banner

Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст.

06 Апреля’13
2566
Нарыс гісторыі мястэчка
На папярэднюю.
Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст. Перапіс 1897 г. зафіксаваў наяўнасць у Новым Двары сінагогі. Яна ж узгадваецца і ў 1901 г. Сінагога праіснавала тут з канца ХIХ ст. па 1937 г., калі яе разам з часткай мястэчка знішчыў пажар. Адносна колькаснага складу навадворскага штэтла (яўрэйскай фізічнай і духоўнай складаючай мястэчка) можна канстатаваць, што на працягу ўсяго ХIХ ст. ён не перавышаў 20-ці сем’яў. Паводле тэрытарыяльнай рэформы кагалаў 1838 г. навадворскі і лапеніцкі кагалы былі далучаны да поразаўскага кагала. Навадворскі прыкагалак поразаўскага кагалу налічваў у гэты час 5 яўрэйскіх дамоў з 11-цю сем’ямі. Аднак у 1888 г. навадворскае яўрэйскае грамадства спрабуе выбраць памочніка рабіна па Новым Двары, але паколькі ў мястэчку ў гэты час налічвалася толькі 16 яўрэйскіх дамоў, не было сінагогі і могільніка (а ўсё гэта знаходзілася ў мястэчку Поразава), то мясцовае кіраўніцтва не бачыць неабходнасці выбіраць асобнага памочніка рабіна па Новым Двары, так як 16 дамоў падпарадкоўваюцца памочніку поразаўскага рабіна (у першай палове 1880-х на гэтай пасадзе знаходзіўся Абрам Зундзелевіч Мерэкш, у другой палове 1880-х – пачатку ХХ ст. – Гірш Мойшавіч Вішняйцаў). У 1899 г. у існуючую пры Поразаўскай вуліцы іўдзейскую малітоўную школу выбіраюцца члены мясцовага кіраўніцтва: Шлёма Шэйныс, Айзік Шухмейстар і Гірш Баканавіцкі.  
Пэўнае развіццё ў гэты час атрымала культура. З 1860 г. у Новым Двары існавала царкоўнапрыходская школа, у 1862 г. было адчынена аднакласнае народнае вучылішча, пазней, з 1900 г., тут працавала і двухкласнае народнае вучылішча. У 1905 г. у ім вучыліся 89 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак. Гэта даволі шмат, калі ўлічыць, што насельніцтва мястэчка на 1901 г. – 1200 чалавек. У 1905 г. насельніцтва Новага Двара складала ўжо 1400 жыхароў. Тут таксама працавала яўрэйская талмуд-тора.
У час рэформы па адмене прыгоннага права ў 1861 г. навадворцы адправілі ў Санкт-Пецярбург дэлегацыю на чале з Мацвеем Грушэўскім, каб дамагчыся мяшчанскага статуса і не выконваць адпаведных выкупных плацяжоў і павіннасцяў. Судовая камісія прызнала ўсіх жыхароў мяшчанамі і пакінула ім старыя надзелы. Дзіўныя былі з навадворцаў «мяшчане»: калі па дадзеных 1886 г. у мястэчку Свіслач 35% насельніцтва займалася земляробствам, а ў Поразаве – 43%, то ў Новым Двары гэта лічба складала аж 91%.  
Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст. 13 мая 1863 г. каля Новага Двара адбылася сутычка расійскіх салдат і 40 казакоў з паўстанцамі. Захаваліся імёны сялян з мястэчка Новы Двор, якія ўдзельнічалі ў паўстанні 1863–1864 гг. і былі пазней рэпрэсіраваны царскай уладай. Сярод іх значацца Франц Васільевіч Ярашэвіч (накіраваны ў Разанскую арыштанцкую роту), Франц Мацвеевіч Шарэніч (накіраваны ў Тульскую арыштанцкую роту), Восіп Восіпавіч Грушэўскі (накіраваны ў Калужскую арыштанцкую роту), Франц Сямёнавіч Раманоўскі (накіраваны ў Кастрамскую арыштанцкую роту), Антон Антонавіч Грушэўскі (накіраваны ва Уладзімірскую арыштанцкую роту), Максім Завістоўскі (накіраваны ў Тульскую арыштанцкую роту). Дакладна невядома, куды былі высланы Фёдар Мікалаевіч Кулік, Станіслаў Мацвеевіч Грушэўскі і Міхал Ганчарэвіч. Відавочна, што жыхары Новага Двара былі сур’ёзна ўцягнуты ў ход паўстання, паколькі, як піша В. Карпыза, са 101 навадворца была спагнана кантрыбуцыя агульнай лічбай у 1256 рублёў.
