
На гэтым доме ў аграгарадку Грынкі прыбіта чырвоная зорка. Гэта значыць, што тут жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Яго звалі Аляксандр Вікенцьевіч Вашкевіч. Яго няма на свеце ўжо больш як дваццаць гадоў, а зорка ўсё яшчэ сведчыць аб тым, што гэтую хату збудаваў чалавек, які прайшоў праз пекла вайны і вярнуўся пераможцам. І колькі б ні прайшло гадоў, як бы ні змяніўся знешні выгляд хаты, на ёй застанецца гэтая чырвоная зорка. Як памяць. Цяпер у гэтай хаце жыве сям’я ўнучкі Аляксандра Вашкевіча – Вольгі Тапчан. Гэта яна з мужам Рустамам удыхнулі ў дзедаву хату новае жыццё і стараюцца зрабіць сваё жыллё ўтульным і камфортным. Яшчэ не ўсё абсталявана так, як хацелася б Вользе і Рустаму, але ўжо цяпер многае змянілася і ў сярэдзіне, і звонку. Малады гаспадар шмат чаго зрабіў сваімі рукамі, і на бліжэйшую будучыню запланаваў.
Адкуль усё пачалося
Аляксандр Вашкевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, вярнуўся з фронта з баявымі ўзнагародамі. Бравым салдатам прыйшоў дадому, дзе чакалі жонка і сынок з дачушкаю. Але неўзабаве жонка захварэла і яе не стала. Аляксандр адзін гадаваў дзяцей, а праз некаторы час пасватаўся да тутэйшай дзяўчыны.
Так стварылася новая сям’я Вашкевічаў. Жылі спачатку ў бацькоў Валянціны, а тым часам пачалі будаваць дом. Ужо ў новай хаце нарадзіліся дзве дачушкі – Ірына і Алена. Жыў у сям’і і сын ад першага шлюбу.
Аляксандр быў добрым гаспадаром, рукі меў залатыя, да ўсяго здольныя. Ды і Валянціна ні ў чым не саступала мужу. Працавала на ферме, была адной з лепшых даярак. Дываны ткала прыгожыя, шыла, вязала, вышывала. Рушнікі бабуліны да сёння захоўвае ўнучка як сямейную рэліквію.
Дачушкі хутка падрасталі, дапамагалі маме на ферме. Асабліва старэйшая Ірына. Яна змалку палюбіла і кароў, і малых цялятак. Ёй вельмі падабалася паіць іх малаком, назіраць, як яны растуць. Пасля школы засталася працаваць на ферме. Ёй тут было ўсё блізкае і знаёмае. Дзяўчыне не было яшчэ дваццаці гадоў, як яна была ўзнагароджана медалём “За доблестный труд”. На кожным калгасным сходзе Ірына атрымлівала ганаровыя граматы, падзякі. Яе партрэт быў змешчаны на Дошцы гонару.
Праца працай, а былі ж яшчэ на сяле і вячоркі. Збіраліся дзяўчаты і хлопцы, песні спявалі, танцавалі, сустракаліся, кахаліся, гулялі вяселлі.
Ірына выйшла замуж за мясцовага хлопца Віктара Рулёва. Муж таксама быў працавітым, добрым гаспадаром. Выдзеліў калгас ім кватэру ў новым катэджы. Нарадзіліся дзеткі: дачушкі Волечка і Лена і сынок Толік.
– Пакуль мама працавала, мы, дзеці, бегалі да дзеда з бабуляй. Вось там нам была выгода! – расказвае Вольга Тапчан. – Мы разам хадзілі ў лес па ягады, грыбы. Дзед змалку вучыў нас адрозніваюць добрыя грыбы ад “воўчых”, вучыў плясці кошыкі. Хадзілі разам зрэзваць тонкія галінкі ядлоўцу; потым дзед іх замочваў, разразаў уздоўж на доўгія палоскі і паказваў, як трэба плесці. Я думаю, што і сёння магла б сплясці, толькі каб аснову хто памог зрабіць. І бабулька ў нас была вельмі добрай. Частавала смачнымі піражкамі, блінцамі і вучыла, як трэба сядзець за кроснамі. Нам так цікава было! Да сёння памятаю, як я дапамагала бабулі ткаць дываны, посцілкі. А яшчэ вышываць, вязаць, пірагі пячы бабуля вучыла. Словам, вучыла ўсяму, што сама ўмела. Усё гэтае ўменне мне ў жыцці спатрэбілася. Мы амаль кожны дзень бавілі час у дзеда з бабай. Іх хата была для нас такой роднай, такой цёплай! Дзед наш мудрым быў, працавітым. 99 гадоў на свеце пражыў, а ў сэрцах нашых застанецца назаўсёды.

«Гэта – памяць»
Ішоў час, павырасталі ўнукі. Кожны знайшоў сабе занятак па душы. Вольга вывучылася на повара, сустрэла свайго будучага мужа Рустама. Стварылі сям’ю і ўжо з дачкой Настачкай вярнуліся ў родныя Грынкі. Спачатку жылі ў мамы, а пасля вырашылі перасяліцца ў дзедаву хату. Яна на той час стаяла пустой, і ўнучка з мужам прынялі рашэнне ўдыхнуць у яе новае жыццё.
– Ведаеце, душа за яе балела. Бывала, ідзём у лес па грыбы праз вуліцу, дзе дзедаў дом стаіць, і аж слёзы наварочваюцца. Здавалася, вось-вось дзед з кіёчкам на ганак выйдзе, пакліча ў хату. І неяк прапанавала мужу: “А давай адрамантуем гэтую хату і пераселімся сюды”. Ён ахвотна згадзіўся, – расказвае Вольга. – Перш-наперш мы навялі парадак у сярэдзіне, паклеілі шпалеры, пафарбавалі столь, падлогу. Потым змянілі электраправодку, вокны, дзверы, прабілі свідравіну і яшчэ шмат чаго памянялі. На сённяшні дзень не ўсё яшчэ ў хаце так, як хацелася б. Поўнасцю зрабілі рамонт толькі ў пакоі дачушкі. Купілі новую мэблю, усё абсталявалі так, каб Настачцы было ўтульна. Яна наша самая вялікая радасць, наша надзея.
Яшчэ многа што хочацца змяніць, але ўсё патрабуе грошай і часу. У рэшце рэшт усё зробім, як задумалі, толькі зорку з хаты здымаць не будзем. Гэта памяць пра нашага дзеда-ветэрана.

Гаспадынька, якіх пашукаць!
Рамонтам у доме займаецца муж Рустам, а на больш складаныя работы наймаюць майстроў. І справа паціху рухаецца.
Вольга дбае пра тое, каб прыгожа выглядаў двор. Тут з вясны да позняй восені ўсё зіхаціць ад мноства кветак. І ў агародзе ў Вольгі поўны парадак, і на зіму гаспадыня робіць шмат нарыхтовак.
Працуе Вольга Віктараўна ў Грынкаўскай школе поварам. Кожнай раніцай спяшаецца да працы і стараецца пацешыць вучняў смачнымі абедамі. Перш чым атрымаць прафесію повара, яна шмат чаму навучылася ад бабулі Валі і ад мамы. А ўжо ў вучылішчы замацавала сваё ўменне. Любая страва ў яе руках атрымліваецца цудоўна. Асабліва ўдаюцца пірагі, піражкі, любая выпечка. Дзецям у школе падабаецца ўсё, што прыгатуе Вольга Аляксандраўна. Паціху вучыць кулінарнаму майстэрству і дачушку Насцю.
Ёсць у Вольгі яшчэ адна любімая справа. Яна робіць ружы з атласных стужак. Яны такія прыгожыя, што адразу не адрозніш ад сапраўдных кветак. Букеты з такіх ружаў Вольга дорыць матулі, сяброўкам, сваякам.
Жыві, хата!
У хаце Вольгі і Рустама Тапчан яшчэ шмат што трэба змяніць, але і сёння ў ёй так утульна, так хораша. Кожная хата мае сваю душу – я ў гэтым не сумняваюся. І, як чалавек, яна сумуе ў адзіноце і ціха памірае, калі застаецца пакінутай і нікому не патрэбнай. Шмат такіх памерлых хатаў раскідана сёння па вёсках. Як балюча на іх глядзець! Чужым людзям балюча. А родным?
Хаце з чырвонай зоркай на баку ўнучка ветэрана вайны Аляксандра Вікенцьевіча Вашкевіча не дазволіла памерці, не дазволіла, каб стаяла з выбітымі шыбамі і паваленым плотам. Хата будзе жыць і цешыць гаспадароў сваім цяплом.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям'і Тапчан




