
З чаго пачынаецца сям’я? З той самай першай хвілінкі, калі сустрэліся позіркі, калі раптам невядома чаму пачалі часцей біцца сэрцы і ў душах стала светла-светла, нібы нехта запаліў там чароўныя ліхтарыкі. З першага дотыку рук, першага спаткання, першага нясмелага пацалунка, ціхага “кахаю”, з адчування немажлівасці жыць адзін без аднаго, з прапановы рукі і сэрца, з бялюткага вэлюму і залатых пярсцёнкаў. З першага штуршка пад сэрцам, першага крыку дзіцятка, шчаслівых матуліных слёз і татавай неабдымнай радасці. Сёння раскажам пра сям’ю Ярош з Грынок, дзе ўсё пачыналася проста і звыкла, можна сказаць, як ва ўсіх. Але той вялікі скарб, які называецца каханнем, яны з цягам часу не толькі здолелі зберагчы, але і папоўнілі новымі каштоўнасцямі, адшліфавалі, зрабілі яшчэ больш прыгожым і дарагім.
Шчасце блізка!
Іван і Вера нарадзіліся і жылі ў адной вёсцы Грынкі, хадзілі ў адну школу, і тады, у маленстве, наўрад ці хто-небудзь задумваўся пра тое, што ім наканаваны адзін лёс. Іван скончыў школу, уладкаваўся на працу ў рамонтна-машынна-трактарную станцыю, што ў пасёлку Мяльнова, а потым юнака чакала армія. Службу праходзіў у Латвіі, недалёка ад Рыгі, і служыць трэба было тры гады. Яны хутка прамільгнулі, і хлопец вярнуўся дадому зусім дарослым, бравым кавалерам. У бліжэйшую суботу, вядома ж, на танцы ў клуб пайшоў. І вось – дзіва, кінулася яму адразу ў вочы дзяўчына, ад якой не мог позірку адвесці. Адразу і не пазнаў у ёй тую хударлявую дзяўчынку са школы. Іван запрасіў красуню на танец, раз, другі. Але дадому яшчэ чамусьці не рашаўся праводзіць.
Вера на той час скончыла школу, уладкавалася ў калгас імя А. Неўскага рахункаводам, паступіла завочна ў Ашмянскі тэхнікум вучыцца на бухгалтара.
– Я адразу пасля арміі вярнуўся на былое месца работы, але потым звольніўся і ўладкаваўся шафёрам у мясцовую гаспадарку, – пачынае гаворку Іван Іванавіч. – Машыну мне далі грузавую, і аднойчы прама на той машыне на танцы прыехаў. Зноў з Верай танцаваў цэлы вечар, а потым прапанаваў падвезці яе дадому. Як я ўзрадаваўся, калі яна згадзілася. Ехаць было недалёка, але ж усё-такі не пешшу ісці. Едзем, едзем, і тут я спытаў: “А хочаш паруліць?” Яна спачатку не паверыла, думала, што пажартаваў. А потым сказала: “Канешне, хачу!” Мне, шчыра кажучы, трохі страшнавата было аддаваць руль у рукі дзяўчыны, але яна так упэўнена села на месца вадзіцеля, так хутка зразумела, куды і на што трэба націскаць, як крануцца з месца, і паехала. Цешылася, як дзіця, вочы свяціліся проста, а мне прыемна было, што там казаць! Я залюбаваўся такім сімпатычным “шафёрам” і зразумеў, што знайшоў сваё шчасце.
З таго дня яны пачалі сустракацца. Былі вечары, поўныя пяшчоты і цеплыні, першыя пацалункі, прызнанні ў каханні, а потым прапанова звязаць два лёсы ў адзін назаўсёды.
Вера не магла адмовіць хлопцу, яе сэрца ўжо даўно білася з яго сэрцам у адным рытме. Вяселле згулялі 13 чэрвеня 1970 года і пачалі жыць у Верыных бацькоў. Цесць з цешчаю прынялі зяця як роднага, бачылі, што хлопец спраўны, працавіты, значыць, дачка не памылілася ў выбары мужа. А кажуць, што 13 – лік нешчаслівы!
Спачатку з’явіўся на свет сынок Юра, праз некалькі гадоў другі – Саша, а яшчэ праз чатырнаццаць – дачушка Таццяна. Старэйшыя нацешыцца не маглі малою, вельмі любілі Таццянку, ахвотна гулялі з ёю, песцілі, забаўлялі.

Дзе любоў, там і песня
З цягам часу сельгаспрадпрыемства выдзеліла сям’і жыллё, у ім яны жывуць па сёння. Іван працаваў шафёрам. Прыходзілася ездзіць у дальнія рэйсы. Не раз быў у Расіі, Украіне, па Беларусі шмат паездзіў. Любіў сваю працу і па сёння ўспамінае тыя гады з цеплынёю.
