banner

Ах, успаміны, успаміны…

02 Июля’14
1830
Ах, успаміны, успаміны…Імкліва прабегла па зямлі прыгажуня-вясна. Ужо лета сыпле дажджом.
У такія дажджлівыя дні і думкі прыходзяць не асабліва радасныя. Аляксандра Іосіфаўна Цыбовіч колькі гадоў сам насам са сваімі думкамі, з адзінай "сяброўкай” – бяссонніцай. 
З вышыні свайго ўзросту – у сакавіку споўнілася 88 – яна добра разумее, што адна толькі сцежка і засталася ў жыцці – на той ясны і светлы пагост, дзе даўно ўжо адпачываюць усе яе родныя і блізкія. Праз доўгія гады яна нясе невытрымальны боль за ўсе свае страты…
Акурат на Каляды зімой 43-га малую кволую дзяўчынку Шуру немцы забралі ў Свіслач у турму. Разам з ёй туды прывезлі Ніну Мілько з Грынок, яшчэ некалькі дзяўчат. Шуры не было і 16-ці. Колькі нацярпеліся страху за два тыдні, што сядзелі ў бараку. Немцы зверскі білі яўрэяў. А яны, маладзенькія дзяўчаткі, здавалася, ўрасталі ў сцены, так туліліся ад адчаю і роспачы. Пазней дайшлі чуткі, што ўсіх арыштаваных яўрэяў расстралялі. А потым хлопцаў і дзяўчат адвезлі ў Ваўкавыск, пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Беласток. Слёз ужо не было, адзін толькі страх напаўняў усё цела. Тры дні іх аглядалі ўрачы – уважліва і акуратна. А потым тры доўгія месяцы Шура правяла ў турме ў горадзе Клайпедзе. Нарэшце яе забраў да сябе на працу "гаспадар”. Ён быў не з багатых немцаў. Гаспадарка не вельмі вялікая. Жонка яго ўвесь час хварэла. Вось Шура і стала дапамагаць дома і на агародзе. Апошнія тры месяцы перад Перамогай трапіла ў канцлагер у Варшаве. Працаваць прыходзілася цяжка на лесанарыхтоўках. А сустрэлася дзяўчына з роднай вёсачкай Бязводнікі напрыканцы вясны 45-га.
Яна вярнулася бадай што ў нікуды. Родны дом згарэў яшчэ перад вайной. Маці з бацькам працавалі як маглі, каб мець свой куток. Паднялі зруб, наладзілі страху – усё паціху, бо сем рацянят было ў сям’і. І толькі-толькі засяліліся як здарыўся пажар. Хата гарэла ноччу. У адзін момант Шура сцяміла, схапіла малодшага брата Івана і вынесла з дому. Кінула яго на дарозе, а сама са страху ўцякла і схавалася… 
Ах, успаміны, успаміны…З гэтага выпадку цяжка захварэла маці. І з 13 гадоў пайшла Шура працаваць да людзей, каб зарабіць сабе на кавалак хлеба. Усяго тры класы пачатковай школы правучылася дзяўчынка, як пачалася вайна…
Пасляваеннае жыццё было галодным і халодным, але ў людзей ад радасці свяціліся вочы – можна жыць, працаваць, марыць аб будучыні. Шура, як і многія маладыя людзі ў той час, паехала зарабляць на жыццё ў Карэлію. Але вельмі хацелася дадому. Яна вярнулася і асела назаўсёды ў сваёй роднай вёсачцы Бязводнікі.
Самай вялікай марай Аляксандры было пабудаваць свой дом. І час дасягнення яе мары быў, бадай, самым цяжкім…
У вялікі, высокі і ўтульны дом сям’я Цыбовічаў перайшла з асаблівай радасцю ў душы… 
Апошнія дзесяць гадоў перад пенсіяй Аляксандра Іосіфаўна працавала паштальёнам у дружным невялікім калектыве паштовага аддзялення Мяльнова. Яна была жаданай у кожнай хаце, і менавіта гэта праца прыносіла своеасаблівую асалоду і задавальненне. 
– Якой цяжкай была паштовая сумка, вы не ўяўляеце, – успамінае Аляксандра Іосіфаўна. – З хаты ў хату выпісвалі часопісы "Советский Красный Крест”, "Здоровье”, "Работніца і сялянка”, па тры-чатыры газеты. А колькі лістоў дасылалі. Шмат хлопцаў у арміі служыла. Пад святы адных толькі віншавальных паштовак было не ўпакаваць. Асабліва цяжка прыходзілася ўзімку. Сумёты, дарогі не відаць, цямнее рана… А паштальёна чакалі ўсе… 
Аляксандра Іосіфаўна заўсёды марыла аб вялікай, дружнай сям’і, але лёс не даў ёй дачакацца ўнукаў. Адзіны яе сынок Пеця так і не прывёў нявесту ў бацькоўскі дом, ніхто не назваў яе любай бабуляй. Цяжкая хвароба даўно забрала яго, таму шмат гадоў так няўтульна і нярадасна  гаспадыні ў светлым доме.
Днямі старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Марыя Фёдараўна Качко ўручыла Аляксандры Іосіфаўне медаль "70 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Павіншавала з надыходзячым святам і пажадала моцнага здароўя. А Аксана Пракопік, начальнік паштовага аддзялення Грынкі, уручыла матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы. Вельмі расчулілася жанчына: у вачах няпрошаныя слёзы, а ў галаве адразу ўспаміны…
Такі ж медаль атрымала і Зінаіда Міхайлаўна Сахарчук, жыхарка вёскі Грынкі. Зінаіда Міхайлаўна таксама была ў Нямеччыне. Яна трапіла ў Германію ў 43-м годзе, таксама працавала ў гаспадароў і нават не спадзявалася вярнуцца да роднага парога. Але акупант вясной 45-га адпусціў дадому. Дарога да роднага гнязда была, бадай, самай доўгай у яе жыцці…
На пачатку гэтага года – 8 студзеня – Зінаіда Міхайлаўна адзначыла сваё 90-годдзе…
Хата зноў, як калісьці звінела галасамі дзяцей, унукаў і праўнукаў, любых яе сэрцу людзей. На жаль, за святочным сталом не было мужа Георгія Якаўлевіча, з якім у любові і павазе пражылі яны 56 гадоў. Даўно няма побач і яе сыноў Ігара і Пятра…
Лёсы, людскія лёсы… Яны такія розныя і такія падобныя… Кожная з маіх гераінь была шчаслівай і няшчаснай. Дзякуй Богу, што кахалі, што мелі шчасце быць маці… Што месца ў жыцці сваё знайшлі…
Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі

Предыдущая статья

На планерке у председателя райисполкома