзедавай хаце ўнучаняты. Чыстае лясное паветра надавала ім сілы, здароўя, а ад дзеда з бабуляй унукі спасцігалі мудрасць. Выраслі, кожны выбраў свой шлях у жыцці. Звілі ўнукі свае гнёзды, нарадзілі дзяцей, і жыццё ішло, потым бегла. Адзін за другім памерлі дзед з бабуляй, цёткі, дзядзькі, якія жылі ў Лозах. І прыйшоў час, калі ў гэтай вёсачцы засталіся толькі два дамы, у якіх яшчэ цепліцца жыццё.  
Ці ўспаміналі калі ўнукі пра сваё дзяцінства ў Лозах? Канешне, успаміналі. Часам нават сніліся сцяжынкі ў лесе, хацелася ўсё кінуць і прыехаць, але перашкаджалі нейкія справы, праблемы ці проста недахоп часу.
Так бывае ў жыцці, калі мы доўга нешта адкладваем на потым, а тое “потым” усё не настае, спазняецца. Пакуль аднойчы нешта не шчоўкне ўнутры, нібы закранецца патаемны званочак, альбо ўспыхне нябачны ліхтарык, які асвеціць душу і верне ў мінулае. 

Сустрэча з дзяцінствам

Пэўна, такі “ліхтарык” засвя­ціўся аднойчы і ў душы Івана Каскевіча. Яму так шчыра захацелася наведацца туды, дзе засталося дзяцінства! Не адкладваючы на потым, Іван адправіўся ў дарогу. Шлях ад Мінска да Свіслачы – 300 кіламетраў. Яшчэ трохі – і вось яна, Белавежская пушча, а там па лясной дарозе кіламетры тры – і ўжо відаць дахі дамоў. 

Прыпынак. І вострым болем працяло сэрца. Тыя двары, дзе быў знаёмы кожны куточак, зараслі бур’яном, дрэвамі-самасейкамі. Паваленыя платы, замест вокнаў – чорныя пустоты. Сорак доўгіх гадоў не ступала сюды нага Івана. Пачуццё віны агнём апаліла душу. “Даруйце”, – шапталі яго вусны, і слёзы пацяклі па шчаках. 

Ён доўга стаяў каля пакінутых, асірацелых хатаў, і ў яго галаве нараджалася ідэя. Іван накіраваўся прама ў Навадворскі сельсавет з мэтай атрымаць дазвол выкупіць пакінутыя дамы. І, зразумела, атрымаў. І не на адзін, а на цэлых пяць, бо ведаў: не ён адзін прыедзе сюды зноўку.

Іван вяртаўся дадому, а думкі беглі наперадзе машыны. Яны былі такія рашучыя, такія рэальныя і смелыя, што Іван ўжо наяве прадстаўляў, як будуць выглядаць новыя Лозы.

Вярнуўшыся дадому, ён адразу пазваніў брату Віктару, сястры Ганне, потым стрыечным братам, сёстрам, з усімі падзя­ліўся сваімі думкамі. Расказаў пра ўбачанае ў Лозах і як балюча было адчуваць, што гіне тое, што было самым родным. 

Іван падзяліўся з роднымі і блізкімі людзьмі сваёй ідэяй – даць новае жыццё Лозам, сабрацца ўсім разам і адрадзіць раскіданае гняздо. 

Іван не сумняваўся, што яго падтрымаюць. І ўжо ў наступныя выхадныя ў Лозах сабраліся нашчадкі Каскевічаў. Зазвінелі пілы, косы, застукалі сякеры. Вырубаліся густыя зараслі, бур’ян, ачышчаўся пляц. Зайшлі ў адну хату, у другую, і балюча сціснуліся сэрцы. Усё разваленае, раскіданае, знішчанае. І ў кожнага з’явілася яшчэ большае жаданне ўсё аднавіць, даць новае жыццё кожнаму дому. А ўсіх – пяць. 



“Нам тут кожны куточак знаёмы”

На дзень нашага прыезду ў Лозы тут шчыравалі дзесяць чалавек. Іван з двума сынамі, брат Віктар, сястра Ганна і стрыечныя браты. Усе прывезлі з сабою дзяцей. Кампанія атрымалася выдатная і вельмі працавітая. У кожнага быў свой занятак,  і праца спорылася. 

