banner

Сэрца майго краю – Белавежская пушча

06 Апреля’13
1863
Белавежская пушча сёння – унікальны куток роднай прыроды, размешчаны на тэрыторыі Пружанскага, Камянецкага і Свіслацкага раёнаў. Яна ахоўваецца з XIV стагоддзя, калі князь Ягайла аб’явіў яе запаведнай. Белавежская пушча – адзін з найстарэйшых лясоў Еўропы.
Навадворская бібліятэка не першы год займаецца зборам і захаваннем інфармацыйнага матэрыялу аб гісторыі і прыродным багацці свайго непаўторнага краю. У бібліятэцы дзейнічае тэматычная выстава "Тут вечную песню пяе Белавежа,” дзе акрамя маляўнічых альбомаў, выданняў аб пушчы прадстаўлены і тэматычныя папкі: "Шэсць запаведных вякоў”, "Белавежская пушча – падарожныя заметкі”, "Яе вялікасць, Белавежская пушча”, "Пушча ў гады вайны”. Члены аматарскага аб’яднання "Спадчына”, якое працуе пры бібліятэцы, прынялі актыўны ўдзел у зборы матэрыялу аб прыродным багацці пушчы. Сабраныя імі звесткі ўвайшлі ў тэматычную папку "Флора і фаўна Белавежскай пушчы.”
 Супрацоўнікі бібліятэкі імкнуцца далучыць сваіх чытачоў да хараства і прыродных багаццяў пушчы, паказаць яе непаўторнасць праз разнастайныя мерапрыемствы. Займальна і цікава прайшла пазнавальная вандроўка "Запаведны напеў – Белавежская пушча”. Яе ўдзельнікі пазнаёміліся з легендамі і паданнямі аб гісторыі ўзнікнення назвы "Белавежская”, даведаліся аб яе асаблівасцях – белавежскім зубры, балоце "Дзікае”, рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза.
Яшчэ пра адну славутасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета, – балота "Дзікае” – ішла размова падчас экалагічнага падарожжа "Таямнічы свет балота "Дзікае”. Прысутныя даведаліся, што "здароўе” Белавежскай пушчы залежыць ад балота "Дзікае”, равесніка егіпецкіх пірамід, што такіх балот ва ўсім свеце ўсяго чатыры, што экасістэма балота насычвае водамі Белавежскую пушчу.
Навадворская зямля – маляўнічы ўнікальны куточак Свіслаччыны, край дзе шуміць старажытная пушча. Кожны чалавек, які хоць раз тут пабываў, застаецца пад незабыўным уражаннем ад магутнай, дзікай прыроды, ад пастаяннага шуму лесу, ад сустрэчы з жывым патрыярхам і гонарам Белавежскай пушчы – зубрам.
На гэтым работа нашай бібліятэкі па папулярызацыі матэрыялу аб сваім краі не спыніцца, мы і далей будзем працягваць працу ў гэтым накірунку.
Ганна Ганчарэвіч,
загадчыца Навадворскай
бібліятэкі-цэнтра
краязнаўства.

Предыдущая статья

Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст.