Зацікавіць вучняў роднай мовай, натхніць іх на краязнаўчы пошук – значыцца, прывіць ім незгасальную любоў да бацькоўскай зямлі. Менавіта так і атрымліваецца ў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дабравольскай сярэдняй школы Зоі Урбановіч. Расказваем, як філолаг, улюбёны ў свой прадмет, выхоўвае сапраўдных беларусаў.
Ініцыятар і наватар
Як адзначыла Зоя Урбановіч, быць настаўнiкам – яе дзіцячая мара. Выбар менавiта на беларускую мову i лiтаратуру ўпаў пазней.
– Задума стаць педагогам складвалася яшчэ ў школьныя гады, улічваючы тое, што мая мама, Вера Сяргееўна Навумік, – таксама настаўніца, праўда, матэматыкі, – падзялілася яна. – Я не ўяўляла сваю прафесію без школы. Калі мае аднакласнікі паступалі ў навучальныя ўстановы і прадумвалі варыянты на выпадак, што нешта не атрымаецца, у мяне гэтага варыянта не было. Хацелася выключна вучыць дзяцей. Напэўна, паўплывала на станаўленне мяне як настаўніка і Алена Анатольеўна Іоська, якая выкладала ў маёй роднай Дашкавіцкай сярэдняй школе беларускую мову і літаратуру. З ёй я на працягу доўгага часу падтрымліваю сяброўскія адносіны.
Студэнткай факультэта беларускай філалогіі і культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Зоя Урбановіч стала, маючы мэтавае накіраванне ад раёна. І ў 1995 годзе яна вярнулася сюды. Як прыехала ў Дабраволю, так і засталася. Настаўнічае тут амаль трыццаць год. Сёння ў прафесійнай скарбонцы Зоі Аляксандраўны вялікае мноства паспяховых урокаў, праектаў і мерапрымстваў, удалых метадычных знаходак, вучнёўскіх перамог на творчых конкурсах і навуковых канферэнцыях.
– Зоя Аляксандраўна – чалавек ініцыятыўны, патрабавальны, у першую чаргу да сябе. Гэта настаўнік-наватар. Яна пастаянна ідзе наперад. Кіруе навуковым аб’яднаннем “Пралеска”, цалкам ахоплівае духоўна-маральны напрамак у рабоце ўстановы адукацыі. Не раз дзялілася сваім вопытам з калегамі, у тым ліку на міжнародных канферэнцыях. Адным словам, мнагагранны чалавек. З ёю працаваць цікава, лёгка і прыемна, – так характарызуе настаўніцу дырэктар школы Людміла Петрасян.
Педагагічная майстэрня
Усё, чым па праве можа ганарыцца педагог, нараджаецца ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Гэта, на хвіліначку, не проста месца знаходжання вучняў і настаўніка, а асаблівая прастора для развіцця і творчасці.
– Тут заўсёды чуецца жывое беларускае слова, – з натхненнем гаворыць Зоя Урбановіч. – Тут мы пішам навуковыя і творчыя працы, ствараем прэзентацыі. Вучымся думаць, правільна пісаць, прыгожа разважаць і чытаць вершы. Паколькі вялікую ўвагу надаем даследчай дзейнасці, на пачэсным месцы, як бачыце, размясціўся прадукт нашага дасле-давання, якое нядаўна адбылося, – інсталяцыя “Міфічны свет продкаў”. Кабінет – не толькі метадычны цэнтр, але і педагагічная майстэрня. Гэта творчы асяродак, дзе прапаноўваюцца ідэі і рэалізоўваюцца задумы. І я тут – дарадчык кожнаму вучню, сябар высокаматываваных навучэнцаў. Дапамагу, кажучы фразеалагізмамі, увайсці ў смак роднага слова, адным махам, паварушыўшы галавою, пры гэтым матаючы на вус, узяць верх і выйсці на арбіту, а потым выказацца, каб цябе пачулі, пасля, увайшоўшы ў курс, узяцца за пяро. Разам акунаемся ў культуру свіслацкага краю: раскрываем бяздонны бабулін куфэрак і перадаем з вуснаў у вусны тое, што належыць спакон вякоў Свіслаччыне, бо ўсе мы родам з хат і павінны мець на ўвазе застылае ў вяках мінулае, каб усімі сіламі душы ўвайсці ў смак свайго роднага і, узяўшыся за гуж, унесці ўклад у скарбонку сваёй малой радзімы.
Шукаць, вывучаць, даследаваць
На ўроках і ў пазакласнай дзейнасці Зоя Урбановіч вялікае значэнне надае краязнаўству, вывучэнню гісторыі малой радзімы. Яна пераканана, што, пазнаючы свой род, свае карані, дзеці пазнаюць сваю Радзіму. І гэта натхняе настаўніцу і вучняў на даследчую працу.
– Ведаць і памятаць гісторыю роднага краю патрэбна таму, што яна захоўвае чалавечую годнасць, дапамагае ўсведамляць сябе часткай цэлага народа, бачыць сэнс асабістага жыцця. Высокая духоўнасць, грамадзянская пазіцыя, патрыятычная свядомасць сённяшніх школьнікаў будуць у значнай ступені вызначаць будучыню нашай Беларусі, – падкрэслівае настаўніца.