Адлучыўшыся часова ад работы, Іван Аляксеевіч расказаў пра тое, як тут з’явіліся першыя жыхары, як адзін за другім вырасталі дамы, як дружна жылі ўсе Каскевічы ў Лозах:

– Мы з братам былі най­ста­рэйшымі ўнукамі ў дзеда Івана і бабы Алены. Сястра нарадзілася пазней, мне ўжо чатырнаццаць тады было. Усё наша дзяцінства было звязана з гэтым лясным куточкам. Тут усё наваколле было нам знаёмае. У пушчанскі лес мы хадзілі па грыбы, па ягады. Дзед нам у кішэні жывых зайчыкаў прыносіў. Мы пагуляем з імі і адпускаем на волю.  У сажалцы карасёў лавілі, кароў з дзедам пасвілі. 

Не магу дараваць сабе, што так доўга не быў тут, што не мог знайсці часу, каб праведаць Лозы.

Як прыехаў першы раз, да мяне выйшлі адзіныя на ўсю вёску жыхары – Міша Каскевіч і Валодзя Ботвіч. Яны прывіталіся са мной і… заплакалі. “Бачыш, што ад нашай вёскі засталося, ад хаты твайго дзеда, сваякоў”,– казалі суседзі. Я бачыў, а душа балела так, што не выказаць. Паабяцаў ім, што аднаўлю вёску, абавязкова аднаўлю!

Мне пашчасціла быць у Копысі. Я бачыў, як наш Прэзідэнт акультурыў дзедаву хату, старую крынічку. Аляксандр Рыгоравіч прыязджае на сваю малую радзіму, каб адпачыць душой, папіць крынічнай вады, прайсціся знаёмымі сцежкамі. Бо няма лепшага месца на свеце, чым тое, дзе прарасталі карані. Вось і мы марым адрадзіць Лозы, зрабіць тут маленькі рай, які быў калісьці. 

Гэта зямля нашых продкаў, родны куточак, і ён павінен жыць. У Новым Двары на могілках ляжаць нашы родныя. 

Калісьці дзедаў брат вучыў нас прывіваць яблыні. Зараз мы хочам прывіць маладыя саджанцы ад старых яблынь, пасадзіць малады сад. Хачу пчолак завесці. 

Шмат планаў на будучыню, і вельмі спадзяюся, што задуманае споўніцца. Тут нейкае асаблівае месца, напоўненае мудрасцю продкаў, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Бацька наш сорак гадоў працаваў настаўнікам, мама таксама. Дзядуля быў добрым кавалём, шмат рабіў для сяльчан. Мамуля была вельмі добрай гаспадыняй. Гаспадарку трымалі вялікую: каровы, авечкі, куры, качкі. Усе Каскевічы дружна працавалі, адзін аднаго падтрымлівалі.

Да новых сустрэч!

У Івана Аляксеевіча за спіною чатыры вышэйшыя адукацыі. Ён працаваў у Савеце Міністраў, зараз узначальвае ўпраўленне раслінаводства ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Брат і сястра – урачы. Дзеці таксама цягнуцца да ведаў: хто ўжо выбраў для сябе прафесію, хто яшчэ вучыцца ў школе, але не бавяць час, седзячы з тэлефонамі, шмат чытаюць, усім цікавяцца. У Лозы прыехалі ахвотна, не трэба было прымушаць ці ўгаворваць. Тут ім цікава. Часам нават зубры прыходзяць паглядзець, як ідзе работа, наведваецца ў “госці” дзікая свінка з парасятамі.

– Ведаеце, яшчэ да таго, як я прыехаў сюды, мне дзед прысніўся. Не памятаю, што ён мне гаварыў, але, пэўна, менавіта гэты сон даў мне штуршок прыехаць, – дзеліцца Іван Аляксеевіч. – Цяпер разумею, гэта дзед зваў мяне. А зараз усім нам сняцца дзед з бабуляй. Яны ўдзячны, што мы прыязджаем, што вяртаем жыццё нашай вёсачцы. І жонка мяне падтрымлівае, і ўсе родныя. 

Работа Лозах яшэ толькі пачалася. Наперадзе месяц вясны, усё лета і восень. Пакуль што толькі ў выхадныя дні Каскевічы закасваюць рукавы і бяруцца за пілы, косы і сякеры. Але наперадзе водпуск, які, несумненна, у кожнага пройдзе тут, у Лозах. 

Мы дамовіліся з Іванам Аляк­сеевічам сустрэцца тут летам у наступным годзе, калі кожная з пяці хатаў, на якія зараз балюча глядзець, гасцінна адчыніць свае дзверы для сяброў, родных, блізкіх, знаёмых. Адразу пяць дамоў вернуцца да жыцця! 

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Каскевічаў


Предыдущая статья

В Беларуси повысились размеры бюджета прожиточного минимума