Што ні двор – то гасцінны

06 Июля’25
859

У аграгарадку Нязбодзічы прайшло свята “Гасцінны двор”. Разам сабраліся вяскоўцы не толькі з аграгарадка, але і іншых вёскак, якія ўваходзяць у Нязбодзіцкі сельскі савет, каб пачуць самыя шчырыя словы падзякі ў адрас гаспадароў і гаспадынь, якія ператварылі свае двары ў казачныя сады.

Немажліва выказаць словамі тую прыгажосць, якая створана іх умелымі рукамі. Неверагодная колькасць кветак, якія растуць у кожным куточку тых двароў. Яны цешаць вочы не толькі гаспадароў, але і ўсіх, хто праходзіць па вуліцы і мае магчымасць любавацца той прыгажосцю. Камісія, якая павінна была вызначыць лепшы з лепшых двароў, была трошкі ў разгубленасці, таму што зрабіць гэта было вельмі складана. У Нязбодзічах, ды і ў другіх населеных пунктах, што ні двор – то райскі куточак, што ні гаспадар – то майстар на ўсе рукі, што ні гаспадыня – то чараўніца.

На свяце былі названы імёны тых, хто найбольш прыклаў творчай выдумкі ў стварэнні хараства на сваім двары.

Лепшымі былі прызначаны двары сям’і Аляксандра і Ніны Лінкевічаў з Дрэчанаў, Андрэя і Алены Казімерчык, Ганны Бажок з Нязбодзічаў, Пятра і Таццяны Раўнейкаў, Івана і Ганны Болбатаў і Лідзіі Трахімік з Грынкоў. Дыпломы і падарункі з самымі шчырымі словамі падзякі ўручыла пераможцам старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Ніна Трахімік.




Ад УП “ВМК-АГРА” прымалі віншаванні юбіляры, якія адзначылі свае круглыя даты. Гасцінныя двары на тое і гасціннымі завуцца, што славяцца яны гасціннасцю і шчодрасцю, уменнем прыняць гасцей багатым сталом. На свяце ўшаноўвалі менавіта такіх гаспадынькаў. А гэта Вольга Забалоцкая, Галіна Грушэўская, Марыя Захарка, Раіса Нармантовіч, Ганна Сіцько. Яны прынеслі на свята свае прысмакі, і водар ад іх лунаў па ўсёй акрузе.

Добрыя словы пачулі ў гэты дзень і самыя актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у аграгарадку. Вясёлыя, аптымістычныя, завадныя, адкрытыя, лёгкія на пад’ём жанчынкі Галіна Грушэўская, Вольга Забалоцкая, Марыя Захарка, Валянціна Табанькова, Тамара Місюля. Гэта яны ўмеюць падарыць добры настрой, весялосць і перадаць гледачам свой аптымізм.




А якое свята без песняў?! Іх дарылі вяскоўцам артысты Ірына Ягорава, Тамара Лявіцкая, Таццяна Казакевіч, Арцём Дзяцел, Марына Бушуева, маленькіі спявачкі Сафія Сіцько, Мілана Цэлюк, Крысціна Аляксандрава і Віалета Сарасек. Весялілі народ артысты народнага тэатра “Супер Стар” Марына Мацкевіч і Таццяна Вярбіцкая. Яшчэ больш падняў настрой гледачам народны тэатр-студыя гульні “Карагод” з Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы. Забаўны “аркестр” у складзе двух Зайцоў (Марыя Самалевіч і Таццяна Падгорная ) і Мухамора (Жана Філіновіч) праводзілі вясёлыя гульні з дзецьмі і дарослымі.

На заканчэнне ўсім гледачам было прапанавана пакаштаваць гарачай юшкі, якую прыгатавалі Ганна Сіцько і Сяргей Аплевіч.

На гэтай вясёлай ноце свята ў Нязбодзічах не скончылася, а плаўна перайшло ў другое. На святочнай пляцоўцы гасцей вітала прывабная Купалінка і запрашала на народнае свята Купалле. Ізноў гучалі песні, музыка, быў аб’яўлены конкурс на лепшы сплецены вянок, праведзена цікавая віктарына. Разышліся госці толькі як сонейка ўпала за гарызонт. І панеслі з сабою дадому ўзняты настрой і добрыя ўражанні. А стварыла гэты настрой гледачам загадчык Нязбодзіцкага клуба-філіала Надзея Аплевіч.

Неабходная дабавіць, што спонсарам выступілі УП “ВМК-АГРА”, Нязбодзіцкі сельскі Савет і індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Лукашук.






Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

"Никто никого никуда не гонит". Что говорил Александр Лукашенко про евразийскую интеграцию почти 14 лет назад