Пяцьдзясят гадоў разам. Кранальная гісторыя сям’і Лінкевіч з вёскі Дрэчаны

31 Октября’26
177

Пяцьдзясят гадоў разам. Для гісторыі гэта імгненне, а для чалавечага жыцця – цэлая эпоха, напоўненая ціхім сямейным шчасцем, сумеснымі клопатамі і бязмежнай падтрымкай. Сёння, калі свет вакол нас змяняецца з касмічнай хуткасцю, гісторыя сям’і Лінкевіч з вёскі Дрэчаны – гэта прыклад вострава надзейнасці, дзе ўжо паўстагоддзя гарыць агонь шчырага кахання.

Сямейны гімн Лінкевічаў

Яны сустрэліся, як гэта часта бывае, выпадкова. На той час Ніна ўжо скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча і працавала ў абласной бальніцы медыцынскай сястрой, а Аляксандр вучыўся завочна ў педагагічным інстытуце на гістарычным факультэце. Сустрэліся на вуліцы. Ён быў з сябрам, земляком Ніны, а яна – з сяброўкай. Пазнаёміліся, прагуляліся па бульвару, пасядзелі ў скверы.

Хлопцы напрасіліся ў госці да дзяўчат. Кавалеры прыйшлі з кветкамі і тортам. Пілі гарбату, размаўлялі, жартавалі, слухалі пласцінкі. Ніна адчувала, што спадабалася Аляксандру, і яе сэрцанька пачынала часцей біцца, калі іх позіркі сустракаліся. З таго дня сталі бачыцца часта і ўжо вельмі хутка зразумелі, што лёсам наканаваны адзін аднаму. Праз сем месяцаў згулялі вяселле. Ніна – тоненькая, прыгожая, у белай сукенцы з вэлюмам, Аляксандр стараўся быць сур’ёзным, самавітым, але радасць перапаўняла яго цераз край. І калі загучала мелодыя “Толькі з табою мне хочацца быць, толькі з табою…”, закаханым здавалася, што іх сэрцы спяваюць ва ўнісон тую цудоўную песню. Яна стала сімвалам для іх на ўсё жыццё, своеасаблівым сямейным гімнам.

– У нас дзве дачушкі – Наталля і Таццяна, – распавядае Ніна Станіславаўна. – Дзяўчаткі нашы раслі добрымі, паслухмянымі, працавітымі. Да вучобы здольныя былі. Старэйшая больш да матэматыкі, а малодшая – творчая натура. Дапамагалі мне ў хаце, у агародзе, па гаспадарцы. І абедзве пайшлі па маіх слядах – у медыцыну. Наталля скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча. Жыве з сям’ёй у Гомелі, працуе ў абласной бальніцы. Яе дачушка Насця таксама медык. Ужо стварыла сваю сям’ю, падарыла нам з дзядулем праўнучка Сямёна. Маленькі яшчэ, усяго два месяцы.

А малодшая наша Таццяна – у Гродне. У яе дзве дачушкі. Старэйшая – Маша – урач-касметолаг, малодшая Вераніка вучыцца ў 11 класе. Вельмі творчая дзяўчынка, займаецца ў тэатральнай студыі, вядучая на ўсіх мерапрыемствах. Дзеці, унучкі, праўнучак – радасць і гордасць наша.

Галоўны жыццёвы скарб

Ніна Станіславаўна і Аляксандр Матвеевіч з такой цеплынёй расказваюць пра сваіх найраднейшых людзей, цешацца іх поспехамі. Успамінаюць, якімі дачушкі былі ў дзяцінстве, а потым унучкі цешылі і зараз цешаць, хоць ужо павырасталі.

– Наша Таццяна, калі яшчэ вучылася ў шостым класе, напісала “Казку пра сірату Алесю”, якая трапіла ў кнігу “Казкі дзяцей Беларусі”. У нас доўга была тая кніга, але дачка потым забрала. Ужо яе дзеткі чыталі тыя казкі, а потым і ўнукі будуць чытаць, – расказвае Аляксандр Матвеевіч. – Гады хутка бягуць, але важна, што чалавек у спадчыну пакіне дзецям, унукам. Гэта я не пра палацы і рахункі ў банках, а пра тое, што ў сэрцах сваіх вынеслі з роднага гнязда, што ў душы захавалі. Тое яны і дзецям сваім перададуць, потым унукам, праўнукам. Галоўнае, каб гэты ланцужок не перарваўся, бо менавіта ён і ёсць той скарб, даражэй якога няма нічога на свеце.

Прызванне

Аляксандр Матвеевіч без малога трыццаць гадоў узначальваў Дрэчанскую базавую школу, выкладаў спачатку рускую мову і літаратуру, потым гісторыю. Мае шмат ганаровых грамат, падзяк. Калі Дрэчанскую школу закрылі, працаваў некалькі гадоў у Стоцкай, потым быў дырэктарам турбазы.

