banner

Аграсядзібы запрашаюць

10 Июня’13
1831
Аграсядзібы запрашаюцьПа ініцыятыве рэспубліканскага грамадска-кансультацыйнага савета па развіцці аграэкатурызму пры дэпартаменце па турызму ў апошнюю нядзелю мая праводзіўся Дзень адчыненых дзвярэй на аграсядзібах Беларусі. Галоўная мэта – прыцягнуць увагу грамадскасці і СМІ да тэмы сельскага турызму, дапамагчы папулярызацыі нацыянальнага турпрадукту на знешніх рынках, узняць прэстыж гэтай сферы турызму, падштурхнуць аграсядзібы да таго, каб пашыраць колькасць прадастаўляемых паслуг і павышаць іх якасць.
Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова паведаміла, што гэта мерапрыемства мяркуецца надалей зрабіць святам аграэкатурызму.
Аграсядзібы запрашаюцьУ гэты дзень усе жадаючыя бясплатна або за сімвалічны кошт маглі наведаць любую аграсядзібу, азнаёміцца з пералікам яе паслуг, магчымасцямі для арганізацыі адпачынку і аздараўлення, а таксама прадэгуставаць лакальны прадукт, набыць сувеніры. Такая акцыя напярэдадні летняга сезона павінна прыцягнуць вялікую ўвагу да сельскага турызму і забяспечыць істотны рост колькасці адпачываючых у вёсцы.
Гаспадары аграсядзіб, якія напярэдадні падалі заяўку на ўключэнне іх у праект, рыхтаваліся да сустрэчы гасцей і стараліся праводзіць самыя розныя мерапрыемствы.
Аграсядзібы запрашаюцьУ складзе ўдзельнікаў трэнінгу пашчасціла наведацца на асобныя аграсядзібы Гродзенскага раёна. Пераважна гэта былі аб’екты, што трапілі ў якасці партнёраў у праект па стварэнні турысцкай дэстынацыі "Зялёны абярэг Гародні”. Разам з калегамі-журналістамі наведалі аграсядзібы "Царскае сяло”, "Дамашні ачаг”, "Хата магната”, "Анетта”, "Ля Свяцка”. Асаблівых "фішак” пабачыць не давялося, хоць парадавалі гаспадары "Дамашняга ачага” і "Ля Свяцка”. Адны – арыгінальным дызайнам і птушнікам з галубятняй, другія – утульнасцю і зручнасцю для наведвальнікаў (сядзіба знаходзіцца побач з шашой). Сваім пастаянным наведвальнікам гаспадыня аграсядзібы "Дамашні ачаг” Аксана Бергер прапаноўвае турыстычныя экскурсіі, маршруты якіх яна распрацоўвае сама, а таксама сістэму скідак, што распаўсюджваюцца на ўсіх кліентаў, якія карыстаюцца паслугамі так званага дысконтнага клуба – грамадскай арганізацыі па аказанні турыстычных паслуг. У большасці ж выпадкаў гаспадары могуць прапанаваць традыцыйны набор: дах над галавой, лазню, мангал, банкетную залу для карпаратываў, юбілеяў ці іншых урачыстасцей. Хаця многія маюць "напалеонаўскія” планы і хочацца верыць, што, аб’яднаўшыся ў талаку з турагенцтвамі, прадстаўнікамі сферы культуры і спорту, а таксама прыцягнуўшы да партнёрства рамеснікаў, майстроў і наогул ініцыятыўных творчых людзей, усе разам здолеюць стварыць вартасны турыстычны прадукт, які будзе запатрабаваны не толькі айчыннымі аматарамі сельскага адпачынку, але і гасцямі з-за мяжы.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
На здымках: запрашае «Хата Магната», аграсядзіба «Ля Свяцка»; вабіць вока «Дамашні ачаг».

Предыдущая статья

О дорогах, автолавках, ловле рыбы