80 гадоў мінула з той пары, калі на нашай шматпакутнай зямлі заціхлі апошнія стрэлы. Зямля даўно залячыла раны, на палях штогод спее залатое калоссе. Растуць дзеці пад мірным небам. Змяняюцца пакаленні, жыццё працягваецца. Але мы не маем права забываць, якою цаной прыйшла да нас Перамога. І колькі жыццяў было загублена, перамелена ў страшэнных жорнах вайны. Любая вайна для любога народа – гэта трагедыя, няшчасце, гора, смерць. Але на долю беларусаў дасталася не толькі Вялікая Айчынная вайна, але і страшэнны генацыд. Татальнае знішчэнне насельніцтва.
Людзі з жоўтымі зоркамі
За тры гады акупацыі фашыстамі былі спалены і разбураны 9200 вёсак, у тым ліку 628 – разам з жыхарамі. Ахвярамі фашысцкай палітыкі генацыда стаў кожны трэцы жыхар Беларусі. Былі замучаны, расстраляны, павешаны на тэрыторыі рэспублікі амаль два з паловай мільёны чалавек. Фашысцкая палітыка – гэта карацельныя аперацыі, лагеры смерці, паказальныя пакаранні, здзекі над нявіннымі людзьмі, дзецьмі, жанчынамі, старымі. Наш народ хацелі паставіць на калені, хацелі зрабіць прыслугамі, сцерці з твару зямлі з неймавернай жорсткасцю. Але пралічыліся. Бо няма і ніколі не будзе такой сілы, якая змагла б зламаць дух беларускага народа, прымусіць яго сагнуцца перад ворагам. Памяць аб тым, што давялося перажыць нашым дзедам і прадзедам, нястомна адгукаецца ў сэрцах хатынскімі званамі, апякае полымем згарэўшых у агні людзей, заклікае дзіцячым плачам, каб памяталі, праз гады, праз вякі… Бо нельга забыць. Каб такое больш ніклі не паўтарылася.
Першага лістапада споўніцца 82 гады з таго дня, калі ва ўрочышчы Вішаўнік былі закатаваны 1536 яўрэяў. Столькі ж не дажыло да крывавай расправы, памёршы ад голаду, холаду і нямецкіх здзекаў у гета. Калісьці ў Свіслачы было шмат яўрэяў. Гарбары, пекары, краўцы, шаўцы, лекары – гэта далёка не поўны спіс прафесій, якія яны асвоілі. Усё, што рабілі яўрэі, было выдатнага гатунку, таму што кожны даражыў сваім рамяством і кожны ведаў сабе цану.
Сярод іх былі таленавітыя людзі, унікальныя самародкі, добрыя, разумныя, адукаваныя. Ды хіба толькі ў Свіслачы? За што ім выпаў такі страшэнны лёс? Мільёны яўрэяў было замучана ў канцлагерах, спаленых у крэматорыях, расстраляных, павешаных, закапаных жывымі ў зямлю. Толькі ў час Халакоста было знішчана шэсць мільёнаў прадстаўнікоў гэтай нацыі. Па гістарычных дадзеных – палова ўсяго міравога яўрэйства, якая жыла ў першай палове ХХ стагоддзя. Сярод гэтых мільёнаў было больш за тры тысячы яўрэяў-свіслачан.
Літаральна з першых дзён акупацыі фашысты распачалі жорсткую антысеміцкую кампанію. Яўрэям было забаронена знаходзіцца ў грамадскіх месцах, карыстацца транспартам, дазвалялася хадзіць толькі па праезднай частцы і толькі па аднаму. У кожнага на грудзях была шасціканцовая зорка. У лістападзе 1941 года ўсім яўрэям было прыказана перасяліцца ў гета. За год знаходжання там іх засталося менш, як палова. Вось тую палову і чакала расправа ва ўрочышчы Вішаўнік.
Як гэта было
Ціха іду па вуліцы. Пад нагамі шурхаціць лісце, пахне восенню. У паветры лётаюць танюсенькія павуцінкі. І сонейка яшчэ так шчодра пасылае на зямлю свае гарачыя праменьчыкі. А неба чыстае-чысцюткае, ні адной аблачынкі. Як хораша жыць на свеце…
Я не ведаю, якім быў той дзень, 1 лістапада 1942 года. Можа, такі ж цёплы і сонечны, і так самашуркатала пад нагамі лісце ў тых, каго фашысцкія нелюдзі вялі на расправу. У свой апошні шлях ішлі тады больш як паўтары тысячы чалавек. Вялізная калона людзей з жоўтымі зоркамі на грудзях. Рухаліся моўчкі. Нямоглых старых і дзяцей везлі на падводах. Усе астатнія – пешшу. Жанчыны неслі на руках маленькіх дзетак, а тыя абвівалі ручанятамі матуль за шыю. Ад гета, адкуль іх вывелі, да Вішаўніка, дзе адбылася расправа над безабароннымі людзьмі, ісці было недалёка. Можа, з паўтара кіламетры. А там ужо быў выкапаны глыбокі роў, побач з якім стаялі нямецкія салдаты з аўтаматамі. Рваліся з павадкоў аўчаркі, гатовыя ўпіцца зубамі ў любога. Ахвяры ўсё бліжэй падыходзілі да месца пакарання. Пачынаюць плакаць напалоханыя дзеці, нешта гаворыць, звяртаючыся да супляменнікаў равін, але брэх сабак і дзіцячыя крыкі заглушваюць яго голас. Людзям загадалі распрануцца да ніжняй бялізны. Да рова падводзілі па 10-15 чалавек і расстрэльвалі. Людзі падалі ў роў, і зямля пад імі залівалася крывёю.
Дзяцей забівалі прыкладамі, альбо кідалі ў роў жывымі. Экзэкуцыя пачалася каля двух гадзін па палудні і працягвалася да позняга вечара.
Аб чым расказвалі сведкі
На тым месцы быў пастаўлены помнік ахвярам. Сюды часта прыязджаюць прадстаўнікі яўрэйскіх абшчынаў гарадоў Мінска, Брэста, Гродна. У полі каля сціплага помніка збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць. Таму што нельга забыць, і дараваць нельга.
Калісці мне не раз даводзілася бываць на такіх сустрэчах. Мароз па скуры ад успамінаў.На тыя сустрэчы прыходзілі людзі, якія былі сведкамі тых далёкіх дзён. Яны расказвалі пра тое, што давялося бачыць. Гэтых людзей ужо няма на свеце. Але іх успаміны засталіся ўпісаныя ў гісторыю навечна.
Марыі Міхайлаўне Саўко з пасёлка Юбілейны было дзесяць гадоў, і тыя жудасныя карціны, якія давялося бачыць, да апошніх дзён не сцерліся з памяці. Вось яе даўні аповед.
“Мы тады ў Дуброве жылі, гэта заблізка адсюль. Бегалі дзецьмі тут. Пасля таго, як расстралялі яўрэяў, мы таксама сюды прыбягалі. Праз зямлю кроў прасачвалася. Цёмная такая сукравіца. А старэйшыя людзі расказвалі, што доўга зямля варушылася над забітымі. Гэта ж і параненыя туды падалі, а вылезці ўжо не далі рады. Ой, як жа страшна было. Злыдні нямецкія, колькі ж яны жыццяў загубілі. І не толькі тут. Амаль у кожнай вёсцы стаяць помнікі нявінным ахвярам. Колькі бяды людзям прынесла вайна. Нельга гэта забываць”.
Вольга Іванаўна Антонік нарадзілася ў Свіслачы. Дзяўчынцы было восем гадкоў, калі яна на свае вочы бачыла, як вялі на расправу людзей.
“Наш дом згарэў у першыя дні вайны. Мы перабраліся жыць да бабулі. У той дзень я выйшла на ганачак. Стаю і бачу, па вуліцы людзі ідуць. Шмат іх было. Жанчыны з дзецьмі на руках ішлі, маладыя хлопцы, дзяўчаты. А ззаду ехалі падводы. На іх сядзелі невялічкія дзеці і старыя дзяды з бабулямі. У дзядоў рукі на каленях ляжалі. Па баках немцы ішлі з аўтаматамі і сабакамі. Было страшна. Я паглядала і нічога не разумела. Адкуль мне было ведаць, што ўсіх гэтых людзей на смерць вядуць і вязуць. Дзядзька мой потым расказваў, як там усё было. Барані, Божа, каб такое калі паўтарылася. Нічога страшнейшага няма за вайну”.
Яшчэ адна відавочца Лідзія Яфімаўна Бартош таксма была маленькай дзяўчынкай. Але тыя страшэнныя эпізоды на ўсё жыццё засталіся ў памяці пакуль білася сэрца.
“У той дзень я з другімі дзецьмі хадзіла па полі, дзе ўжо была прыбрана морква, з надзеяй, што хоць некалькі марковак знойдзем, бо голадна было вельмі. І тут бачым, ідзе калона. А за ёю падводы едуць. Мы праводзілі позіркамі тыя падводы і пабеглі далей моркву шукаць. А праз нейкі час чуем збоку Вішаўніка крыкі страшныя, плач дзіцячы і стрэлы, стрэлы, стрэлы… Мы спалохаліся і дадому пабеглі. А хутка тата прыйшоў. Ён недалёка ад Вішаўніка зямлю араў. Расказаў, што прыгналі яўрэяў маладых і загадалі капаць яму. А яго дадому прагналі. Ён потым таксама чуў тыя стрэлы, і крыкі, і дзіцячы плач.
Потым ужо, вясною, на тым месцы трава вырасла, такая зялёная-зялёная і сакавітая. Мы, дзеці, недалёка кароў пасвілі. Дык некалькі кароў адарваліся ад статка і пайшлі да той травы. А там кроў пачулі, відаць, бо так рванулі адтуль, што мы іх ледзьве дагналі”.
Роўна 20 гадоў таму, у Свіслач шаноўнаму жыхару горада, Аляксандру Палубінскаму, якога таксама ўжо няма на свеце, прыйшоў ліст з Ізраіля ад Мелеха Шалева, сына аднаго з нямногіх, хто застаўся жывым, таму што пакінуў горад у чэрвені 1941-га, за некалькі дзён да акупацыі. Праз 60 гадоў пасля расправы над яго супляменнікамі, сын прыязжаў у Свіслач, наведваў Вішаўнік, пазнаёміўся з многімі свіслачанамі, у тым ліку і з Аляксандрам Сямёнавічам. А потым прыслаў яму ліст. Вось радкі з яго. “Потомки еврейского сообщества, хоть они разбросаны по многим странам и континентам, не забыли о городе Свислочь. У них особые отношения к городу, даже если большинство из них даже никогда там не бывали. Знайте, что в разных странах, далеко и рядом, есть те которые могут найти свои корни в городе Свислочь и те, кто с Вами солидарен душой и памятью. Всем, кто живет в этом городе сегодня, я шлю привет и прошу, чтобы вы никогда не забывали о существовавшей еврейской общине, которой больше нет. Эти люди жили когда-то среди вас, рядом с вашими отцами, дедами. Их потомков немного и они рассеяны по разным странам. И нет никого, кто мог бы поклониться праху невинно загубленных сородичей. Я призываю вас сделать это. И заранее благодарю”.
… Я ціха іду па вуліцы. Пад нагамі шурхаціць лісце. На хвіліну затрымліваюся, закрываю вочы і, здаецца, чую крокі. І рыпанне калёс падводаў. У вачах паўстае жудасная карціна: вялізная калона людзей ідзе ў напрамку Вішаўніка. На згубу… Падымаю вочы да неба, прашу Бога, каб захіснуў маю Радзіму ад бяды, малю, каб ніколі-ніколі ніхто больш не прайшоў калонаю ў апошні свой шлях…
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»