
Дому сям’і Канюкоў, што ў Ханявічах, – амаль 80 гадоў. У ім да гэтай пары жывуць прадстаўнікі вялікага сямейнага роду.
Гэтая хата была пабудавана дбайным гаспадаром Васілём Канюком адразу пасля вайны. Яна вырасла на месцы спаленага немцамі дома. Калі Чырвоная армія наступала і гнала фашыстаў з нашай зямлі, яны часта пакідалі пасля сябе папялішчы. Шмат хатаў згарэла і ў Ханявічах. Многія жыхары засталіся без даху над галавой, агонь знішчыў і ператварыў у чорнае вуголле ўсё, што было набыта цяжкай працай. Але ў хуткім часе на месцы спаленых з’явіліся новыя будынкі.
Жыццё працягвалася. Так і Васіль Канюк збудаваў новую хату. Тут нарадзіліся і выраслі сямёра яго сыноў, якія звілі свае гнёзды, стварылі сем’і і далі жыццё сваім дзецям.
З чаго ўсё пачыналася
Малады хлопец Васіль Канюк быў дэмабілізаваны ў польскую армію летам 1939 года. Там яго і напаткала вайна. Калі Польшча капітулявала, салдаты былі пакінуты на волю лёсу і падаліся дадому. Васіль таксама рушыў у дарогу. Вырашыў дабрацца да Ваўкавыска, а ўжо адтуль – у родныя Ханявічы. Але па дарозе быў схоплены немцамі і адпраўлены ў лагер для ваеннапалонных. Як выжыў, аднаму богу вядома. Многія палонныя памерлі ад голаду, холаду, здзекаў, хваробаў. А Васіль выжыў і, калі Чырвоная армія прынесла вызваленне, вярнуўся дадому.
Бацькі ўжо не спадзяваліся, што давядзецца ўбачыць сына, і таму вельмі радаваліся яго вяртанню. Бацькоўская хата была спалена немцамі, і іх узялі да сябе сваякі. Перш-наперш трэба было пабудаваць свае жыллё. Васіль, закасаўшы рукавы, узяўся за работу. Калі на папялішчы вырас новы будынак, Васіль вырашыў прывесці ў яго маладую гаспадыню. І ў хуткім часе яго жонкай стала прыгажуня Ганначка.
Праз год у маладой сям’і з’явіўся першы сынок. Яго назвалі Васілём у гонар бацькі. А потым адзін за другім нарадзіліся Сяргей, Анатоль, Іван, Аркадзь, Віктар і Аляксандр. Сем сыночкаў падарыла Ганна мужу. Кожны раз, калі адчувала, што зноў будзе дзіцятка, вельмі спадзявалася, што народзіцца, дачушка. Але “бусел”, наперакор яе жаданням, зноў і зноў прыносіў у сям’ю хлопчыка. Сыны раслі добрымі, паслухмянымі, працавітымі. Дзеці выхоўваліся ў любові, старанна вучыліся.
Усім сынам бацькі справілі провады ў армію, а затым зладзілі вяселлі, дачакаліся ўнукаў. Аж дваццаць іх падаравалі сыны. Вось які багаты род Канюкоў! У 1984-м не стала маці – Ганны Андрэеўны. Васіль Данілавіч перажыў жонку на 12 гадоў. Сёння з сямі сыноў Васіля і Ганны Канюкоў засталося толькі два – Іван і Аляксандр.
Хата змяніла аблічча
Ляцеў час, павырасталі і ўнукі. Яны таксама стварылі свае сем’і. Нейкі час у гэтай хаце жыў самы малодшы сын Васіля Канюка – Аляксандр. А потым збудаваў свой вялікі, прасторны дом, і апусцела дзедава хата, не віўся больш дымок з коміна. Але нядоўга. Унук Аляксандр (сын Васіля Васільевіча) з жонкай Аленай жылі ў чаканні новай кватэры, але з гэтым пастаянна ўзнікалі нейкія праблемы.
– Саша сказаў мне: “Давай зробім рамонт у дзедавай хаце і будзем жыць там. Навошта, каб яна стаяла пакінутай. Некалі ж тут было так весела, так шматгалосна”. І я ахвотна згадзілася. Мы з такім натхненнем узяліся за працу! Спачатку развалілі вялікую рускую печ, і на яе месцы з’явілася новая, больш кампактная. Муж устанавіў паравое ацяпленне, водаправод. На месцы веранды ў нас зараз утульная кухня, а на месцы кладоўкі – санвузел. Старыя вокны замянілі на новыя. Зрабілі яшчэ шмат іншых спраў. Стараліся зрабіць усё хутчэй, каб перасяліцца, – расказвае Алена Канюк.
Змяніла хата і сваё аблічча звонку. Яе абшылі сайдынгам і ў сваім новым “убранні” яна вельмі прыгожая. Унутры таксама ёсць чым любавацца. Рукі ўмелай гаспадыні ў кожным пакоі стварылі хараство і ўтульнасць.
Загучаў дзіцячы смех
А дзевяць гадоў назад у гэтай хаце ўпершыню пасля доўгага зацішша зазвінелі дзіцячыя галасы. Алена з Аляксандрам усынавілі блізнятаў – Ілью і Ульяну, у якіх загінулі бацькі. З першага позірку яны адчулі, што гэта іх дзеці. Вырашальнай стала фраза Аляксандра: «Што тут думаць, будзем забіраць». І яны забралі.
З таго часу жыццё мужа і жонкі набыло новы сэнс. Сям'я прырасла на два маленькіх чалавекі. Дзяцей прылашчылі, ахінулі любоўю, цеплынёй. І стала сям’я Канюкоў па-сапраўднаму шчаслівай.

Алена і Аляксандр душы не чуюць у сваіх дзецях. Яны – іх надзейная апора ва ўсім: і памагатыя, і дарадцы, і сябры. Вядома, правай мамінай рукой з'яўляецца дачушка Ульяна. Ра-
зам яны і гатуюць, і ў хаце прыбіраюцца, і на кветніках і градках шчыруюць. А Ілья з татам выконваюць усю мужчынскую работу: разам даглядаюць хатнюю гаспадарку, рамантуюць, пілуюць, майструюць. Словам, кожны пры справе. У гэтай сям'і заведзена дапамагаць адно аднаму заўсёды і ва ўсім.
Ілья і Ульяна ўжо скончылі школу і вучацца ў Гродне. Ульна – у каледжы бытавых паслуг, а Ілья – у гуманітарным каледжы. Малады чалавек будзе настаўнікам фізкультуры.
Бацькі цешацца з поспехаў дзяцей і з нецярпеннем чакаюць іх дома кожныя выхадныя.
– Дзеці – гэта заўсёды радасць, – працягвае Алена Сяргееўна. – Я лічу, што без дзяцей няма руху наперад. Менавіта яны прымушаюць працаваць над сабой, удасканальвацца і развівацца. Цяпер мне нават не верыцца, што мы калісьці жылі без іх. Адчуванне такое, што дзеці заўсёды былі з намі. Мы стараемся асабістым прыкладам вучыць іх быць самастойнымі, працавітымі і добрымі. Так і нас калісьці выхоўвалі. Мама для мяне была эталонам, надзейнай апорай ва ўсім, і для мужа бацькі былі прыкладам, як трэба сумленна жыць, адносіцца да людзей, да справы, якую выбраў.
Іх сямейная ідылія
На жаль, на час нашага прыезду ў Ханявічы гаспадар дома Аляксандр Васільевіч быў у бальніцы. Таму мы маглі пагутарыць толькі з гаспадыняй. Але з якой цеплынёю яна расказвала пра мужа, пра дзетак, пра тое, як цікава яны праводзяць свой вольны час, як задаволены тым, што далі гэтай хаце новае жыццё, што яна не стаіць пакінутай і занядбанай.
– Мы вечарамі любім разам глядзець цікавыя фільмы, часта ездзім на прыроду. І дзеці вельмі любяць такія паездкі.Час, які мы праводзім усе разам, – гэта тое, што застанецца ў памяці нашых дзяцей, што пазней яны перададуць сваім дзецям. Так павінна быць, на тое мы і называемся сям’ёю. Калі дзеці яшчэ вучыліся ў школе, мы стараліся як мага больш часу праводзіць з імі, а зараз яны прыязджаюць толькі на выхадныя і канікулы. І кожны іх прыезд – гэта свята для нас з мужам, – дадае жанчына.

У лістападзе гэтага года Аляксандр і Алена адзначаць 25-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Два з паловай дзесяцігоддзі – можа, і не самая салідная дата, але для іх гэта 9130 шчаслівых дзён. Гэта сумесныя сняданкі і вячэры, будні і святы, гэта радасць ад таго, што ў свой час іх шляхі не размінуліся.
Алена больш за трыццаць гадоў прысвяціла педагогіцы, працавала музычным кіраўніком у Ханявіцкім сельскім філіяле-клубе, а зараз працуе спецыялістам па ідэалогіі ў ОАО “Ханявічы”. Муж – ляснік. Ён ведае кожнае дрэўца ў векавым пушчанскім лесе, усе сунічныя паляны. Ён на “ты” з усімі ляснымі жыхарамі.
Вяртаючыся да вытокаў вялікай сям’і Канюкоў, хочацца дадаць, што ўсе браты былі дружныя, трымаліся адзін аднаго, дапамагалі, чым маглі. На жаль, пяцярых з іх ужо няма на свеце. Але роднасныя сувязі не страчаны. Іх працягваюць дзеці, унукі, праўнукі Васіля Канюка. Яны шануюць тыя добрыя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне гэтага роду. І так будзе заўсёды.
О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з сямейнага архіва