Ніна Станіславаўна некалькі гадоў працавала ў радзільным доме ў Свіслачы. Пасля нечакана для яе самой, прапанавалі Ніне Станіславаўне месца загадчыка дзіцячага сада ў Нязбодзічах. Аддала маленькім вяскоўцам дванаццаць гадоў. Дзіцячы сад лічыўся адным з лепшых у раёне. Потым працавала ў Нязбодзіцкім філіяле ашчадкасы. Яна спраўлялася са сваімі абавязкамі бездакорна, але ўвесь час марыла вярнуцца ў медыцыну.

І калі фельчар Стокскага ФАПа пайшла на пенсію, Ніне Станіславаўне прапанавалі ўзначаліць яго.

– Як я цешылася, передаць не магу, – гаворыць Ніна Станіславаўна. – Для мяне гэта было як падарунак лёсу. Трошкі хвалявалася, бо практыкі даўно не было. Хіба толькі каму ўкол зрабіць ці банкі паставіць. А тут – такая прапанова. Некалькі тыдняў ездзіла ў Свіслач у бальніцу, каб замацаваць тое, чаму вучылі ў медвучылішчы. Аказалася, што ўсё памятаю добра. На ФАПе я адпрацавала 27 гадоў. Стокі і Рыбалы – гэта вёсачкі, дзе я была ў кожнай хаце, дзе я была як свая і людзі для мяне былі як родныя. Кожную балячку іх ведала. Звярталіся да мяне ў любы час, нават ноччу. Ніколі не адмовіла, бо вельмі любіла сваю работу. Я для сваіх вяскоўцаў заўсёды была палачкай-выручалачкай.

Родная хата для родных людзей

– Усе пяцьдзясят гадоў мы пражылі вось у гэтай хаце.
23 гады – са свякроўю жылі. Яна мяне як дачку прыняла. Я яе любіла, і яна мяне таксама. Рэдкай чысцюляй яна была, і мне таксама падабаецца, каб было ўсё чыста, прыгожа, утульна. Гэтаму і дзяўчат сваіх навучыла, – распавядае Ніна Станіславаўна. – Пасля і мама тут з намі жыла. Адсюль у апошні шлях мы яе выправілі. Муж паважаў цешчу, шкадаваў, дапамагаў даглядаць.

Гады праляцелі як птушкі. На жаль, толькі птушкі з выраю вяртаюцца, а гады не вернуцца, як ні заві. Але гэта не так і важна. Няхай сівізна кранула скроні, але ў позірках гэтых людзей, за плячыма якіх паўстагоддзя, да гэтага часу свеціцца тая самая пяшчота, што і пяцьдзясят гадоў таму. І лічба „50“ – гэта не проста юбілей шлюбу, гэта залаты трыумф вернасці.

Ніна Станіславаўна з’яўляецца яшчэ і старастай вёскі. Так што да яе ідуць не толькі змераць ціск ці зрабіць укол. Прыходзяць вяскоўцы са сваімі праблемамі, якія яна таксама дапамагае вырашаць.

А якая яна гаспадыня! З вясны да позняй восені двор Лінкевічаў тоне ў кветках. Прайсці міма і не захапіцца хараством проста немагчыма. І агарод заусёды цешыць багатымі ўраджаямі, таму што рукі ў гаспадароў залатыя, як і сэрцы.

Калі ўся сям’я збіраецца разам за вялікім сталом, становіцца зразумела: вось яно, сапраўднае багацце нашай зямлі. Гэта не матэрыяльныя каштоўнасці, а моцныя карані і шырокія кроны сямейнага дрэва. Унучкі і праўнук – кветкі і маладыя парасткі, якія сілкуюцца мудрасцю і цеплынёй залатых юбіляраў.

На пытанне, у чым жа сакрэт іх шчасця, яны толькі сціпла ўсміхаюцца. Сакрэт просты, але такі рэдкі сёння: уменне чуць без слоў, дараваць без папрокаў і кожны дзень берагчы таго, хто побач. Іх дом – гэта месца, дзе заўсёды ўтульна, пахне духмяным хлебам і шчырымі размовамі, а кожнага чакае бязмежная бацькоўская любоў.

Калі святкавалі залатое вяселле, дзеці знайшлі песню, якая стала сімвалам сумеснага жыцця Лінкевічаў. І зноў на ўсю хату гучала “Толькі з табою мне хочацца быць, толькі з табою...", і слёзы радасці сцякалі па шоках шчаслівых "маладажонай".

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота з архіва сямʼі Лінкевічау


 

Предыдущая статья

Автобусная колонна с жителями Алешек выдвинулась из аэропорта Гомеля