banner

Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край?

12 Марта’20
2227

ксю.jpgБяскрайні наш Сусвет

Аднойчы, многа-многа мільёнаў гадоў таму ў поўным таямніц Сусвеце ўзнікла планета Зямля. Ішоў час… З’яўляліся новыя людзі, раслі гарады і вёскі, пастаянна стваралася нешта новае. На гэтай блакітна-зялёнай планеце, поўнай цудаў, ёсць безліч вялікіх і прыгожых краін. Але я хачу расказаць пра сваю родную старонку, якая знаходзіцца ў краіне, пазначанай на карце кляновым лісточкам, імя якой Беларусь.

Мясціны, пра якія хачу распавясці, павінен наведаць кожны сапраўдны аматар прыгажосці. Ваш розум ужо, здаецца, занепакоілі і цалкам захапілі думкі: і навошта так прымушаць пабываць там? Што ж такога асаблівага і незвычайнага ў гэтых мясцінах? І няўжо там сапраўды так цудоўна? Адкажу вам – незвычайна цудоўна!

Кляновы лісточак – Айчына

У нас, беларусаў, ёсць усе падставы для таго, каб ганарыцца нашай сінявокай Радзімай. А ў турыстаў – каб часцей наведваць беларускі край. Вы запытаецеся: а дзе доказы?

Адзін з іх, безумоўна, непаўторныя пейзажы беларускага краю. Ну што можа з імі параўнацца?! Скажыце, няўжо магчыма сцерці з памяці стужкі блакітных рэк, лясы? Няўжо магчыма не закахацца з першага погляду ў дзівосную беларускую прыроду?

Беларусь – спартыўная краіна. У многіх спартыўных алімпіядах, спаборніцтвах неаднаразова праяўляла сябе. І гэта факт! Асноўнаю мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця ў Беларусі з’яўляецца здаровая нацыя.

Акрамя гэтага, магу назваць яшчэ адзін плюс. У нашай краіне ёсць усе магчымасці рэалізаваць свае мары. У сучаснай моладзі багаты выбар шматлікіх навучальных устаноў: коледжы, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Колькі дарог адкрываецца перад табою, юны беларус. Толькі вучыся!

Славіцца наша зямля і гістарычнымі мясцінамі. Мірскі, Нясвіжскі замкі захапляюць. Таямніцы, загадкавасць прывідаў, легенды, цікавыя экскурсіі… Чаму ж не пабачыць усё сваімі вачамі? Тым больш цікава даведацца, якія таямніцы хаваюцца за магутнымі сценамі.

З даўніх часоў беларуская зямля славілася сваімі талентамі. Сюды адносяцца і творчыя натуры: паэты, празаікі, драматургі, мастакі, і людзі дакладных навук. Ёсць кім ганарыцца Беларусі, шмат яркіх зорак на навукова-культурным небасхіле.

Магу сказаць адно: аднойчы пабываўшы ў краіне, поўнай цудаў, вы ўжо не зможаце адказаць сабе ў задавальненні бываць там часцей.

Мелодыя Гродзеншчыны

Наш наступны крок – Гродзенская вобласць. Эх, Гродзеншчына! Колькі цікавага можна пабачыць на гродзенскіх сцежках! Царква Каложа, дзе заўсёды можна памаліцца і прыйсці за духоўным заспакаеннем. Забяспечаны і цікавы адпачынак з карысцю: гэта і тэатр, і кіно, і заапарк. Таксама тут ёсць магчымасць атрымаць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Якую пажадаеш! Тут знаходзяцца 3 ВНУ, якія шчыра запросяць вас. І сярэднія спецыяльныя ўстановы будуць радыя шырока расчыніць дзверы.

Гродзеншчына мае імёны, якія ніколі не знікнуць з памяці кожнага паважаючага сябе беларуса. Імёны тых, хто зрабіў вялікі ўклад у развіццё культурнай і літаратурнай дзейнасці. Хто, можна сказаць, дапамог беларускай літаратуры падняцца да нябёс незгасальным агеньчыкам. Людзей, якіх можна прывесці ў прыклад, даволі многа.

Але я хацела б нагадаць пра беларускага песняра, славутага сына Гродзеншчыны, паэта з вялікай літары Максіма Багдановіча. Яго вершы дыхаюць цеплынёй, шчырасцю. Чытаючы іх, адчуваеш, якою асобай быў паэт, што хвалявала і ўскалыхвала яго думкі. У яго творах можна знайсці ўсё, што сэрца пажадае. Нельга не ўспомніць і пра зборнік “Вянок”. Ён застаецца цэнтрам увагі. Я веру: лагодныя вершы-кветачкі “Вянка” не завянуць ніколі. І ўвесь час будуць хваляваць і прыемна ўскалыхваць чалавечыя думкі. Вось,чые крокі ступалі па тваёй зямлі, Гродзеншчына!

Таямніцы Свіслаччыны

 Свислочь.jpgА мы ўжо набліжаемся да галоўнай таямніцы… Вельмі спадзяюся на ваша цярпеннне і адразу даю вам наступную падказку – Свіслаччына. О, гэты край не пакіне раўнадушным нават самага пераборлівага. Чым можа зацікавіць свіслацкая старонка? Тут вам і турыстычны комплекс “Жаркаўшчына” ў самым сэрцы лесу, дзе калісь размяшчалася сядзіба Тышкевічаў, і прыгожыя аграсядзібы ў розных кутках раёна. Напрыклад, у Раманаўцах.

Раманаўцы – малая радзіма маёй бабулі. Некалі прывольна і весела жылося ў вёсачцы з дзівоснай прыродай. Слухаючы бабуліны расказы, знаходжу іскаркі неверагоднай цеплыні ў яе вачах і разумею: яна шчыра і аддана любіць сваю Радзіму.

Вось, здаецца, пройдзены ўсе сцяжыны да асноўнага майго аповеду.

Мая Дабраволя!

Ціхая вёска ля пушчы,

Родны бацькоўскі мой кут,

Цёплым ліпеньскім ранкам

Я нарадзілася тут.

Шчодрае сонейка ўлетку

Дарыла сваё мне цяпло.

Ночкаю зоркі свяцілі,

Месяц глядзеў у вакно.

Песні матуля спявала,

Каб лепей спалася мне.

Казкі бабуля казала,

Якіх больш не чула нідзе.

Вёска мая каля пушчы,

Яе Дабраволяй завуць

Пэўна таму, што спрадвеку

Тут добрыя людзі жывуць.

Мая Дабраволя! Першыя звесткі аб ёй адносяцца да 1538 года. На месцы нашай вёскі былі непраходныя лясы. Тут сталі пасяляцца вольныя стралкі, якія ахоўвалі звяроў. Сюды ўцякалі ад цяжкага жыцця сяляне. Сяліліся ўсе па добрай волі, і таму вёска стала называцца Дабраволя.


Паступова вялікую частку лесу ачысцілі ад дрэў і сталі будаваць дамы, засяваць палі. Да сённяшняга дня захаваліся назвы тых зямель –Рэпішча, Пасекі, Палынец, Сакалова, Груд, Кругляк…

Расла, прыгажэла Дабраволя. Паціху ператваралася ў вялікую і прыгожую вёску, дзе з’явілася некалькі вуліц з вельмі цікавымі назвамі: Мястэчка (тут захаваліся самыя старыя дамы, і таму лічыцца, што адсюль пачынала будавацца вёска), Самары (у даваенны час на гэтай вуліцы жыў яўрэй Самар, які займаўся гандлем, меў свой магазін), Ёткі (у даваенны час тут пражываў яўрэй Ётак, які займаўся гандлем), Бабылі (у часы царскай Расіі ў гэтым месцы выдавалі надзелы зямлі мужчынам, якія на працягу 7–14 гадоў служылі ў царскай арміі; іх зямельныя надзелы называліся бабыльскія, бо мужчыны былі нежанатыя).

У 1861 годзе была пабудавана Свята-Успенская царква, а ў 1864 годзе былі адкрыты мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы. Пазней стала працаваць пачатковая школа.

У 1939 годзе Заходняя Беларусь стала свабоднай. У Дабраволі пачалося новае жыццё. Была адкрыта хата-чытальня, створана камсамольская арганізацыя.


Але нядоўгім было шчаслівае жыццё ў Дабраволі.

Пачалася вайна. Камсамольцы ўтварылі падпольную арганізацыю, сакратаром якой быў Міхаіл Урбановіч. У яе акрамя Мішы ўвайшлі П.Васіленка, І.Панотчык, В.Гардзеня, Г.Шмыга, А.Янкоўскі і іншыя камсамольцы. Многа непрыемнасцей дастаўлялі падпольшчыкі немцам. Яны распаўсюджвалі лістоўкі, дапамагалі партызанам.

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі я прысвячаю верш сваім гераічным землякам…

У вёсцы пушчанскай, яшчэ да вайны,

Юнак і дзяўчына шчасліва жылі.

У кожнага светлыя мары былі:

Жыць, працаваць на бацькоўскай зямлі.

Паша, дзяўчына з адкрытай душой,

Скончыла курсы і зноўку дамоў.

Мара збылася: і вось яна дома,

Працуючы шчыра, спакойна, без гора.

Міхал – камсамолец, танцор і спявак,

Старанны ўмелец, цудоўны мастак…

Вось так і жылі юнак і дзяўчына

Пакуль не набегла ліхая гадзіна.

Эх, юныя сэрцы! Надзеі, імкненні…

Усё рухнула раптам, у адно імгненне…

Ад лёсу чакалі яны не такога…

Вайна пачалася 22-га.

Яна не спытала: ці можна, ці не?

Панесліся кулі ў кулямётнай чарзе.

Змяніўся раптоўна лёс нашай краіны

Ранкам нядзельным у 4 гадзіны.

Закінуты кнігі, забыты падручнік,

Якая вучоба? Ты – юны падпольшчык!

Закопаны трактар, схаваны ўсе рэчы,

Сталовая немцаў на Пашыны плечы.

Лекі і ежа, ружжо партызанам,

Лістоўкі расклеіць, а далей – па плану.

Ішлі напралом камсамольцы-героі,

Каб болей не бачыць чужынцаў ніколі.

Здраднік знайшоўся і са сваіх:

Выдаў ён катам праўду ўміг.

Страшныя мукі і пакаранні…

Толькі за што? За праўду ж змаганне.

І вось, ля царквы ўсе разам стаяць…

Усклікнула Паша: ”Адпомсцяць за нас!”

Зламаны іх лёсы, жыццё перарвана,

Навекі юнацтва ім прадказана.

Вобраз той вечна стаіць прад вачамі…

Дзяўчына з таблічкай: ”Памагла партызанам”.

Подзвіг заўсёды памятаць будзем,

Трапіла куля ў Мішыны грудзі.

Гляджу на партрэты поглядам сумным

І думаць баюся: навошта памерлі?!

Мінаюць гады, ды нішто не забыта,

Мінаюць… Няхай! Бо ніхто не забыты…

Яны аддалі жыццё дзеля нас,

Мы помнім, мы помнім, ужо год 75.

Нельга забыць мужны подзвіг ніколі,

Помніць, я веру, будзем заўсёды.

І вечны агонь – сімвал веры, надзеі –

Зорачкай ззяе ўспамінамі ў сэрцах.

Гонар бярэ яшчэ і за тое,

Мірна жывём у сваёй Дабраволі.

Толькі падумай: якою цаною

Здабыта свабода. Жыццём і крывёю!

На зямлі кіпіць жыццё, а на могілках цішыня. Толькі летам пяюць птушкі і шапацяць лісточкі на дрэвах. Магілы камсамольцаў-герояў заўсёды прыбраныя, тут ляжаць кветкі. А ў цэнтры вёскі стаіць помнік усім загінуўшым у тую страшную вайну, дзе таксама кветкі і вянкі.

З усіх бакоў нашу Дабраволю акружае лес. Гэта Белавежская пушча, пра якую ведаюць далёка за межамі Беларусі. Сюды едуць турысты з іншых краін. А нам нікуды не трэба ехаць. Выйдзеш за вёску – і апынішся ў цудоўным лесе. Пушча стала домам для жывёл і птушак.

