banner

Падставай для сустрэчы стала пісьмо з Варонежа

28 Ноября’20
1370
Наведваючы вёску Грынявічы, не магла прайсці міма дома Тамары Аляксандраўны Асмаловіч, пра якую крыху больш за дзесяць гадоў таму ўжо пісала раённая газета. Яна была відавочцам крывавых падзей, што адбываліся ў час Вялікай Айчыннай вайны ў іх вёсцы.



Цяпер падставай для сустрэчы з маленькім сведкам вайны (на той час Тамары Аляксандраўне было сем гадоў) стаў ліст, адрасаваны нам у рэдакцыю. Яго даслаў Васіль Іванавіч Залатароў з Варонежа (Расія). 

Муж яго роднай сястры Аліфер Міхайлавіч Пятроў нарадзіўся на хутары Белы Гай, што быў недалёка ад Грынявіч. Ён цудам застаўся жывы, у той час, як усю яго сям’ю – бацьку Міхаіла Ананьевіча, маці Аксінню Андрэеўну, сястру Кацярыну Міхайлаўну, брата Іосіфа Міхайлавіча і дзядзьку Георгія Аляксеевіча – расстралялі ў чэрвені 1942 года фашысты за сувязь з партызанамі. Зяць цікавіўся, можа, яшчэ хто-небудзь выжыў са сваякоў Аліфера Міхайлавіча, якога не стала ў 1996 годзе.

Як аказалася, радні Пятровых у вёсцы няма. Тамара Аляксандраўна адзіная памятае асобныя моманты таго страшнага перыяду яе жыцця і жыцця яе аднавяскоўцаў. Акрамя таго дня, калі загінула ўся сям’я Пятровых, яна расказала і пра свой нялёгкі лёс, дзе былі і страты, і голад, і не праходзячы да гэтага часу пранізлівы боль.

Зараз Тамары Аляксандраўне 85 гадоў. Яна памятае, хаця ўжо не ў такіх падрабязнасцях, як раней, пра той страшны дзень, калі была расстраляна сям’я Пятровых. Памятае жанчына і рыжанькага хлопчыка (не магла ўспомніць, як яго звалі), які быў у іх доме. Яна памятае, як везлі забітых праз вёску на падводах. Пятровы былі першыя ў гэтым страшным спісе ахвяр. Іх пахавалі на могілках мясцовыя жыхары. Калі з’явіўся помнік на магіле расстралянай сям’і, яна не ведае. Астанкі астатніх забітых пасля вайны перанеслі ў брацкую магілу таксама на мясцовых могілках. За пахаваннямі раней даглядалі школьнікі з Гарнастаевіцкай школы. Жанчына таксама, наведваючы сваіх родных, ніколі не праходзіць міма. Заўсёды завітае, праверыць, ці ўсё ў парадку, ці не зараслі травой магілкі, прынясе кветкі.


Сям’я Пятровых: 1 – бацька Міхаіл Ананьевіч, 2 – маці Аксіння Андрэеўна, 3, 4, 5 – дзеці Кацярына, Іосіф, Аліфер.

З аднаго акна Тамары Аляксандраўны віднеюцца бярозкі. Калісьці тут стаяў дом яе дзядзькі – татавага брата. Там у двары і расстрэльвалі мясцовых жыхароў. Спачатку схопленых доўга катавалі, імкнучыся высветліць, дзе знаходзяцца партызаны, а потым забівалі. Пасля адступлення немцаў вяскоўцы заходзілі ў той дом. «Там усе сцены і падлога былі ў крыві», – расказвае жанчына.

Не абыйшла бокам бяда і сям’ю Тамары Асмаловіч. Яе бацька таксама дапамагаў народным мсціўцам. Хтосьці са здраднікаў пра гэта данёс, і аднойчы арыштавалі яе маму і татавага брата з жонкай. Таго самага, чый дом быў па-суседску. Спачатку дапытвалі ў дзядзькавай хаце, потым адвезлі ўсіх у вёску Ізабелін Ваўкавыскага раёна, дзе таксама катавалі. Мама была цяжарнай. Фашысты «праявілі міласэрнасць» да жанчыны: не расстрэльвалі да таго часу, пакуль яна не нарадзіла. А пасля родаў забілі яе і немаўля. Пра гэта расказала пазней фельчар, што прымала роды. Яна хацела выратаваць нованароджанага, забраўшы яго сабе. Але немцы не дазволілі. Схапілі і мамінага брата, які прынёс ежу сястры, і яго спасцігла тая ж доля.

Каля вёскі быў вялікі роў, дзе хаваліся жыхары ад бамбёжак. «Пачалася перастрэлка. Немцы адступалі. Усе пабеглі ў роў. І я хацела, але бабуля не пускала, казала, што застанемся дома. І тут з лесу, які мясцовыя называлі Шчолаб, сталі вылятаць адзін за адным агні. Яны свісталі над галавой. Толькі тады бабуля пагадзілася бегчы за мной», – дзеліцца страшнымі ўспамінамі жанчына. Тамара Аляксандраўна, ужо пасталеўшы, зразумела, што гэта была «Кацюша». І страляла яна па адступаючых акупантах.

Невыносныя выпрабаванні прыйшлося перажыць дзяўчынцы Тамары, якая засталася без маці. Пасля таго, як тэрыторыя Свіслацкага раёна была вызвалена, бацьку забралі на фронт. Пасля заканчэння вайны ён яшчэ некаторы час служыў у Японіі: ахоўваў ваенныя вагоны. Дзяўчынка бадзялася па хатах: у бабулі некаторы час жыла, потым у аднавяскоўцаў: хто накорміць, хто апране. Стала лягчэй, калі бацька вярнуўся і забраў дачку. Неўзабаве ён прывёў і гаспадыню ў дом. Жанчына старалася, каб падчарыца не адчувала сябе чужой, адносілася і да свайго сына, і да Тамары аднолькава.


Тамара Асмаловіч з мамай і татам – даваеннае фота.

Аляксандр Асмаловіч быў чалавекам пісьменным. Некалькі гадоў узначальваў Міхайлаўскі сельсавет. Пазней даглядаў за калгасным агародам. Тамара працавала ў паляводстве. А калі прапанавалі па камсамольскай пуцёўцы паехаць на будоўлю ў Казахстан, пагадзілася без ваганняў. Пяць гадоў жыла ў Карагандзе. Там выйшла замуж, нарадзіла дачку. Але сямейнае жыццё не склалася, таму вярнулася на малую радзіму. Спачатку была паляводам, пазней – даяркай. На ферме працавала да самага выхаду на заслужаны адпачынак. 

Так і жыве ў бацькоўскай хаце. Заўсёды чакае з нецярпеннем дачку з сям’ёй. Яны частыя госці ў мамы і бабулі.

Беражліва захоўвае Тамара Аляксандраўна сямейныя фота. З кожным з іх звязана шмат успамінаў, асабліва з даваеннымі, на якіх усе жывыя. Вось здымкі забітых татавых братоў Язэпа і Івана... А вось адзіная фатаграфія, дзе яны ўтрох: мама, тата і яна, маленькая Тамара. Усё яшчэ разам, усё яшчэ шчаслівыя...  

Людміла БАЛЫШ

Предыдущая статья

26 лістапада споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча