не бачна было яе з дарогі. Яна стамілася чакаць і ціхенька памірала ў густых зараслях.
Аднак кожную раніцу заглядвала ў цёмныя акенцы сонейка, з надзеяй, што яго праменьчыкі каго-небудзь абудзяць, як калісьці, калі тут кіпела жыццё. Паскрыпваў калодзеж з чысцюткай вадой, стракаты певень, узляцеўшы на плот, спяваў сваю ранішнюю песню, ляніва жавала жуйку карова ў хляве, чакаючы, калі яе падояць і адправяць на пашу, сакаталі куры, гагаталі гусі, і здавалася дамачадцам, што так будзе заўсёды. Але ж не было…

Тут кіпела жыццё
Калісьці ў Каланой было аж 80 двароў. І ў кожным кіпела жыццё. Спраўляліся вяселлі, нараджаліся дзеткі, да першых пеўняў звінелі дзявочыя песні. Жыла вёска. І была ў гэтай вёсцы сям’я Міхаіла і Ганны Балюкоў. Добрая, дружная сям’я. Муж кавалём быў, а жонка – настаўніцай пачатковых класаў. Гадавалі дзетак – сына Мішу і дачушку Святлану. Дружна жылі, згодна. Добрым прыкладам ва ўсім былі для дзяцей. Вучылі быць сумленнымі, працавітымі, на дабрыню шчодрымі. І не заўважылі, калі выраслі сын і дачка, пакінулі роднае гняздо.
Бацькі тады яшчэ ў сіле былі. Гаспадарку трымалі, да працы хадзілі, дзяцей чакалі ў выхадныя дні ці ў водпуск. А час ішоў, бег, а потым ляцеў хуткакрылай птушкай. Згулялі сынавы провады ў армію, потым вяселлі сына і дачкі, дачакаліся ўнучанят, якія выраслі яшчэ хутчэй за дзяцей. Пабялелі валасы, аслабелі ногі, рукі. Напаткала такая нечаканая старасць, а потым закрыліся навекі вочы…
Такі закон жыцця, і ніхто ў свеце яго не здолее змяніць. Так было і будзе заўсёды. Але кожны, хто адыходзіць у нябыт, пакідае нешта нашчадкам. І тое “нешта” найчасцей – куточак, дзе зроблены першыя крокі дзетак, вымаўлены іх першыя слоўцы.
Але, калі патухаюць вокны роднай хаты, калі ўжо няма да каго спяшацца, а ўспаміны толькі сум наганяюць, то паціху не тое што забываецца дарога да бацькоўскага парога, але здаецца, што няма куды спяшацца. Ці не так? Акрамя таго, штодзённыя незлічоныя справы, розныя абставіны, недахоп часу ўсё далей адкладваюць сустрэчу з роднай вёскай, з бацькоўскай хатай. А час ідзе, бялеюць ужо скроні дзяцей, і пачынае мучыць настальгія. Прыблізна так было і з Міхаілам Балюком, шлях дадому якога таксама быў доўгім. І усё ж такі прыбілася ўрэшце яго “лодачка” да роднага берага. Таму што нябачным маяком усе гады вабіла яго, дзе б ні быў, святло бацькоўскіх вокнаў, нават тады, калі ўжо не віўся дымок з коміна, а на дзвярах павіс замок.
І яшчэ так часта-часта прыходзілі ўспаміны. Снілася мама ў квяцістай хустачцы, якая завіхалася ля печы, тата, які ні хвілінкі не мог сядзець без справы. Снілася вясковая вуліца, суседскія хлопцы, з якімі было так цікава бавіцца ў дзяцінстве…
Так лёсам было наканавана
Цікава адзначыць, што Міхаіл нарадзіўся 11 красавіка, адзін дзень толькі не “дацягнуў” да Дня касманаўтыкі. А варта было б, бо, як паказала потым жыццё, лёс Міхаіла Балюка быў звязаны з такім знакамітым днём і з касмічнаю сфераю.