Міжваеннае жыццё мястэчка цягнулася ў рэчышчы нетараплівае хады часу. Пэўнымі сезонамі Новы Двор у камунікацыйным плане практычна цалкам быў адрэзаны ад знешняга свету. Пераважная большасць насельніцтва працягвала захоўваць свае земляробчыя заняткі, а невялікі гурток мясцовай інтэлігенцыі 30-х г. складалі святар і настаўнікі В. Русакевіч і М. Навуменка.
Да найбольш трагічных падзей гэтага перыяду адносяцца пажары 1934 і 1937 гг., у выніку якіх амаль цалкам была знішчана драўляная забудова цэнтра мястэчка. Часам таксама тут мелі месца канфлікты на канфесійнай глебе. А. Світыч у сваёй манаграфіі прыводзіць цікавыя звесткі пра тое, як вядомы грамадска-палітычны дзеяч, сенатар Рэчы Паспалітай В. В. Багдановіч з парламенцкай трыбуны канстатаваў канкрэтныя праявы рэвіндыкацыі: «В праздник Рождества Пресвятой Богородицы, – говорил сенатор, – во время Божественной Литургии ворвался в церковь в Новом Дворе (Гродненской епархии) полицейский Александр Боцьковский с шапкой на голове и с винтовкой на плече и громко потребовал прекращения Богослужения и оставления церкви всеми, так как он должен ее запереть. Несмотря на просьбы верующих о том, чтобы не мешали их молитве, полицейский упорно требовал исполнения своего приказания, и по удалении всех церковь была запечатана…».
Сярод жыхароў Новага Двара і сёння ёсць некалькі параднёных паміж сабой сем’яў, якія з’яўляюцца карэннымі жыхарамі пасялення: Грушэўскія, Ганчарэвічы, Грыцкевічы, Ботвічы, Каскевічы, Касінскія, Лісоўскія, Філіповічы, Гамановічы, Сычэўнікі, Катаркевічы і інш. Дзякуючы даследаванню А. Смаленчука, можна даведацца пра менталітэт навадворцаў і тыя рысы свядомасці, што захаваліся і да нашага часу. У прыватнасці, для жыхароў характэрны высокі ўзровень лакальнай самаідэнтыфікацыі – яны часта ужываюць тэрмін «навадворцы», выразна адрозніваюць сябе ад жыхароў суседніх вёсак. Пры гэтым звычайна сцвярджалася «замкнёнасць» або «закрытасць» навадворцаў, згадвалася, што некалі шлюбы яны бралі выключна са «сваімі». Тлумачэнні гэтай замкнёнасці зводзіліся да тэзісаў пра заўсёдную вольнасць жыхароў Новага Двара ў параўнанні з насельніцтвам суседніх вёсак, пра вастрыню зямельнай праблемы. Верагодна, сваю ролю адыграла і тое, што амаль цалкам праваслаўны Новы Двор (пасля 1839 г.) знаходзіцца ў канфесійна мяшанай прасторы побач з каталіцкімі вёскамі.
Гістарычнае мінулае паселішча было абумоўлена некалькімі стрыжневымі тэндэнцыямі эканамічнага, палітычнага, культурнага і ментальнага характару, якія стваралі сабою аснову спецыфікі развіцця мястэчка Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст. У эканамічным плане Новы Двор належаў да той групы мястэчак, якая, страчваючы сваю гандлёвую спецыялізацыю і не маючы ўмоў для развіцця ўласнай прамысловасці, паступова дэградавала да ўзроўню вёсак. У палітычным становішчы жыхары паселішча нават у часы Расійскай імперыі мелі выразныя прэтэнзіі на захаванне свайго местачковага статуса, за што ішло моцнае супрацьстаянне з уладамі. Асновай такога стану рэчаў мог з’яўляцца фактар эканамічны: местачкоўцы адмаўляліся выконваць сялянскія павіннасці і патрабавалі бязвыкупнай перадачы ім зямлі як прадстаўнікам мяшчанскага саслоўя. Даследчык А. Смалянчук да гэтых фактараў дадае важную складаючую: местачковую сацыяльна-рэлігійную ментальнасць, якая ў навадворцаў мела выразныя адрозненні ад жыхароў суседніх каталіцкіх вёсак.
З вялікай доляй адноснасці «найбольш удалым» перыядам у развіцці мястэчка Новы Двор можна лічыць час XVІ – пачатку ХVІІ стст., калі тэндэнцыі экстэнсіўнага росту эканомікі і фарміраванне ўнутранага рынку адчувальна ўздзейнічалі на ўсебаковае развіццё паселішча.   
Сяргей РАМАНАЎ.

Предыдущая статья

Наши землячки отстаивали честь области