Я часта бываю ў лесе. І хаджу туды не толькі ў грыбы і ягады. Назіраю за тым, як зіма ператварае наш лес у цудоўную казку. Усе дрэвы апранаюць снегавыя вянкі, а кусты і пянёчкі ператвараюцца ў казачных герояў-гномікаў, лесавікоў…

Вясной лес ажывае, мыецца цёплымі дожджыкамі. Дорыць нам першыя кветачкі-пралескі. Лета – самая прыгожая пара ў лесе. Трэба толькі прыслухацца, угледзецца. І тады многа цікавага і патрэбнага можна пачуць і ўбачыць. Тут чарнічныя, сунічныя паляны, толькі збірай гэтыя дары пушчы. У Сачкавай гаёўцы, так назваецца частка лесу, людзі выкапалі калодзеж. Каля яго, ідучы дадому, можна адпачыць, напіцца вады, якая пахне пушчай, пасядзець на калодках, якія стаяць тут замест табурэтак.

Скончыцца ягадная пара, надыходзіць грыбная. Толькі не лянуйся, бяры кошык і ідзі ў лес. Чым раней устанеш, тым лепш. Бо як праспіш, то ўсе баравікі і асовікі дастануцца больш руплівым грыбнікам.

Мая вёска Дабраволя прыцягвае да сябе ўвагу турыстаў не толькі тым, што размешчана ў Белавежскай пушчы. Непадалёку ад вёскі ў лесе знаходзіцца камень. У мясцовых жыхароў да гэтага нямога сведкі даўніны асаблівыя адносіны: яго лічаць чароўным. Камень мае форму чашы, на версе яго знаходзіцца западзіна, якая нагадвае чалавечую ступню. Па павер’і, вадкасць, якая збіраецца на паверхні, выратоўвае ад розных хвароб, паколькі валодае энергіяй і сілай, здольнай змяніць лёс, вылечыць ад розных хвароб.


Адны мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што з’явіўся камень на месцы царквы, якая правалілася пад зямлю, а другія, што на гэты камень апусцілася Божая Маці ў час Вялікага патопу, і западзіна – гэта след ад яе ступні.

Цяпер мой родны куточак завецца аграгарадок Дабраволя, самым галоўным багаццем якога з’яўляюцца яго жыхары. Такія добрыя, працавітыя, шчырыя, таленавітыя. Яны працуюць на ферме, пошце, у амбулаторыі, доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, клубе, лясніцтвах, магазіне і школе.

Самая дарагая для мяне вуліца Міхаіла Урбановіча, бо я тут жыву і вельмі ганаруся, што нарадзілася на вуліцы, якая носіць імя героя-камсамольца.

Люблю цябе такой, якая ёсць,

Табой я вельмі ганаруся,

Дзе б ні была, куды б ні йшла,

Сюды заўсёды я вярнуся.

Тут родны дом, дзе ўсё любіма,

Мая маленькая радзіма,

Мой родны край з шчаслівай доляй

Завецца вёскай Дабраволяй.

Жыві, прыгажэй, мая вёска,

Квітней і не ведай вайны!

Хай кружыць над пушчай высока

Белы бусел як сімвал вясны!

Няхай жа так будзе заўсёды: і бусел, і вёска мая!

Мая дарагая радзіма,

Не ведай ты слова “вайна”!

І ворагі нашай краіны

Нашу землю не змогуць таптаць.

Я веру, усе разам мы зможам

Беларусь ад вайны ўратаваць.

А напрыканцы свайго аповеду хачу пажадаць: няхай у сэрцы кожнага сапраўднага патрыёта не згасае любоў да сваёй радзімы. Беражыце яе ў сваім сэрцы і пранясіце праз усё жыццё.

Ксенія УРБАНОВІЧ

Чытайце таксама:

Родны сэрцу куточак

Чароўная мелодыя восенi

Навагоднi карагод сняжынак

Региональная журналистика в молодежном исполнении

Предыдущая статья

15 марта – Всемирный день защиты прав потребителей