А ў вольны час, пасля работы, асабліва зімовымі вечарамі, Іван спяшаўся на рэпетыцыю. У тыя часы загадчыцай Грынкаўскага Дома культуры была Людміла Лукша, чалавек неверагодна таленавіты, з такой творчай натурай, што можна было толькі пазайздросціць. У саставе хору было амаль шэсцьдзясят чалавек. Хадзілі спяваць усе спецыялісты калгаса на чале з кіраўніком гаспадаркі, шмат моладзі, многія жыхары вёскі. Слава Грынкаўскага хору ляцела далёка-далёка. У Грынкі прыязджаў Рыгор Шырма запісваць народныя песні, якія гучалі са сцэны ў выкананні гэтага славутага калектыву.
Вера не была супраць, каб муж хадзіў на рэпетыцыі. Яна сама любіла паслухаць, як спявае муж, проста сэрца заходзілася ад захаплення. “Толькі з табою мне хочацца быць, толькі з табою. Радасць і гора, і шчасце дзяліць, толькі з табою…” – такую песню спяваў сваёй любай жонцы Іван, а вочы Веры напаўняліся слязамі радасці.
Вера Міхайлаўна працавала ў бухгалтэрыі, і ў хаце была гаспадыняй, якіх пашукаць. Дома заўсёды ўтульна, прыгожа, двор зіхацеў кветкамі, агарод – усім на дзіва. У гаспадыні на ўсё хапала часу, бо побач быў на-
дзейны, добры і верны муж, які мог падтрымаць, дапамагчы і словам, і справай. Дзеці раслі, атуленыя ласкай і любоўю бацькі і маці. Стараліся вучыцца, былі працавітымі і руплівымі.
А гады ішлі, потым беглі. Выраслі сыны, адслужылі ў арміі, знайшлі справу па душы. Юрый жыве ў Грынках, Аляксандр – у Свіслачы. Малодшая дачка Таццяна – настаўніца ў Грынкаўскай школе. Дзеці падаравалі бабулі з дзядулей цудоўных унукаў і нават праўнука.

Сям’я – гэта ўменне разумець
– Дзеці, унукі і маленькі праўнучак для нас – самая вялікая радасць, сэнс жыцця, – кажа Вера Міхайлаўна. – Вунь, бачыце, у нас, куды ні глянь – фотаздымкі дзяцей, унукаў, і праўнучак таксама на відным месцы. Любуемся імі. Калі прыязджаюць, прыбягаюць, нібы сонейка з сабою прыносяць, і на душы робіцца так спакойна, так хораша! Нам больш нічога не трэба, толькі каб у іх было ўсё добра, каб здаровенькімі былі, каб нішто іх не засмучала.
Некалі, калі дзеці былі малымі, яны вельмі любілі атрымліваць падарункі. І бацькі стараліся іх парадаваць хоць якім-небудзь маленькім сюрпрызам. Столькі радасці было, весялосці. Зараз усё памянялася: цяпер Іван Іванавіч і Вера Міхайлаўна акружаныя пяшчотай і любоўю, цяпер ужо для іх рыхтуюць неспадзяванкі, ладуюць святы. Дарэчы, у сям’і Ярош існуе даўняя традыцыя. На ўсе вялікія святы – Раство, Вялікдзень – усе дзеці, унукі збіраюцца ў бацькоўскай хаце. Гэта яшчэ больш збліжае, напаўняе сэрцы радасцю.
55 гадоў жывуць нашы землякі ў згодзе, ніколі не абразілі адзін аднаго калючым словам, ніколі не пашкадавалі, што была ў іх жыцці незабыўная дата – 13 чэрвеня 1970 года.
– Сям’я – гэта штодзённая праца, – гаворыць Іван Іванавіч. – Гэта ўменне разумець, часам без лішніх слоў, уменне дараваць, жаданне зрабіць усё магчымае, каб жыццё самых блізкіх людзей было спакойным. Я ўдзячны маёй жонцы за тое, што яна заўсёды мяне разумела, за тое, што падтрымлівала, супакойвала, калі што-небудзь не ладзілася так, як мне хацелася. Я яе таксама стараўся ва ўсім падтрымліваць, дапамагаць. Не ўмеў гаварыць прыгожых слоў, проста рабіў усё магчымае, каб яна адчувала мой клопат, увагу. Вось так і пражылі пяцьдзясят пяць гадоў. Так хутка яны прабеглі, мы не заўважылі. Вунь галава мая пасівела, а ў душы, здаецца, не пастарэў, не змяніўся.
Для гэтых цудоўных людзей сям’я – найважнейшы складнік жыцця. Яны абое аддавалі і аддаюць сябе без астатку дзецям, унукам, усім блізкім і родным людзям, былі і застаюцца вернымі адзін аднаму ў смутку і радасці, дораць цеплыню і ад гэтага адчуваюць сябе самымі шчаслівымі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям'і ЯРОШ