Але гэта было потым. А спачатку маленькі Міша быў такім жа, як і ўсе вясковыя хлопчыкі, гойсаў па вуліцы і марыў стаць (не, не касманаўтам!) мараком.
Маці была настаўніцай малодшых класаў. Да яе ў клас і трапіў першакласнік Міша. Гэта зусім не азначала, што яму былі нейкія паблажкі, што быў ён любімчыкам у класе. Вельмі нават наадварот. Дысцыпліна ў сына настаўніцы была жалезная. Калі за якую правіннасць другога вучня маглі толькі пажурыць, то Мішу за любую дробязь даставалася па поўнай праграме. Таму што ён, як гаварыла мама, павінен быў быць прыкладам для ўсіх. Ну і Міша стараўся.
Скончыў школу, спрабаваў паступіць у ваенна-мараходнае вучылішча, але не атрымалася. Тады крыўдна было, а пазней зразумеў, што дарэмна засмучаўся. Бо лёсам было наканавана пайсці іншым шляхам, не менш цікавым і захапляльным. У ваенкамаце хлопца накіравалі ў ДАСААФ вучыцца на шафёра, і ён пайшоў у армію ўжо з вадзіцельскімі правамі.
– Служыць у арміі мне давялося ў горадзе Галіцына (зараз Красназнаменск) у Падмаскоўі, – успамінае Міхаіл Міхайлавіч. – Там размяшчаўся цэнтр упраўлення касмічнымі палётамі. Служба ў мяне была ой якая крутая! Я на “Волзе” вазіў самога генерала. Ездзіў так ганарова, і часам, нават дзяўчат падвозіў. Пазнаёміўся неяк з адной красуняй Алай, спадабалася яна мне, і я знянацку, жартам нават, прапанаваў ёй паехаць са мной паглядзець Белавежскую пушчу. Я ўжо адслужыў, і ў мяне на руках быў плацкартны білет дадому. Нават думкі не было, што зацікавіцца дзяўчына маёй прапановай. Ну, скажыце, якая дзяўчына захацела б паехаць у невядомы край з малазнаёмым хлопцам?! А яна згадзілася! Што было рабіць? Не адмаўляцца ж было мне ад сваіх слоў і гаварыць, што пажартаваў. Я ж быў хлопец сур’ёзны, добра выхаваны. Паехалі мы з ёю ў Беларусь. Мама сустрэла на парозе, ледзь не ўпала. Думаць не думала, што я з такой “неспадзянкай” з арміі вярнуся. Але што было рабіць? Прыехала з Падмаскоўя яе маці, пазнаёмілася з маімі бацькамі, пагаварыі і вырашылі, што ў студзені вяселле згуляем.
Быў знаёмы з касманаўтамі
Вярнулася Ала з мамаю дадому, а Міхаіл, як толькі атрымаў пашпарт, таксама падаўся ў Падмаскоўе. Згулялі вяселле і пачалі жыць у яе бацькоў. Трэба было ўладкоўвацца на працу, але прапановы былі такія, што не вельмі задавальнялі. Пачаў працаваць у разведвальнай экспедыцыі, разам з цесцем і цёшчаю (яны геолагамі былі), але гэта для яго быў не той занятак, да якога ляжала душа. Тады Міхаіл звярнуўся з просьбай да таго генерала, якога вазіў, пакуль у арміі служыў. У той час адкрываўся філіял цэнтральнага спецыялізаванага канструктарскага бюро, і трэба было забяспечваць бяспечнае перамяшчэнне генеральнага канструктара па Маскве.
– Так у 22 гады я зноў вярнуўся ў касмічную сферу, якой аддаў больш за дваццаць пяць гадоў. Быў знаёмы з многімі касманаўтамі, ёсць у мяне фатаграфіі з асабістымі подпісамі касманаўтаў Генадзія Стрэкалава і Уладзіміра Цітова, – расказвае Міхаіл Міхайлавіч. – Кватэру мы атрымалі трохпакаёвую. Пераехалі ў яе ўжо з двума дачушкамі – Янай і Святланай. Незабыўны гэта быў час.
