Светлакосы салдат Зіна Шлапакова

04 Марта’25
738

Восем дзесяцігоддзяў мы жывём пад мірным небам. Зямля даўно залячыла раны ад мін і снарадаў. Штогод на палях рунеюць жыта і пшаніца, цвітуць на лугах рамонкі, на папялішчах выраслі новыя дамы. Ужо пятае пакаленне расце, не ведаючы, што такое вайна. Штодня ўзыходзіць сонейка ў бясхмарнай нябеснай сіні.

Мы ўжо прывыклі, мы не так часта думаем аб тым, якой цаной нам у спадчыну дастаўся сённяшні мірны дзень. А трэба думаць. І памятаць трэба! І расказваць аб тых, хто прайшоў той пякельны шлях. Яшчэ ўчора яны жылі сярод нас, старэнькія, сівенькія ветэраны. Крочылі ў калонах у парк на Дзень Перамогі, пазвоньваючы ўзнагародамі на пінжаках, і слёзы беглі па худых шчаках, калі слухалі песню “День Победы”. Сярод ветэранаў былі і жанчыны. Яны нараўне з мужчынамі набліжалі дзень пераможны.

Наш новы праект прысвечаны ім, жанчынам, чый лёс быў звязаны з вайною. У той час яны былі маладзенькімі, сціплымі дзяўчаткамі, якія з-пад матулінага крыла пайшлі на фронт і ваявалі побач з мужчынамі. Яны таксама былі салдатамі, воінамі, вызваліцелямі. Няхай яны “уваскрэснуць” на старонках газеты, і мы разам з імі пройдзем у ваенным шынялі і салдацкіх ботах той цярністы шлях, які выпаў на іх долю.

Гісторыя ветэрана вайны, былой сувязісткі 1406-га зенітна-артылерыйскага палка Зінаіды Шлапаковай (Дмухоўскай), якая нараўне з мужчынамі заваёўвала для нас Вялікую Перамогу.


У лес – да партызанаў

Жанчына і вайна – паняцці несумяшчальныя. Жанчына перш за ўсё маці, прадаўжальніца роду, дабрыні, любові, пяшчоты. А вайна – гэта смерць, разруха, страты, боль, слёзы. Але ў цяжкія для краіны часы выпрабаванняў і бедаў жанчыны разам з мужчынамі прымалі на сябе ўсе цяжкасці лёсу. У гады Вялікай Айчыннай вайны яны не толькі перавязвалі раненых, а былі снайперамі, ляталі на самалётах, падрывалі масты, хадзілі ў разведку, адважна змагаліся ў тыле ворага.

Наш аповед сёння пойдзе пра ветэрана вайны, былую сувязістку 1406-га зенітна-артылерыйскага палка Зінаіду Шлапакову (Дмухоўскую). Яна нарадзілася ў вёсцы Дуброўка на Віцебшчыне ў вялікай і дружнай сям’і. Акрамя Зінаіды, у бацькоў было яшчэ васьмёра дзяцей. Да вайны старэйшыя паспелі стварыць свае сем’і, нарадзіць дзетак. Зінаідзе споўнілася шаснаццаць гадоў, калі грымнула вайна.

У Дуброўку немцы наляцелі, як чорныя крумкачы, і адразу пачалі гаспадарыць. Дарослых і падлеткаў выганялі на рамонт дарогі, здзекваліся з іх. За найменшую правіннасць маглі нават павесіць, зганялі ўсіх вяскоўцаў і прымушалі глядзець на тое пакаранне.

А потым маладых юнакоў і дзяўчат пачалі вывозіць у Германію. У той чорны спіс трапіла і юная Зіна. Моладзь сабралі і павезлі ў Віцебск. Там пагналі на тэрыторыю, абгароджаную калючым дротам. Па некалькі чалавек выклікалі на камісію. Нямецкія дактары дакладна аглядалі будучых рабоў, баяліся інфекцыйных хваробаў, у тым ліку і каросты. Ведаючы гэта, дзяўчаты наўмысна секлі сябе крапівою, каб цела пакрывалася чырвонымі плямамі, сыпам, нагадваючы тую хваробу. На некаторы час гэта ратавала ад зняволення. Аднагодка Зіны з суседняй вёскі наўмысна адрубала сабе два пальцы, каб пазбегнуць адпраўкі ў Германію. Зіна сцёбала сябе з усёй сілы пякучкаю, не чуючы тых апёкаў. Моцна парэзала палец і націрала яго ядавітым зеллем, каб не гаіўся. Палец распух і нясцерпна балеў, але страх перад чужынаю быў значна большы за той боль. Лёс злітаваўся над дзяўчынай. Немцы на два тыдні адпусцілі яе дахаты.

Многія сем’і, ратуючыся ад фашыстаў, кінуліся ў лес. Падаліся туды і Шлапаковы. Так Зіна стала партызанкай. Хадзіла на заданні, дапамагала жанчынам на кухні, прыглядвала за дзецьмі. Старэйшыя хлопцы і дзяўчаты прасіліся на фронт. Зіна таксама не раз пісала заяву. Яе не бралі, бо была непаўналетняя. Толькі ў 1943-м прыйшла ёй павестка з ваенкамата. Яна цешылася: пойдзе змагацца з ненавісным ворагам. Адправілі дзяўчыну на курсы вадзіцеляў. А адтуль – на фронт.

Пра яе напісана ў кнізе

Перада мной ляжыць кніга, якую напісаў камандзір 1406-га зенітна-артыллерыйскага палка Пётр Цітовіч. На яе старонках аповед пра тое, як змагаліся артылерысты палка з лютым ворагам, набліжаючы Дзень Перамогі. У кнізе вельмі шмат імёнаў, прозвішчаў. Камандзіры, радавыя, зусім маладзенькія і старэйшыя. Апісваюцца іх подзвігі, трагічныя моманты баёў. Сярод тых імёнаў ёсць імя дзяўчыны з Беларусі, маладзенькай тэлефаністкі – Зіны Шлапаковай.

На тытульнай старонцы кнігі роўным почыркам аўтара выведзена: “Храброй и смелой, доблестной и скромной защитнице Родины в годы Великой Отечественной войны Дмуховской (Шлапаковой) Зинаиде Дмитриевне. От автора”.

У гэтай кнізе ёсць радкі пра юную Зіну:

“К концу августа прибыли с пополнением две девушки в качестве шоферов. Этого еще не доставало… Рассказывают, что учили только “ГАЗ-АА”, а тут “Студебеккеры” и “Доджи”. Машин этих они не занют, да и практики вождения почти не имеют. Пришлось назначить телефонистками.

Они обиделись. А Зина спросила: “А винтовку дадите?”. Им все пообещали и направили в подразделение”.

“… Шлапакову Зину берегли все. Однажды она решила сходить за хворостом, и снайпер ранил ее в руку. Саша Захаров, беспокоясь за Зину, доложил командиру. Разра-зилась гроза. Почему не уберегли? Шлапакова в госпиталь убыть отказалась. Через несколько дней снова обстрел, и снова осколки и пули не миновали Зину. Но ранение было легким”.

“… Потом вспоминали седые ветераны при встрече, как они в молодости ревностно берегли, охраняли белокурую, красивую белоруску Зину. В дальнейшем убедились зенитчики, что не кисейные барышни, а дети многострадальной республики к ним прибыли, чтобы мстить за поруганную землю, за убитых родных, за пепел жилищ”.

Аднойчы юная сувязістка атрымала тэрміновае заданне адшукаць у лесе чацвёртую батарэю, сувязь з якой была страчана. Дзяўчыне закінулі на плечы цяжкую катушку – і наперад, у глыб незнаёмага лесу. Яна доўга блукала па глухіх сцежках. Даведалася, што байцы трапілі ў акружэнне. А тут прагрымеў выбух. Зіна атрымала цяжкае асколачнае раненне ў нагу. Ад шпіталя адмовілася ўжо другі раз. Баялася згубіць родную часць, бо прырасла да яе душою. Дзяўчыну аперыраваў палкавы хірург у перапынку паміж баямі. Без абязбольваючага. Зіна сцярпела невыносны боль і засталася-такі ў сваім палку. Яе забяспечылі мыліцамі і адправілі “на рэабілітацыю” на кухню ў якасці памочніцы.

Зажыла рана, і зноў Зіна з цяжкаю катушкаю на плячах спяшалася наладзіць сувязь, дапамагала санінструктарам перавязваць параненых, калі бачыла, што шмат байцоў сцякаюць крывёю, а санінструктар адначасова ўсім дапамагчы не дае рады. Зіна падбадзёрвала салдатаў сваім звонкім галаском, прывабнай усмешкай, прыдавала ўпэўненасці, што выжывуць, вернуцца і далей будуць біць фашыстаў.

Перамогу Зіна Шлапакова сустрэла ў Кёнігсбергу. Гэта была такая радасць, якую немагчыма перадаць словамі. Моцныя мужыкі, прайшоўшы неімаверна цяжкі баявы шлях, плакалі, як дзеці, і не саромеліся сваіх слёз.

У камандзіроўку – насустрач лёсу

Дадому Зіна вярнулася ў канцы чэрвеня 1945-га. На грудзях маладой дзяўчыны золатам гарэлі ордэн Славы ІІІ ступені, медаль “За баявыя заслугі”. Трошкі пазней дабавіліся яшчэ медаль “За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг”, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікія юбілейныя медалі.

На час вяртання Зіны маці цяжка хварэла. На яе руках былі яшчэ пяцёра дзяцей, двое з іх – асірацеўшыя пляменнікі. Зіна дапамагала, як магла, падгадоўвала дзяцей, даглядала хворую маці. І як толькі выпала магчымасць, паехала у Гродна, куды яе паклікаў аднапалчанін, там ўладкавалася на працу ў аддзяленне гарадскога паштамта.

Аднойчы ёй выпала камандзіроўка ў Поразава. Не ведала тады дзяўчына, адпраўляючыся ў дарогу, што едзе насустрач свайму лёсу. Тут яна сустрэла свайго будучага мужа Альбіна Дмухоўскага. Згулялі вяселле. Зіна ўладкавалася на працу ў мясцовы вузел сувязі. Працавала там шмат гадоў. Адтуль пайшла на пенсію. Мела шмат ганаровых грамат, падзяк. Як ваявала, так і працавала – сумленна і шчыра. Выгадавалі з мужам дзвюх дачушак – Яніну і Ірыну.  

Зінаіда Дзмітрыеўна пражыла на свеце амаль 95 гадоў. Апошнія гады жыла з дачкою Янінай, якая беражліва захоўвае памяць аб родным чалавеку. Узнагароды, фотаздымкі, нават чырвонаармейская кніжка захавалася. На сценах, на стале партрэты маці. Дачка з цеплынёю расказвае пра сваю матулю, з гонарам гаворыць аб тым, што Дзень Перамогі набліжала і яе маці, светлавалосая дзяўчына Зіна Шлапакова.

– Ведаеце, мама рэдка расказвала пра вайну, – дзеліцца ўспамінамі Яніна Альбінаўна. – А калі ўспамінала, заўсёды плакала. Ёй было балюча пра гэта гаварыць. Яе запрашалі ў школу, прасілі падзяліцца ўспамінамі, а ёй так цяжка было вяртацца ў тыя суровыя дні. І мне сёння цяжка ўявіць сабе, як яна, зусім маладзенькая, танюсенькая, цягала на плячах тую катушку, калі прыходзілася ёй наладж-ваць сувязь, а вакол ірваліся бомбы, свісталі кулі. Як яна ўсё гэта перанесла на сваіх слабенькіх плячах? І ці толькі яна?! Колькі такіх дзяўчатак прайшлі праз вайну, колькі іх не вярнулася дадому. Светлая ім памяць. Паклон да зямлі.  



Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіва сям'і

Предыдущая статья

Падарожжа да роднага дома