banner

Праз доўгія вёрсты – да роднага дома

30 Сентября’24
327
Вёска Кусянцы. Я была тут шмат разоў. Пісала пра чалавека, які спаў на вуліцы круглы год, пра абярэг вёскі – тры крыжы, пра бабульку, якая ў вайну дапамагала ткаць ручнікі на тыя крыжы. І вось я зноў у Кусянцах. Прыехала знаёміцца з Іванам і Таццянай Агейцамі, для якіх бацькоўская хата не проста будынак, а жывая істота з душой і памяццю.


Адчула моцнае плячо

Дом стаіць проста ля дарогі. Прыгожа пафарбаваны ў сонечны колер, ён прыцягвае ўвагу здаля. А калі ўваходзіш у двор, то ў вочы кідаюцца прыгожы калодзеж, летняя кухня, сцены якой упрыгожаны рознымі вырабамі, зробленымі рукамі гаспадара. Тут, куды ні глянь, – да ўсяго дакрануліся яго ўмелыя рукі. На жаль, ужо адцвітаюць кветкі ў двары, у цяпліцах даспяваюць апошнія памідоры. Але магу сабе ўявіць, што тут робіцца вясною і летам, калі ўсё цвіце, калі вясёлкавымі колерамі рассыпаюцца і па двары, па садзе кветкі, калі проста на вачах падрастае ўсё, што высявае і высаджвае гаспадынька. Калі з’яўляюцца першыя завязі памідораў, гуркоў і нават кавуноў. Як цешаць сваім водарам квітнеючыя яблыні, грушы, слівы, вішні. Як лёгка дыхаецца тут, як спакойна і радасна жывецца ў роднай хаце, дзе душой адчуваецца прысутнасць бацькі і маці, дзе штодня нагадвае пра сябе басаногае дзяцінства. 

З малодшых класаў марыў стаць афіцэрам. Тое жаданне не знікала ў хлопца да выпускнога класа. Паступіць з першага разу ў ваеннае вучылішча не атрымалася. Потым была служба ў арміі. Служыць давялося ў Паўночнай марской авіацыі. Вось дзе па-сапраўднаму пачаў гартавацца характар Івана. А мара пра афіцэрскія пагоны ўзрасла яшчэ больш. І вось служба ў арміі за плячыма. Іван едзе паступаць у Саратаўскае ваенна-хімічнае каманднае вучылішча. І вось Іван Агеец ужо курсант. Мара спраўдзілася! Ён вельмі старанна вучыўся. Але курсанты не толькі дасканала авалодвалі ваеннай справай. Ім па ўставе давалі яшчэ і звальняльныя. Тады будучыя афіцэры спяшаліся на танцы. Часцей за ўсё гэта быў Палац культуры завода тэхнічнага шкла. Ён знаходзіўся найбліжэй да вучылішча. Аднойчы туды з сябрамі зайшоў і Іван. Дзяўчаткі стаялі вакол, як на подбор. А маладому курсанту кінулася ў вочы адна. Абарвалася сэрца ў грудзях Івана і ціхенька пакацілася проста да дзяўчыны. Ніхто гэтага не бачыў, адна толькі красуня адчула той далікатны дотык і паслала хлопцу цёплы погляд праз усю танцавальную залу. Ён запрасіў яе на танец. Пазнаёміліся. Дзяўчыну звалі Таццянай. Яна кружылася з Іванам у танцы, паклаўшы далоньку на яго плячо, і ўжо тады адчула, што плячо гэтае надзейнае, моцнае, стойкае…

З таго дня Іван лічыў дні, не – гадзіны, ад сустрэчы да сустрэчы і, атрымаўшы звальняльную, нёсся з усіх ног да дзяўчыны. А потым Іван прапанаваў любай дзяўчыне руку і сэрца, дабавіўшы пры гэтым, што лёгкага жыцця ён ёй не абяцае. Таццяна ведала гэта, яна была згодная раздзяліць з каханым ўсе цяжкасці. 


