banner

26 лістапада споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча

28 Ноября’20
724


Уладзімір Караткевіч – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Гэта адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя, першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі». Шмат з напісанага ўключана ў школьную праграму.

З нагоды юбілею ў нашай вобласці стартавала анлайн-акцыя «Чытаем разам творы Уладзіміра Караткевіча». Далучылася да яе і Свіслацкая раённая бібліятэка. Сёння на сайце ўстановы можна знайсці відэаролікі «Уладзіміру Караткевічу прысвячаецца…», дзе гучаць вершы і ўрыўкі з твораў беларускага класіка ў выкананні аматараў яго творчасці. А што вам больш за ўсё да сэрца з літаратурнай спадчыны гэтага аўтара?

Таксама да дня нараджэння класіка ў бібліятэцы наладжана тэматычная выстаўка, прайшла гадзіна літаратурнага партрэта «Пясняр зямлі пад белымі крыламі» для школьнікаў. Пачэснае месца адведзена Уладзіміру Караткевічу і на пастаяннай выставе пісьменнікаў-юбіляраў 2020 года «Атланты беларускай літаратуры».

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Подведены итоги конкурса "Безопасная пепельница"