banner

У ноч, калі яна нарадзілася

21 Июня’24
633

Апошні мірны летні дзень сорак першага года. Рунела жыта, наліваючыся тугім коласам, спявалі птушкі і свяціла сонейка, і неба яшчэ было сінім-сінім і чыстым-чыстым… І дзяўчаты з хлопцамі збіраліся на вячоркі, і песні спявалі, і танчылі пад гармонік, і марылі. Ніхто яшчэ не ведаў, што не суджана тым марам збыцца, і што гэта апошні ціхі вечар…

 Марыя Бажок была цяжарная, апошнія дні даношвала. Вось-вось павінна было з’явіцца на свет дзіцятка, чацвёртае ў сям’і. Ужо падрасталі два сыночка і дачушка. 
“Пайдзі пакліч бабку-павітуху з хутара, – сказала Марыя мужу, – відаць, пара”. Той моўчкі кіўнуў галавой і пайшоў за бабкай, якая дапамагала парадзіхам. Праз гадзіну-дзве ў хаце першым крыкам аб’явіла сваё з’яўленне на свет немаўлятка.

“Дачушка”, – прыняўшы на свае рукі дзіцятка, сказала бабуля. І маці шчасліва ўсміхнулася. “Дзякуй Богу. Будзе ў нас два сыночка і дзве дачушкі. Няхай гадуюцца здаровенькія”.  Бабка-павітуха выкупала дзіця, спавіла і прылажыла да грудзей маці. Тая з пяшчотаю назірала, як маленькая сапе носікам, першы раз у жыцці пробуючы на смак матуліна малачко, і радасць перапаўняла яе душу.  “Давай Ніначкай назавём”, – сказала Марыя мужу. Той не пярэчыў. І маці усміхнулася да мужа і спакойна заснула, прытуліўшы да сябе дзіцятка.  

А тым часам на сцяне гадзіннік з зязюляю адлічваў апошнія мірныя гадзіны і хвіліны…
Ноччу ўсіх у доме абудзіў страшэнны гул , а потым раздаліся аглушальныя выбухі. Ніна Качко, зразумела, не памятае вайну. Адкуль ёй было памятаць. Толькі ў пашпарце стаіць дата нараджэння – 21 чэрвеня 1941 года. Старэйшая сястра расказвала не раз Ніне, як уцякалі ад немцаў, як хаваліся ў лесе, у стагах на лузе, як калыхала яна, сама яшчэ дзіця, маленькую Ніну ў плеценай калысачцы.

Цяжка было, але дзякуй Богу, усе з сям’і Бажок выжылі. Пасля вайны нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык. 
Ніна скончыла сямігодку і пайшла працаваць у мясцовы калгас. Аднойчы на вячорках пазнаёмілася з хлопцам Васілём. Той не мог адарваць вачэй ад красуні-дзяўчыны з русай касой амаль да каленяў. Ды і Васіль спадабаўся Ніне. Але аж тры гады яны з ім лёс выпрабоўвалі. То сустракаліся, то раставаліся. Але ўсё ж, урэшце рэшт, стала Ніна Бажок жонкаю Васіля Качка. Пераехала са свайго хутара з-пад Нязбодзіч да мужа ў Качкі. А праз год падарыла яму сыночка Віцю. Але, на жаль, нядоўгім было іх сямейнае шчасце. Раптам захварэў муж, павезлі яго на аперацыю, і да хаты ён ужо не вярнуўся. Не цэлых дзесяць гадоў адмерыў ім лёс быць разам. У той дзень, калі не стала бацькі, Віця павінен быў пайсці ў першы клас. 31 жніўня назаўсёды застанецца для маці і сына чорнай датай. 


Але мінуў час, зацягвалася рана страты. Ніна Сцяпанаўна працавала на ферме, адна гадавала сына. Да яе не раз сваталіся мужчыны, але не магла яна ўявіць сабе, што нехта заменіць ёй мужа і бацьку дзіцяці. Усю сябе без астатку прысвяціла сыну. Ён вырас, ажаніўся. І вось якое дзіўнае супадзенне. Унучка Ганначка нарадзілася на свет у той самы дзень, як бабуля, толькі праз пяцьдзесят восем гадоў. 

Вось акурат 21 чэрвеня Ганначцы споўніцца 25 гадоў, а бабулі Ніне – 83. Унучка не забываецца пра сваю бабульку, часта тэлефануе, прыязджае, каб дапамагчы. Тым больш, што Ніна Сцяпанаўна ўжо абсалютна страціла зрок. Для яе, што дзень, што ноч – цемра. Ходзіць з кіёчкамі і ўжо навучылася ўсю самую неабходную працу па дому рабіць навобмацак. Цяжка, але куды падзецца. 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва Ніны Качко

Предыдущая статья

Главные события недели обсуждаем с Ольгой Головач