Лагодны сёлетні лістапад прынёс ва ўтульны дом Валянціны Васільеўны Шмыгі свята – 80-гадовы юбілей. Здаецца, і не жыла: гады праляцелі, нібы птушкі ў вырай. А калі задумацца, зазірнуць, як кажуць за небакрай – турботы і клопаты толькі пачынаюцца: падрастаюць праўнукі…
Бедна жыла сям’я Варонкаў. Пяцёра дзетак паднімаліся, перабіваліся з вады на квас. А тут яшчэ адна бяда – вайна. І доўгія-доўгія тры гады страху, холаду і голаду…
Бацька заўсёды паўтараў дзецям: «Вучыцеся, дзеткі, усяму, чаму можна. Усё спатрэбіцца ў жыцці». Так і рабіла маленькая Валя, прыглядалася да дарослых, старалася дапамагчы ва ўсім. Яна любіла, калі доўгімі зімовымі вечарамі збіралася ўся сям’я. Ціха лілася гутарка, гучалі задушэўныя песні, а рукі рабілі сваю работу: ці ткалі, ці пралі.
Вось так памаленьку і сама дакранулася да ўсяго гэтага хараства. Колькі сябе памятае, праз усё яе жыццё прайшоў лён. Якая смачная была бульба з патоўчаным ільняным насеннем. Якую асалоду адчулі калгаснікі, калі лён у гаспадарцы пачаў даваць добры прыбытак. Ды і за ткацкім станком працаваць з ільном яна любіла больш за ўсё. Успамінаюцца доўгія-доўгія рады льняных «бабак». А яны, маладыя гарэзлівыя дзяўчаты, з ранку да вечара на полі. Праца ў льнаводчых брыгадах у 60-80 гады вельмі была ў пашане. Асаблівай увагі лён патрабаваў на канец жніўня і пачатак восені. Яго рвалі, рассцілалі роўнымі радкамі, а праз некалькі дзён, калі вылежыцца ды насыціцца чыстымі росамі, ставілі ў снапы – «бабкі». Ласкавы ветрык, гуляючы, сушыў лянок, а рукі дзяўчат, мяккія і зграбныя, папраўлялі кожную сцяблінку перад тым, як адправіць на прыёмны пункт.
Колькі ж было радасці і гонару, калі лён прымалі вышэйшым гатункам!
Ільнаводкі калгаса імя К. Каліноўскага заўсёды трымалі марку. Нездарма ў 1985 годзе калгас займае першае месца ў рэспубліцы па вырошчванні льну і ўзнагароджваецца Чырвоным Сцягам, а лепшыя з калгаснікаў пабывалі ў тым годзе на ВДНГ у Маскве і атрымалі высокія заслужаныя ўзнагароды.
Валянціны Васільеўны сярод іх, на жаль, не было. Але яна вельмі цешылася поспехам сваіх сябровак.
Наогул, усё сваё жыццё гэтая працавітая кабета вылучалася сваёй сціпласцю. Яна ніколі нікому не жалілася ні на стому, ні на бяссонныя ночы, ні на хваробы… Кожны дзень заўсёды праходзіў па намечанаму раскладу, роўна, без лішняй мітусні.
І сёння ў свае 80 яна ўсё такая ж сціплая. А ўсмешка яе, шчырая і добразычлівая, здаецца, ніколі не сыходзіць з твару…
Як і кожная дзяўчына, Валя марыла аб сваёй сям’і, аб доме. У чэрвені 1957 года, акурат на Сёмуху згулялі вяселле з тутэйшым хлопцам. Прывёў Аляксей маладую жонку ў бацькоўскі дом, які стаў для яе родным. Двое дзетак – дачку і сына – выгадавалі, вывелі ў людзі. І вось ужо 56 гадоў ідуць па жыцці разам.
– А ці спраўлялі вы льняное вяселле? – пытаюся ў гаспадынькі. – Яно праз чатыры гады пасля шлюбу.
– Што вы! Хіба да гэтага было? Ад цямна і да цямна на працы былі. Заўсёды трымалі хатнюю гаспадарку.
А кожную вольную хвілінку ў той час я выкарыстоўвала, каб сесці за кросны ці калаўрот. Вельмі добрай майстрыхай была мужава сястра – Алена. Вось мы разам з ёй усё і рабілі: і лён рыхтавалі, і падбіралі колеры (свае ў гэтай справе існавалі хітрыкі), а потым думалі над узорам і тады прыступалі да ткацтва.
Дарэчы! Умелі весяліцца нашы людзі. Па звычаі, да чацвёртай гадавіны вяселля жанчына павінна была саткаць і сшыць ільняную прасціну, якую сцялілі ў той жа вечар і зберагалі ўсё жыццё. Апроч таго, мужу дарылася льняная кашуля, у якой гаспадар сустракаў гасцей і праводзіў увесь вечар. На жонцы красаваўся льняны сарафан, а госці абсыпалі маладых насеннем ільну.
І калі Валянціна ў рукі брала чаўнок, ткацкі станок і яна, здаецца, рабіліся адзіным цэлым. Расцвіталі на яе дыванах цуда-кветкі, сяліліся тут райскія птушкі…
Усё жыццё Валянціна Васільеўна працавала ў калгасе. Нават на пенсіі ўжо была, а ніяк не магла ўседзець дома: з сяброўкамі спяшалася на працу ў калгас.
А зімою любімы занятак – рукадзелле. Усё ўмее яна: шыць, вышываць, вязаць.
Дачка Вольга вывучылася і таксама шые.
Улетку Валянціна Васільеўна бярэ свой любімы веласіпед – і ў лес, дзе кожны кусцік, кожная сцяжыначка знаёмыя. Грыбы ды ягады з вялікай ахвотай збірае. Ды і дыхаецца так ў лесе лёгка!
Зараз свае льняныя вырабы майстрыха дастае з куфра рэдка. З любоўю, каб ветрык пагуляў ды сонейка палашчыла, прасушвае некалькі дзён.
Ды аддае на выставы. У музеі лёну ў мясцовай школе дэманстраваліся, ды і ў раённым музеі, на розных святах у клубе.
Дарэчы! Музей ільну адкрыўся ў Грынкаўскім дзіцячым садзе-агульнаадукацыйнай школе некалькі гадоў назад. Наведаўшы яго, вы пазнаёміцеся з прыладамі працы па апрацоўцы лёну, з гісторыяй яго вырошчвання ў мясцовай гаспадарцы, убачыце вырабы народных майстроў, палюбуецеся льняным снапком, бо лён апошнім часам для нас – рарытэт.
Экскурсаводы наладзяць вам цікавую экскурсію, а вы дакранецеся да гісторыі гэтай даўняй расліны.
– Ці моднічалі калісь у льняным адзенні? Так, былі і спадніцы, і кашулі. У дзяцінстве з грубага льну, потым нітка рабілася ўсё танчэйшай і лагоднейшай – валакно навучыліся абрабляць. Аднак прыйшлі новыя тканіны. Канешне, хацелася выглядаць не горш за ўсіх. А вось на льняных просцінах спім і цяпер, мяхі, ручнікі таксама ў побыце. Дыванамі карысталіся менш, а вось ходнікі заўсёды на падлозе, – расказвае Валянціна Васільеўна.
Дарэчы! З 2005 года Беларускі цэнтр моды праводзіў «Фестываль ільну». У 2010 годзе «Феерия льна» прайшла ў рамках «Славянскага базара» ў Віцебску. У ім бяруць удзел як мадэльеры, так і розныя прадпрыемствы. Галоўная мэта свята – паказаць прыгажосць вырабаў з «беларускага шоўку». Фестываль апошнім часам набыў статус міжнароднага і даказвае, што льняныя вырабы сапраўды модныя.
Апошнім часам ільну зноў надаюць вялікую ўвагу. Будзем спадзявацца, што мы, як і некалі, з гонарам і любоўю вернем нашы беларускія льняныя палеткі.
А каб вы зусім не забыліся пра цудоўнейшую каштоўную расліну – наведайце днямі раённы краязнаўчы музей, дзе размешчана выстава нашай грынкаўскай майстрыхі Валянціны Васільеўны Шмыгі. Палюбуйцеся ўсім тым, што зроблена яе залатымі рукамі. Дакраніцеся да сцяблінак ільну, і вам абавязкова адгукнецца: «Ой, сэрца, лянок, мая радасць ты, лянок».
Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі