Ганна Яхімаўна Чачыла пражыла выпрабаваннi вайны и нялёгкага лёсу

09 Августа’25
763


Дваццаць гадоў таму была ў мяне сустрэча з Ганнай Яхімаўнай Чачыла. На той час яна ўжо амаль чатырнаццаць гадоў была прыкавана да ложка, але духам была моцнай, і аптымізму гэтай скаванай хваробай бабулі мог пазайздросціць абсалютна здаровы чалавек. І памяць была ў яе яснай. У той памяці захавалася ўсё да драбнюткіх падрабязнасцей з таго моманту, як пачала ўсведамляць сябе на свеце і да глыбокай старасці. 

Выпрабаванні лёсу

Ганне пайшоў дзявяты год, калі не стала таты. Яхім Чачыла быў старшынёю сельсавета, яго паважалі людзі, але заўсёды былі такія, хто шукаў чорнае сярод белага. Шостага студзеня, акурат перад Ражством Хрыстовым, прыехаў чорны “варанок” пад хату, і бацьку забралі. Маці Анастасія хадзіла ў Гомель, дзе знаходзіўся ў турме бацька, прасіла, маліла, каб дазволілі пабачыць мужа, але ніхто яе не чуў. Бацьку расстралялі праз два месяцы, акурат перад святам 8 Сакавіка. 

Маці засталася з дзвюма дачушкамі. Малодшай Ніне не было і трох. Туга прыйшлося і маці, і дзяўчынкам. Але гэтыя цяжкасці загартоўвалі характар матулі і дзяцей. Яны ведалі, што спадзявацца можна толькі на саміх сябе, і наперакор усяму высока трымалі галаву і жылі з надзеяй на лепшыя дні. 

Але наступілі горшыя... 

У 1941-м пачалася вайна. Вёска Сямёнаўка стаяла блізка каля лесу, многія вяскоўцы падаліся ў партызаны. Немцы пра гэта даведаліся, і аднойчы прыехаў атрад карнікаў. Людзей выпіхвалі прыкладамі з хатаў, заганялі на машыны. Стаяў страшэнны крык, плакалі дзеці, брахалі сабакі, раўлі каровы. Нельга перадаць, які жах тварыўся ў Сямёнаўцы. Некаторым удалося ўцячы ў лес. Сярод апошніх была і Анастасія Чачыла з дзецьмі. Немцы спалілі сяло датла. Агонь падымаўся да неба, і чорным дымам быў засланы ўвесь белы свет.

Людзі, якія паспелі ўцячы, жылі ў лесе, у на скорую руку пабудаваных зямлянках. З ежы былі толькі лясныя ягады, дзікі шчавей, грыбы. Некаторыя вырашылі вярнуцца на сваё папялішча. Там заставаліся скляпы, у якіх можна было жыць, печы, якіх не здолеў разбурыць агонь і дзе можна было нешта прыгатаваць. Анастасія Чачыла таксама павяла сваіх дзяўчынак да спаленага гнязда. І тут, адкуль ні вазьміся, зноў наляцелі немцы. Заўважылі жанчыну з дзецьмі і пачалі страляць. “Падайце”, – паспела крыкнуць маці, і ўсе ўпалі ніцма на зямлю. Немцы паехалі, а маці з дачушкамі пайшла да суседзяў. Тыя ўжо выкапалі сабе зямлянку на месцы спаленай хаты. Суседзі іх прынялі да сябе. А праз нейкі час напаткала новая бяда: усіх паклаў тыф. Маці аказалася самай моцнай. Адну толькі яе не зваліла хвароба. Яна выходжвала хворых, карміла ягадамі, варыла суп з лебяды, пякла праснакі з перацертага насення канюшыны. Паціху хворыя пачалі падымацца з пасцелі. Самі ўжо хадзілі ў лес, шукалі хоць якую ежу. Толькі дзядуля быў яшчэ слабы і не мог хадзіць. І калі фашысты зноў прыехалі ў сяло, каб знішчыць і зямлянкі, пабудаваныя на галавешках былых дамоў, ён не змог уцячы. Яго спалілі ў зямлянцы жыўцом… 

Санітарны цягнік

Ганна пайшла на курсы вучыцца на медыцынскую сястру. А тут да іх зайшла жанчына з санітарнага цягніка. Расказала, што іх цягнік трапіў пад бамбёжку і загінулі амаль усе параненыя і медперсанал. Яна набірала новы састаў медсясцёр. Згоду дала толькі Ганна Чачыла. І стала васемнаццацігадовая Ганна медсястрой ваенна-санітарнага цягніка №1035. 

– Нас было чацвёра, – расказвала мне калісьці Ганна Яхімаўна. – Тры дзяўчыны з Ленінграда і я. Параненых было вельмі шмат. Мы іх даглядалі, перавязвалі, мылі, кармілі, здавалі для іх кроў. І грузіць у вагоны таксама самім прыходзілася. Часам ледзь рукі не адрываліся, а куды падзенешся? Трэба!

Успамінала Ганна Яхімаўна і пацешны казус, які здарыўся з ёю ў той час. Памыла яна свой белы халат, а павесіць, каб высах, не было куды. Дык яна рашыла прывязаць яго бінтам за рукавы да дзвярэй цягніка. Падумала, што на ветры хутка высахне. На хуткім хаду бінт абарваўся, і халат паляцеў… Ганна, не задумваючыся, сіганула ўслед за халатам. Як толькі жывая засталася і нічога сабе не зламала! Халат знайшла, а цягнік прыйшлося папуткамі даганяць. Уляцела тады ад начальніка цягніка за самавольсва дзяўчыне, але потым усе дружна пасмяяліся і забыліся пра той казус.

Перамогу Ганна Чачыла сустрэла ў Польшчы. Стаялі недзе ў полі каля горада Познань. 

– Бачым, у горадзе салют, – успамінала Ганна Яхімаўна. – Начальнік цягніка аб’явіў, што вайна скончылася. Перамога! Мы і плакалі, і смяяліся, і абдымаліся. Параненыя цешыліся, што жывымі дадому вернуцца. 

Яшчэ расказвала былая медсястра, як іх прывезлі ў вызвалены канцлагер “Асвенцым”. На ўсё жыццё запомніліся ёй горы валасоў: дзіцячых, жаночых, мужчынскіх. Усе па асобнасці. Стаялі ў памяці малюсенькія чаравічкі у вялізнай горбе абутку. Недалёка былі высокія трубы, і яшчэ не паспеў выветрыцца смурод ад спаленых чалавечых целаў. 

– Хіба такое забудзецца? – уздыхала бабуля Ганна. – І як такое дараваць? Ні ў адной кнізе немагчыма апісаць той жах, які перажылі людзі ў вайну.

Я згаджалася з маёй суразмоўцай. Так, словамі немагчыма расказаць. У кнізе немагчыма апісаць. У кіно немагчыма паказаць. 

За бядой бяда…

Потым было вяртанне дадому. На грудзях у маладой медсястры красаваўся ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За адвагу”. Іх санітарны цягнік вярнуўся ў Маскву ў ліпені 1945-га. А ў кастрычніку Ганна атрымала накіраванне ў Гродна і адтуль на пастаяннае месца працы – у Вярэйкаўскую сельскую бальніцу. Туды ж Ганна перавезла сваю маці і малодшую сястру Ніну. 

Праз два гады прыехаў да яе хлопец Уладзімір, з якім была знаёма яшчэ да вайны. Ён дэмабілізаваўся з арміі, знайшоў сваю каханую, і хутка яны пажаніліся. Толькі прозвішча сваё Ганна мяняць не стала. 

Кароткім аказалася яе жаночае і мацярынскае шчасце. Пасляваенныя гады сталі не менш страшнымі і трагічнымі. Праз год пасля вяселля нарадзілася дачушка Любачка, а яшчэ праз год яе скасіла смерць. Трошкі пазней з’явілася на свет Томачка. Была яна ўцехай і вялікай радасцю для маці і бацькі. А у 1952-м не стала Уладзіміра. Адзінай надзеяй і засталася дачушка. Ганна песціла Томачку, бясконца любіла і ўсю сябе аддавала дзіцяці. Гатова была сэрцам засланіць ад любой бяды і напасці. І ведаць не ведала, што бяда ўжо блізка…

У той час Ганна вучылася на двухгадовых курсах медыцынскіх сясцёр у Ваўкавыску. Зранку спяшалася на экзамен па хірургіі, хацела дабрацца туды на папутках. Томачка пайшла праводзіць маму. Раптам заплакала, ухапілася за ногі, прасілася ўзяць яе з сабою. На выручку прыйшла суседка. 

– Не плач, Томачка, – гаварыла яна. – Пойдзем да нас, будзеш гуляць разам з маёй Тарэскай.

І забрала дзяўчынку з сабою. Ганна азірнулася, паглядзела на дачку і пабегла на дарогу “лавіць” машыну. Хіба магла яна падумаць, што бачыць Томачку апошні раз?

У доме, куды прывялі дзяўчынку, гаспадар часта хадзіў на паляванне. На сцяне вісела зараджаная стрэльба.

– Давай пагуляем у зайчыка і паляўнічага, – прапанаваў маленькай Томе сынок гаспадара. 

Тым “зайчыкам” аказалася Томачка, у якую наставіў стрэльбу хлопчык... і застрэліў. Томачцы было толькі пяць гадоў…

 “Ты маё выратаванне”

Ганна і праз шмат гадоў не магла сабе адказаць, як вытрымала такі боль, як перажыла такое страшэннае гора. Ёй здавалася, што пагасла сонца, што скончылася жыццё.

На тую пару малодшая сястра Ніна паспела выйсці замуж. Была на цаліне і ўжо перад самым нараджэннем дзіцяці прыехала ў Вярэйкі. Калі нарадзілася ў Ніны дачушка Марыйка, Ганна не адыходзіла ад яе. Душа пачала адтаваць, напаўняцца цеплынёю, і жыццё набывала сэнс. 



Але Ніна збіралася зноў ехаць на цаліну, там яе чакаў муж. І тады Ганна з такім болем, з такой пакутаю паглядзела сястры ў вочы і ціха сказала: “Не забірай. Пакінь яе мне.” Што рабілася тады на сэрцы ў роднай маці, адной ёй было вядома. Але прама ў тое сэрца глядзелі вочы сястры, якая перанесла такое вялікае гора, пахаваўшы адно за другім дваіх дзетак, і Ніна згадзілася…

Марыйка дзень па дню вяртала Ганну да жыцця. Яна расла разумнай, вясёлай дзяўчынкай і кожны дзень радавала сваю другую маму. Зрэшты, яна так і называла Ганну, а тая проста свяцілася ад шчасця. “Ты маё выратаванне”, – шаптала яна, прытуляючы да сябе маленькую. Спявала ёй калыханкі, расказвала казкі, вучыла чытаць, удзяляла шмат часу дзяўчынцы.

Усю сваю цеплыню, усю нерастрачаную любоў яна аддала Марыйцы. Тая расла, атуленая увагай, клопатам і пяшчотай.

Ці магла дзяўчынка, скончыўшы школу, думаць аб якой іншай прафесіі, акрамя медыцыны? Марыя паступіла ў медыцынскі інстытут, паспяхова скончыла яго і была накіравана у Свіслач урачом-педыятрам. Шмат гадоў працавала ў раённай паліклініцы, лячыла дзетак. Тут выйшла замуж, нарадзіла дзве дачушкі. 

Цётка Ганна жыла ў Вярэйках. Усё жыццё працавала ў бальніцы. А ў 1985-м Ганну Яхімаўну падкасіў інсульт. Марыя адразу паспяшалася на дапамогу роднаму чалавеку. Даглядала яе ў бальніцы, а потым прывезла ў Свіслач. 

15 гадоў Ганна Яхімаўна жыла ў пляменніцы. Увесь гэты час яна была прыкавана да ложка. Але не было ні дня, ні хвілінкі, каб Марыя Васільеўна пашкадавала аб тым, што забрала цётку Ганну да сябе. Усе гэтыя гады бабулька была атулена цеплынёй і ласкай, ёй ў поўнай меры аддзякавала пляменніца за тую любоў і пяшчоту, якую сама атрымала ад цёткі. Да апошніх хвілін Марыя Васільеўна была побач, угадвала ўсе яе жаданні, аддавала ўсю душу. І не толькі пляменніца. Яе дзеці таксама любілі і шкадавалі бабулю, дапамагалі, як маглі.

Ужо дваццаць гадоў няма на свеце Ганны Яхімаўны. Але памяць аб ёй жыве ў сэрцы пляменніцы, яна з любоўю разглядвае фотаздымкі сваёй другой маці і ўспамінае яе з вялікай 
 удзячнасцю.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва сям’і Марыі Будніцкай

Предыдущая статья

Прошла субботняя прямая линия