banner

Расстралянае таварыства

11 Апреля’22
742
Васьмідзясятую і ўжо каторы год мірную вясну сустракае ціхае і спакойнае месца – могілкі ў Ятвеску. Птушкі бесклапотна будзяць цішыню галасамі ранкам і такой жа мілагучнай песняй праводзяць кожны веснавы дзень. Сярод розных магіл вылучаецца адна, дзе пахаваны мірныя жыхары навакольных вёсак. Жудасная трагедыя адбылася ў сакавіку 1942 года – восемдзесят гадоў таму.


Хвіліна маўчання ля брацкай магілы ў Ятвеску

Ранкам 4 сакавіка 1942 года моцны грукат у дзверы разбудзіў усю сям’ю Байда, якая жыла ў Раманаўцах. У хату ўвайшлі два паліцая і загадалі гаспадару, Іосіфу Данілавічу, збірацца. Ён апрануўся, развітаўся з усімі. Абняў і пацалаваў сваіх дачушак Аляксандру і Зінаіду. Больш яго родныя не бачылі.

Аляксандра Іосіфаўна Русак (на жаль, памерла ў лютым 2015 года) успамінала пра бацьку: “Бацька працаваў дырэктарам Нязбодзіцкай школы. Быў вельмі адукаваны чалавек. Яго добра ведалі ў інтэлігентных колах. Просты. Сціплы. Вельмі любіў сваю сям’ю…”

У гэты ж дзень немцы арыштоўваюць  Івана Пятровіча Лукшу, таксама настаўніка, які працаваў у Свіслачы. Яму было ўсяго 21 год.

Паралельна арышты ішлі і ў вёсцы Грынкі. Дырэктара школы Анатоля Макаравіча Сахарчука забралі з дома разам з бацькам Макарам Гаўрылавічам (таксама настаўнікам). Па даносу былі схоплены Сяргей Осіпавіч і Аляксандр Осіпавіч Варонкі (працавалі ў Грынкаўскай школе). Усе яны – актывісты гуртка “Таварыства беларускай школы”, які быў створаны ў Грынках у 1925–1928 гадах. Кіраваў гуртком Андрэй Мікалаевіч Трахімік. Удзельнікі вялі культурна-асветніцкую работу: арганізоўвалі беларускія школы, бібліятэкі, вучылі моладзь грамаце.

Ранкам 4 сакавіка 1942 года немцы арыштоўваюць і Сцяпана Міхайлавіча Болбата. Акурат у першыя дні вайны сям’я пераехала са Свіслачы ў Грынкі. Сцяпан Міхайлавіч працаваў у райфінаддзеле. Яго ўнучка Людміла Лукша ўспамінае: “Мой дзед быў цудоўным сталяром: меў сваю майстэрню і сталярны станок. З задавальненнем рабіў і посуд, і мэблю”.

Разам з аднавяскоўцамі былі арыштаваны Осіп Вікенцьевіч Пічкоўскі і Осіп Максімавіч Касцюк. Абое – настаўнікі, актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, члены “Таварыства беларускай школы”.
Больш за суткі арыштаваных трымалі на хутары Ятвеск. Многіх у адной бялізне, без харчу і вады. А ў гэты час па загаду карнікаў жыхары вёскі Глушкі капалі яму – магілу, ля якой марозным ранкам 6 сакавіка 1942 года былі расстраляны дзевяць нашых землякоў.

Гады ідуць, а мы захоўваем у памяці гэтую жудасную дату. Напрыканцы сакавіка Грынкаўскі сектар клубнай і бібліятэчнай работы сумесна з членамі клуба “Пошук”, якім кіруе Надзея Міхайлаўна Мацюк, правялі мітынг з нагоды трагедыі. Надзея Міхайлаўна расказала аб вялікай рабоце, якую праводзяць вучні. Удзельнікі клуба па крупінцы збіраюць звесткі аб трагедыі 1942 года, а таксама пра расстрэл мірных жыхароў у 36-м квадраце Белавежскай пушчы. Зараз ужо ёсць мультымедыйны фільм пра аднавяскоўцаў, якія былі расстраляны ў гады вайны, а гэта – 32 мірныя жыхары.

Кожны з прысутных на мітынгу – прадстаўнікі Нязбодзіцкага сельсавета, адміністрацыі мясцовай гаспадаркі, родзічы расстраляных выказалі свае меркаванні аб цяжкіх стратах і пажадалі ўсім мірнага неба над галавой. Падчас мітынгу была абвешчана мінута маўчання, узложаны вянкі, запалены лампадкі – усё гэта ў знак удзячнасці тым, хто не дажыў да мірных дзён.

Хочацца дадаць, што брацкая магіла на могілках у Ятвеску ўключана ў турыстычны маршрут, які распрацаваны Грынкаўскім  сектарам клубнай і бібліятэчнай работы. Наогул, клубнай установай праводзіцца шмат мерапрыемстваў па патрыятычнаму выхаванню дзеля таго, каб і нашы дзеці, і дзеці нашых дзяцей шанавалі памяць пра тых, хто марыў пра светлы дзень роднай краіны, жыў годна на нашай зямлі.

Марыя САМАЛЕВІЧ, кіраўнік гурткоў Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы

Предыдущая статья

Техника готова к посевной?