Чым жа цікавяцца юныя дабравольскія даследчыкі?
– На працягу апошніх гадоў мы займаемся пошукам і даследаваннем мясцовых тапонімаў і антрапонімаў. Гэта помнікі вуснай народнай творчасці, – расказвае Зоя Аляксандраўна. – Навучэнцы таксама зацікавіліся гісторыяй хутароў, вёсак і храмаў, якія на дадзены момант не існуюць. У выніку краязнаўчых даследаванняў з’явіліся навуковыя працы, з якімі дзеці паспяхова ўдзельнічалі ў канферэнцыях “Крок у будучыню”, “Хрус-тальная Альфа”, “Купалаўская вышыня”, “Духоўны свет”. А ў школе сваё месца занялі міні-інсталяцыі, прысвечаныя тэмам даследавання: “Здабытае страчанае малой радзімы” (пра страчаныя храмы), “Страчаная спадчына свіслацкага краю” (пра зніклыя хутары і вёскі) і “Міфічны свет продкаў” (тут вас сустрэнуць міфічныя істоты).
Па словах настаўніцы, гісторыяй сівой мінуўшчыны свіслацкай зямлі яна сама зацікавілася ў раннім дзяцінстве дзякуючы сваёй бабулі Фёкле.
– Бабулька распавяла мне цікавую гісторыю пра згарэлую царкву Святой Ганны ў Дашкавічах, ад якой засталіся толькі мураваныя сцены. Храм доўгі час не аднаўляўся, не працаваў, сіратліва сустракаў падарожных на ўскрайку вёскі, нібы просячы ўвагі і дапамогі. Бабуля вельмі сумавала, што царква закрыта. Мы часта бывалі на гэтым святым месцы. Час быў складаны, але бабулька не губ-ляла надзеі на адраджэнне храма. Пазней храм усё ж загаварыў, дзякуючы намаганням аднавяскоўцаў на чале з маім татам, Аляксандрам Пятровічам Навумікам, які быў дэпутатам Ханявіцкага сельсавета. Праўда, бабулі ўжо не было. А ў маёй памяці засталіся ўсе акалічнасці, звязаныя з аднаўленнем гэтага храма, як ён даводзіўся да толку, як адбудоўваўся. Напэўна, вось гэты выпадак з жыцця і стаў адпраўной кропкай таго, што мне захацелася заняцца вывучэннем гісторыі страчаных храмаў Свіслаччыны, а таксама зніклых хутароў і вёсак, каб пакінуць памяць аб іх хоць на паперы для нашых нашчадкаў. Дзецям спадабалася мая прапанова, я ўбачыла ў іх вачах цікавасць. Потым узнікла ідэя з макетамі помнікаў архітэктуры, паступова зарадзіліся міні-інсталяцыі… Вось так яно з аднаго ў другое пералілося, – дзеліцца настаўніца.
Быць прыкладам ва ўсім
Галоўнымі сваімі прафесійнымі дасягненнямі Зоя Урбановіч лiчыць поспехі сваiх вучняў. З пачуццём гонару расказвае аб тым, што ў мінулым навучальным го-дзе вучаніца 9 класа Анастасія Урбановіч пабывала на ХІІ Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях “Праваслаўная і айчынная культура: страты і здабыткі мінулага, вобраз будучага” і атрымала дыплом ІІІ ступені. Таксама ў дзяўчыны за нататак “Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу” 1 месца ў раённым этапе конкурсу “Чалавек свайго лёсу”. Насця і яе аднакласнік Арсеній Васіленка сталі пераможцамі нацыянальнага этапа Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Духоўны свет”, а ўдзел у адкрытай навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі навучэнцаў і студэнтаў “Купалаўская вышыня” з працай “Страчанае, але не забытае: царква Святога Іллі ў вёсцы Грынявічы Свіслацкага раёна” прынёс ім дыплом ІІ ступені. Міраслава Іванюк і Злата Заяц сталі раённымі пераможцамі “Талентаў Прынямоння”. Не было роўных Злаце і ў намінацыі “Вершы” ў конкурсе “Жывая класіка”.
Высокія рэзультаты дэманструюць дабравольскія дзеці на прадметнай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Так, на абласным этапе вучаніца 8 класа Міраслава Іванюк апошнім разам паказала найлепшы вынік. У раёне Арсеній Васіленка заняў другое месца, пяцікласнік Данііл Болбат – трэцяе.
Відаць, што настаўніца ўмее зацікавіць вучняў сваім прадметам і матываваць, што інтэрактыўныя прыёмы і метады, якія яна выкарыстоўвае на ўроках, працуюць.
– Усё, чаму вучыць дзяцей настаўнiк, павiнна быць у iм самiм. Розум выхоўваецца розумам, дабрыня – даб-рынёй, культура – культурай, перакананасць – перакананасцю. Педагог павінен быць прыкладам для тых, каго настаўляе. Прыкладам ва ўсiм. Трэба пастаянна ўдасканальвацца, быць у творчым, прафесiйным пошуку, каб адпавядаць патрабаванням часу, быць цiкавым для сваiх вучняў, – упэўнена Зоя Урбановіч.
Наталля Турко
Фота аўтара
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»