banner

Навагоднi карагод сняжынак

04 Января’20
1312


I прыйдзе зiма, i мяцелiца будзе

Над вёскай у танцы прыгожым

З сняжынкамi разам кружыць.

Упэўнена я: Новы год i прыдумалi людзi,

Каб радасць i шчасце ўсiм родным i блiзкiм дарыць.


Цудоўны настрой, заклапочанасць на тварах, прыгатаванне кулiнарных шэдэўраў, лясная елка-прыгажуня i нейкае незвычайнае прадчуванне таго, што нешта дзiвоснае павiнна здарыцца. Чаканне цуда...

Люблю гэту дзiўную пару. Менавiта снежань. Можа, ён i не надта адпавядае цяпер сваёй назве, але ўсё ж... Штогод дзецi ўсяго свету чакаюць Новы год з асаблiвым хваляваннем, пiшуць пiсьмы, чакаюць падарункаў i з неапiсальна вялiкiм захапленнем ранiцай 1 студзеня заглядваюць пад елку. У сэрцах дарослых (хоць i не кожны прызнаецца) загараецца агеньчык надзеi. Яны спадзяюцца... Толькi не на такiя падарункi, як лялька цi машынка. Адны спадзяюцца на тое, што нешта павiнна змянiцца ў iх жыццi. Iншым хапiла крутых паваротаў лёсу, не жадаюць болей нiякiх змяненняў, адно жаданне – стабiльнасць.

У адзiн з пераднавагоднiх няснежных снежаньскiх дзён у маёй роднай школе праходзiлi ранiшнiкi, баль-маскарад. Мне пашчасцiла пабываць i на адным, i на другiм свяце, быць не проста гледачом, а i вядучай, знаходзiцца ў прыгожай святочнай зале, удзельнiчаць у стварэннi навагодняга настрою i, нарэшце, вадзiць карагоды вакол зялёнай красунi. Што можа быць болей захапляльным заняткам у халодны снежаньскi вечар? Праграма свята была насычанай. Цiкавыя конкурсы, музычны капялюш з прадказаннямi, вясёлыя песнi, вершы, карагоды, танцы... Чаго толькi не адбывалася тут! Задаволенымi засталicя ўсе: i вучнi, i настаўнiкi былi ў цудоўным настроi.


I вось у адзiн такi ж дзiўны вечар, напоўнены таямнiчай смугой, я вырашыла расказаць вам пра гэта. I яшчэ... Мне вельмi б хацелася выказаць сваё жаданне: каб кожная часцiнка людскога свету, каб кожны чалавек, якi б ён не быў, атрымаў у падарунак... шчасце. У чым яно заключаецца? Аб гэтым сказаць не магу – пытанне, якое прымусiць задумацца мудраца! Напэўна, шчасце ў кожнага сваё, асабicтае. Важна адно: калi ў вас ёсць нейкая мара, пра якую вы думаеце штовечар (толькi крануўшыся галавой падушкi), абавязкова зрабiце гэту мару мэтай. Неабходна прыкласцi ўсе намаганнi для яе дасягнення. Не проста марыць, прыкрыўшы вейкi, а кожны дзень рабiць невялiчкi крок наперад – да свае мары, падымацца на ступеньку вышэй. I яшчэ адно пажаданне: каб кожнаму ў навагоднi вечар было з кiм падзялiць кубачак кавы, паглядзець на мiгаценне лiхтарыкаў на елцы i проста паразмаўляць. Задумайцеся : а можа, гэта i ёсць яно – шчасце?..

Ксенiя УРБАНОВIЧ, вучанiца 11 класа Дабравольскага ДС СШ

Предыдущая статья

Новогодний конвейер
Похожие новости