Усе нашы водпускі мы дзялілі і двойчы ў год прыязджалі ў Беларусь, у Каланую. Дачушкі нашы летнія канікулы праводзілі тут, з бабуляй і дзядулем. Была ў іх тут “стажыроўка” на бабуліным агародзе. Для нас і для дзяцей не было лепшага за гэта месца ў свеце.
Доўгая дарога дадому
А потым наступілі ліхія 90-я, і космас неяк стаў неактуальным. Усё развальвалася, нішчылася. А трэба было сям’ю карміць, дзяцей падымаць.
У Расіі з’явілася кампанія Mercedes-Benz. Набіралі супра-цоўнікаў, якія былі звязаны з аўтамабільным транспартам. Так Міхаіл трапіў у гэту кампанію. Быў пастаянна ў камандзіроўках. Прыязджаў дадому на некалькі дзён – і зноў у дарогу.
– І тады “хатняе кіраўніцтва”(так жартам называе сваю жонку – прым. аўтара) вырашыла паставіць кропку ў маіх вандраваннях, каб быць бліжэй да сям’і, да дома, – з усмешкай гаворыць Міхаіл. – Пайшоў я працаваць у кампанію “Рыбак Расіі”, якая ў свой час займалася пашывам спартыўнага адзення. Я там больш як восем гадоў працаваў. А потым зноў вярнуўся ў кампанію Mercedes-Benz. Адтуль і на пенсію пайшоў.
І вось тады пацягнула дадому. У лютым 2020 года мы з жонкай прыехалі ў Каланую. Думалі, што тыдзень-два прабудзем, а тут пандэмія пачалася.
І мы засталіся. Далучылася да нас малодшая дачка з дзецьмі. Яна працавала на аддалёнцы, а ўнукі дыстанцыйна вучыліся. Як каранцін скончыўся, дачка з унукамі паехалі, а мы вырашылі застацца. Назаўсёды.
Вось ужо шосты год пайшоў, як сям’я Балюкоў жыве ў Каланой. Жонка Ала Аляксееўна хутка прывыкла да вясковага жыцця, хоць была чалавекам абсалютна гарадскім. Паціху абзавяліся невялікай гаспадаркай. Трымаюць трусоў, курэй, гусей, індыкоў. Зразумела, ёсць і агарод, дагледжаны, як і павінна быць у дбайных гаспадароў, вялікая цяпліца.
На хатку люба-дорага пагля-дзець. Тут ёсць усё для камфорт-нага пражывання. Ад калодзежа праведзены водаправод. Маецца санвузел, фітабочка, сучасная мэбля. З мінулага жыцця засталася печ, у якую ўманціраваны камін. Ва ўсіх пакоях на сценах фотаздымкі. Іх вельмі шмат. Тут, вядома, партрэты бацькі і маці, бабулі з дзядулем, фотаздымкі дзяцей, блізкіх і родных людзей і, канешне, Міхаіла з Алай. Так утульна, так прыгожа, так здорава тут! Не хочацца пакідаць гэты гасцінны куточак.
Звонку дом таксама памяняў сваё аблічча. Да яго прыстроена веранда, якая выглядае вельмі арыгінальна. Маецца свой пчальнік.
Сюды з задавальненнем прыязджаюць дзеці з унукамі, тут так лёгка дыхаецца, так соладка спіцца.
Сваю малую радзіму Міхаіл Балюк лічыць найважнейшым месцам на свеце. Ён тут адпачывае душой, набіраецца энергіі, хоць большую частку жыцця правёў удалечыні ад роднага дома. Некалькі гадоў таму гэты дом набыў статус аграсядзібы. Яна называецца “Спадчына”. Тут з задавальненнем адпачываюць сябры, знаёмыя. Прыязджаюць сем’ямі, каб надыхацца свежым паветрам, каб адчуць тую асалоду, якой няма ў шумным горадзе. А яшчэ Міхаіл Балюк выкупіў былы магазін і адкрыў там кафэ-музей, побач – добраўпарадкаваная лазня. Тут зроблена ўсё, каб можна было адпачыць з камфортам і атрымаць самыя добрыя ўражанні.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара