banner

Вайна зруйнавала жыццё. Успаміны Вольгі Іоська, якая працавала санітаркай у шпіталі падчас вайны

14 Июня’25
147


Вольга Іванаўна Іоська ў гады вайны была санітаркай у шпіталі. Добра памятаю гэтую бабульку. Худзенькая, невялічкая з незвычайна сінімі вачамі, нібы ў іх схаваліся маленькія асколачкі неба. Дзіўна было нават, што гады не здолелі сцерці тую сінь. 

Яна гаварыла так хуценька, парою глытаючы словы, нібы баялася што-небудзь прапусціць. Бабуля прагнула вызваліць душу з палону памяці, якая ішла за ёю ўслед усе пасляваенныя гады. Раз-пораз грукала ў сэрца цяжкімі нямецкімі ботамі, і тады ўся істота старэнькай бабулькі сціскалася ў камячок, а слёзы самі беглі з вачэй. Я слухала яе, і мурашкі беглі па спіне, хоць да гэтага шмат такіх аповедаў чуць даводзілася. Слухаць было балюча, а як насіць у сабе такія ўспаміны?!

Мары, якія не збыліся

Яе ўжо няма на свеце. Мёртвым не сняцца сны. А, можа, сняцца? І тады санітарка Волечка зноў і зноў бяжыць у шпіталь, чуе, як стогнуць параненыя,  а яна супакойвае іх, дае папіць вады, папраўляе спаўзаючыя бінты.

– Дзетачка мая, вось ты спытала, ці я вайну памятаю? А як жа забудзеш яе, праклятую? – гаварыла мне Вольга Іванаўна. – Паверыш, лягу спаць, толькі задрамлю, а ўжо здаецца: пад вокнамі машына з параненымі стаіць. Я бачу іх твары, чую, як яны крычаць, просяцца, а ўстаць не магу, сілы не маю. Крычу: “Даруйце, родненькія, не магу, не дам рады…” І тады прачынаюся ад свайго крыку і ўжо да ранку заснуць не магу. І так вельмі часта, а з гадамі ўсё часцей…

Па маршчыністых шчаках цяклі слёзы. Яна раз-пораз выцірала іх рукою і працягвала свой аповед:

– Я маладая, прыгожая, вясёлая была. І хлопец у мяне быў, Юлікам звалі. Кахалі мы адзін аднаго, марылі, як пажэнімся, як добра жыць будзем, хату пабудуем… Але вайна ўсе нашы мары зруйнавала. Пачалі маладых у Германію забіраць. Прыбег да мяне Юлік усхваляваны, кажа: “Волечка, давай хуценька пажэнімся, бо я баюся, што цябе ў Германію забяруць, ды і мяне таксама”. Можа, жанатых такі не будуць чапаць?” Так мы і зрабілі. Павянчаліся з Юлікам. Думалі, што пакінуць нас у спакоі. А дзе там! Прыйшоў солтыс, паказаў на нас, загадаў хутка сабрацца ў дарогу. І павезлі абодвух у нямеччыну. Доўга мы ехалі ў вагонах без адзінага акенца. У такіх жывёлу перавозілі. Шмат людзей тады з намі ў няволю ехала. А мы для немцаў і былі як жывёла. Хто нас за людзей лічыў? 

Завезлі ў Кёнігсберг, у радок паставілі, а купцы прыехалі і выбіралі сабе хто каго. Мы з Юлікам спачатку трапілі да аднаго гаспадара, але там нас разлучылі. У таго баўэра зямлі было 500 гектараў. Працавалі мы, як рабы. І голадам марылі, і білі, і здзекваліся, як хацелі. Там, у Германіі, аказалася, што я цяжарная. Ніхто не звяртаў на гэта ўвагі, цяжка працаваць даводзілася, амаль не было адпачынку, а кармілі  абы-як. Неяк данасіла я тое дзіцятка. Але хлопчык нарадзіўся слабенькім і хутка памёр. Амаль адразу мяне пагналі на працу. Хто там каго шкадаваў?! І паміралі людзі ад тых здзекаў, ад працы непасільнай. А вось я неяк выжыла. У красавіку 1945-га нас вызвалілі.  Мужа на фронт забралі, а мяне ўзялі санітаркай у шпіталь. Трыццаць кіламетраў пешшу ад Кёнігсберга да таго шпіталя ішлі. Змучаныя былі, галодныя, вельмі хацелася піць. 

Пасля шмат салдацікаў давялося выхожваць. Аднойчы прывезла машына параненых. Іх так шмат было! У каго галава забінтаваная, хто без рукі, хто без нагі… Стогнуць, крычаць, просяць дапамогі. Пазаносілі іх у шпіталь. Давай я кроў змываць, перасцілаць. А адзін хлопец, маладзенькі такі, прыгожы, без абедзвюх ног ляжыць і крычыць:  “Дзе мой гармонік, дайце мне гармонік мой!”. І нехта прынёс яму гармонік. І ён зайграў! Так, што анямелі ўсе. 

Урачы стаяць, сёстры, санітаркі, слухаюць і ўсе плачуць… 

Той хлопец з гармонікам сваім на фронце не расставаўся. Салдатам баявы дух паднімаў у кароткіх перапынках паміж баямі. 

Пакуль снарадам яму ногі не адарвала. Ды і ў шпіталі ён кожны дзень граў, таксама дух падымаў і салдатам, і ўрачам, і сёстрам, і санітаркам. Бывала, ад стомы з ног валіліся, а пачуем тую музыку – і аднекуль сілы бяруцца. 

Кожнага салдата аплакала

Усё жыццё Вользе Іванаўне здавалася, што чуе тую мелодыю. Працаваць прыходзілася суткамі, з ног валіліся і ўрачы, і медсёстры, і санітаркі. Адкуль толькі сілы браліся?

– Я іх твары ўсё жыццё памятаю, – расказвала бабулька. – Просяцца бывала: “Сястрычка, я так жыць хачу, ратуй мяне”. Я саджуся побач, гладжу яго па галаве, нібы малое дзіця, супакойваю: “Пацярпі, родненькі, будзеш ты жыць, ажэнішся, дзетак дачакаеш…” Глядзіш, яму лягчэй становіцца. Засне і ў сне ўсміхаецца. Думала часам, можа, і мой Юлік недзе вось так ляжыць, можа, і яму хтосьці дапаможа, суцешыць, раны перавяжа, калі паранены. Што могуць забіць майго любага, нават думкі не дапускала. Верыла, што жывы, што вернецца. Бо мы толькі некалькі дзён разам пражылі. А ў Германіі не дазволілі нам быць разам. 

А колькі тых салдацікаў памерла на маіх руках! Вось так супакойваю, па галаве гладжу, а ён на вачах згасае. Ой, як жа мне цяжка было глядзець на гэта, як шкадавала кожнага салдаціка! Нясём, бывала, у морг, а яны ж такія маладзенькія, прыгожыя, ім бы жыць і жыць. Я ад слёз дарогі не бачу. Мне казалі, што прывыкну, людзі ж прывыкалі неяк, а я кажнюткага аплакала. 
А ў маі 1945-га Перамога прыйшла.  Ой, як жа я гэты дзень добра памятаю! 

Бяжыць жонка нашага маёра, урача франтавога, і крычыць: “Волечка, вайна скончылася! Пабеда!”

Я падумала тады: “Вось шчасце якое, вернецца мой Юлік, будзем жыць з ім доўга-доўга і шчасліва…”

Яе прадаўжэнне і памяць

Не споўніліся мары санітаркі Волечкі. Не вярнуўся яе любы з вайны. Дзе ён загінуў, і па сёння невядома. Сама Вольга толькі ў 1946-м дадому вярнулася. Родныя ўжо не спадзяваліся, што пабачаць яе. Дзесяць гадоў чакала яна свайго Юліка, а калі зразумела, што не вернецца, пайшла замуж за ўдаўца Рыгора Іоську. У яго было на тую пару чацвёра дарослых дзяцей. Трое старэйшых ужо мелі свае сем’і. Толькі малодшанькая дачушка некаторы час жыла з бацькам. Памерла ў маладым узросце, на жаль. Вольга мужу яшчэ дачушку нарадзіла. Яна даўно вырасла, мае сваю сям’ю, жыве ў Шчучыне. Выраслі і ўнукі, падрастае праўнучка. Яны – яе прадаўжэнне і памяць. 

Сама Вольга Іванаўна пражыла на свеце 97 гадоў. Апошнія сем жыла ў дачкі ў Шчучыне. Была атулена цеплынёй і ўвагай, але да апошніх дзён сніліся ёй параненыя салдаты, якія клікалі, прасілі дапамогі. І часта-часта прыходзіў у сны маладзенькі салдат без ног, які граў на гармоніку. Музыка тая бясконца гучала недзе глыбока ў душы і вяртала ў мінулае. 

У нашу апошнюю сустрэчу на стале ў Вольгі Іванаўы стаяў партрэт, зроблены ў далёкія пасляваенныя гады. На ім маладзенькая Волечка, такая прывабная, сімпатычная. У той Вольгі, што на партрэце, усё жыццё было яшчэ наперадзе, але гады праляцелі птушкамі, і бабуля Вольга Іванаўна ўжо спачывае ў вечнасці.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва “СГ”

Предыдущая статья

Юрий Караев: «Президент высоко оценил работу гродненцев – и в промышленности, и в сельском хозяйстве»
Похожие новости