“За мяне маліліся маці з бацькам”

 І вось вучоба скончылася. У Івана на плячах пагоны лейтэнанта, і ён накіроўваецца служыць у родную Беларусь. Пачаў службу ў Крупках. Там нарадзіўся сынок Васіль. Потым быў скіраваны ў Мар’іну Горку, у 5-ю брыгаду спецыяльнага прызначэння інструктарам-парашуцістам. Сам асабіста Іван Агеец зрабіў 275 скачкоў з парашута.

Мне было трошкі страшна, калі Іван пайшоў у спецназ, – кажа Таццяна Васільеўна. Недалёка ад нашага пасёлка была пляцоўка, дзе скакалі з парашутам. Я выходзіла ў калідор і глядзела, колькі “кропак” упадзе з самалёта і ці ўсё парашуты раскрыюцца. Толькі калі ўсіх палічу, супакойваюся. Але, як потым аказалася, гэтыя скачкі былі не самае страшнае, што мяне чакала. У 1987 годзе Івана накіравалі ў Афганістан. Вось дзе пачаліся ў мяне трывога і неперадавальны страх. Лісты, праўда, прыходзілі амаль кожны дзень. Але ліст доўга ідзе, а тэлефонаў такіх, як зараз, не было. У нас на той час было ўжо двое дзяцей. У Мар’інай Горцы нарадзілася дачушка Юля. Калі Івана ў Афганістан адправілі, сынок ужо ў школу пайшоў, а дачушка – у дзіцячы садок. Дык вось. Я раненька да працы спяшаюся. Завяду Юлю ў садок і праз поле кіламетры з  два бягу, каб не спазніцца на працу. Вечарам сынок забіраў сястрычку з садка. Яму дзевяць гадкоў было, а Юлечцы – чатыры. Яны ў мяне вельмі самастойнымі былі з маленства. Разумелі, што тата далёка, што там, дзе ён, вельмі небяспечна, і дапамагалі мне, як маглі. 

– У Кусянцах мае бацькі маліліся за мяне, – падтрымлівае размову Іван. –  Яны былі адданымі вернікамі, мама прачыналася і лажылася з малітвамі, тата таксама. У нашай хаце нават была покуць, дзе размяшчаўся невялічкі алтар з абразамі, свечкамі. І па сёння той алтарык знаходзіцца ў хаце, і карціны на сцяне, якія падарыў калісьці бацькам святар. Ён іх сваёй рукой напісаў. Усё, што было дарагім для бацькоў, і для нас дарагое. Іначай і быць не можа. Мама вымаліла мяне з Афганістана, я вярнуўся жывы, здаровы да сям’і, да дзяцей. Мы зноў былі разам. Жыццё працягвалася. Мне прапанавалі розныя варыянты службы пасля таго, як я вырнуўся з Афганістана. І я выбраў Ваўкавыск. Хоць была пасада мая ніжэйшая, чым у Мар’інай Горцы, але я хутка навярстаў. У мяне было ўжо званне падпалкоўніка, меліся вялікія планы, ды расфарміравалі частку, і прыйшлося пакінуць службу ў арміі. Але я не апускаў рукі. У студзені звольніўся, а ў лютым ужо працаваў начальнікам адміністратыўна-гаспадарчага аддзела Беларусбанка. Ён тады яшчэ пачынаў будавацца. Працаваў там да 2002 года. І усё складвался добра, але тут памёр мой бацька. Каб падтрымаць маці, я зволіўся з працы і прыехаў да яе ў Кусянцы. Мама вельмі цяжка перажывала страту. Я павінен быў знаходзіцца побач. Да таго ж была гаспадарка, якая таксама патрабавала клапатлівых рук. Калі мама трошкі прыйшла да сябе, я зноў пайшоў працаваць. Мяне, праўда, запрашалі на працу ў калгас, але не ўяўляў сябе ў сельскай гаспадарцы. Працаваў далей у Ваўкавыску. Быў вядучым інжынерам у ОРСе, працаваў у ахове Ваўкавыскага мясакамбіната, начальнікам штаба грамадзянскай абароны машынабудаўнічага завода. У выніку пасля звальнення з арміі адпрацаваў на гражданцы 24 гады.

Таццяна таксама працавала, яна таксама не ўяўляла сябе без справы. Як і казаў Іван, лёгкага жыцця за амаль 50 сумесна пражытых гадоў у іх не было. Але галоўнае права жанчыны – быць каханай – у яе засталося назаўсёды. 

Лепшага месца няма на свеце



Увесь вольны час Іван праводзіў у Кусянцах. Выхадныя – тут, водпуск – таксама. І Таццяна заўсёды была побач. Жанчына гарадская, а усяму навучылася. З агародам упраўлялася не горш за любую вяскоўку, і з гаспадаркай пасябравала, і каўбасы ўмела зрабіць смачныя, калі свінню калолі. 

– А потым не стала мамы, – з сумам успамінае Іван Яхімавіч. – Дзеці нашы ўжо выраслі. Мы з Таццянай тут ў асноўным жылі, адсюль і да працы ездзілі. Але нядоўга. Звольніліся і вырашылі назусім у Кусянцы пераехаць. Квартэру прадалі, курачак сабе купілі, сабачку Долю забралі і абсталяваліся назаўсёды ў бацькоўскай хаце. Ужо амаль дзесяць гадоў тут жывём. І лепшага месца нам не трэба. Паглядзіце, як тут хораша, якая прырода, лес побач, недалёка возера. Мы па гарадскім жыцці ні трошачкі не сумуем. Тут – рай, тут такая выгода!

– Я раней думаць не думала, што буду жыць у вёсцы, – дапаўняе мужа Таццяна. – У “скварэчні” вырасла, вёска і ў сне не снілася. Але чым часцей мы сюды прыязджалі, тым больш я сэрцам прырастала да гэтых мясцін. Тут па-сапраўднаму можна адпачыць душою, зрадніцца з прыродаю. І дзеці нашы вельмі любілі сюды прыязджаць. Зараз ужо не так часта. Сын Васіль у нас інжынер-будаўнік, у яго ёсць сынок. Юлія наша – у Гродне. Яна – цырульнік, трое дзетак мае. Для ўнукаў Кусянцы – таксама любімае месца адпачынку. З маленства ва ўсім дапамагаюць. І сёння ніякай працы не цураюцца: і бульбу з намі капаюць, і агарод полюць, і курачак кармяць, гусей. Працавітыя ў нас унукі. 

Іван Яхімавіч з Таццянай Васільеўнай вядуць мяне ў хату, і я любуюся абстаноўкай, фотаздымкамі, з якіх глядзяць на мяне былыя гаспадары хаты, дзед з бабуляй, і там жа размешчаны здымкі бацькі і маці Таццяны. Яны павінны быць разам, бо гэта ж радня! 

У кутку самага вялікага пакоя – маленькі алтар. Ён па-ранейшаму застаецца найважнейшым месцам у хаце. 

У летняй кухні, куды мяне запрашаюць на чай, таксама ўсё гаворыць аб тым, што тут ушаноўваецца памяць аб родных. На столі вісіць кола ад воза, – гэта своеасаблівы свяцільнік. На сцяне размешчаны дуга, падкова, усё гэта напамінае аб тым, што бацька меў каня. Тут жа знаходзіцца калодка для вырабу валёнкаў. Гэта таксама напамін аб тым, што калісьці бацька Яхім Мікалаевіч валяў валёнкі і да яго прыязджалі людзі з усіх навакольных вёсак. І яшчэ шмат розных побытавых праладаў, якімі калісьці карысталіся бацькі. А конік, дарэчы, таксама стаіць на двары, упрэжаны ў брычку. Толькі… драўляны. Яго выгаблеваў малады гаспадар як памяць пра таго коніка, які быў ў бацькі (капіраваў з фотаздымка). Тут куды ні глянь, нешта зроблена рукамі Івана Яхімавіча. Бо тыя рукі не ведаюць стомы, бо яны з маленства прывучаныя да справы. 

Я шчыра захаплялася ўсім гэтым хараством, рукамі дбайнага гаспадара і дасціпной гаспадынькі. Не, не зайздросціла, а шчыра радавалася, што ёсць такія людзі, і дай ім Бог шчасця! 

Ядвіга Кобрынец
Фота аўтара

Предыдущая статья

Одиноки, но не одни