Любоў і павагу пранеслі праз гады. Сям’я Валерыя і Валянціны Зень з Вялікага Сяла адзначыла залатое вяселле

14 Ноября’25
383


Паўстагоддзя ідуць яны па жыцці разам і дзякуюць Усявышняму за тое, што з’яднаў іх лёсы аднойчы і назаўсёды. Тыя пачуцці, якія нарадзіліся пяць дзесяцігоддзяў таму, не толькі не згаслі, а яшчэ мацней разгарэліся. Іх чыстае трапяткое каханне, як палаючая паходня, асвятляе сёння шлях іх  дзецям, унукам, а ў недалёкім будучым і праўнукі адчуюць тое святло і цеплыню. Бо яго нельга не адчуць. Гэтыя цеплыня і святло ахутваюць з галавой, як толькі пераступаеш парог гасціннага і ўтульнага дома, у якім жывуць Валерый і Валянціна Зень. А над іх домам кружаць галубы як сімвал міру, любові, вернасці і шчасця.

Сустрэліся два лёсы

Спраўны хлопец Валерый Зень пасля заканчэння Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума быў накіраваны ў саўгас “Вялікае Сяло” загадчыкам гаража. Уладкаваўся на кватэру і пачаў працаваць. Хутка пазнаёміўся з вясковымі хлопцамі, і адзін з іх запрасіў Валерыя на провады ў армію. На тыя, як тады гаварылі ў вёсцы, “выправункі”, прыйшло шмат моладзі. І была сярод іх адна прыгажуня – невысокая, тоненькая, з чорнымі бровамі і карымі вачамі, яна выдзялялася сярод іншых дзяўчат. Валерый запрасіў незнаёмку на танец, а пасля першы раз праводзіў Валю дадому. Аказалася, што жыла яна амаль па-суседску, праз дзве хаты, ад той, дзе кватараваў хлопец. З таго вечара яны пачалі сустракацца. Валя скончыла 10 класаў і паехала вучыццаў Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. І туды паляцелі лісты. Шчырыя, поўныя любові і пяшчоты. Назад ляцелі такія ж. 

Валянціна прыязджала дадому на кожныя выхадныя, і закаханыя цешыліся кожнай хвілінкай, праведзенай разам. Бацькам Валянціны яе каханы спадабаўся, нічога не мелі супраць такога зяця. І, як толькі Валя атрымала дыплом, пачалі рыхтавацца да вяселля, якое хутка з размахам справілі.

“Мы даражылі кожным імгненнем”

Жылі спачатку ў Валіных бацькоў. Там нарадзілася першая дачушка Таццяна. Ад саўгаса маладой сям’і далі кватэру. Ужо туды “бусел прынёс” сыночка Сяргея. У сувязі з папаўненнем гаспадарка выдзеліла новую чатырохпакаёвую кватэру. 

Валерый працаваў ужо галоўным інжынерам у саўгасе, а Валянціна – загадчыцай мясцовай крамы. 

– Кожны дзень мы беглі з працы дадому, каб хутчэй быць разам, – з цеплынёй расказвае  Валянціна Мікалаеўна. – Мы даражылі кожным імгненнем, кожнай хвілінкай. Не маглі нацешыцца адно адным. І дзеткі нашы былі для нас найбольшай радасцю, невыказным шчасцем. У 1985 годзе мы атрымалі дом, дзе і зараз жывём. Тут нарадзіўся наш трэці сынок Саша. Мне муж не гаварыў прыгожых слоў, не абсыпаў кветкамі і каштоўнасцямі – мы без слоў разумелі адзін аднаго, нашы сэрцы ўсё гаварылі замест нас. Такое не выкажаш словамі, такое трэба адчуваць. 

– Я навучыўся разумець маю Валю па адным позірку, – дапаўняе жонку Валерый Міхайлавіч. – Ніколі не спрачаўся з ёю. Нават калі думаў, што мая праўда, усё роўна згаджаўся з ёю. А потым аказвался, што яна мела рацыю. Мы ўсё любім рабіць разам. І дома, і ў агародзе. А восенню ездзім у грыбы. Амаль кожны дзень бываем у лесе. Сёлета ўжо шмат назбіралі, на ўсю зіму хопіць. Валя ў мяне – слаўная гаспадыня, так спраўна ў яе ўсё атрымоўваецца. Кулінар – адмысловы, і так да ўсяго здатная. Як такую не любіць?!

Сёмага лістапада гэтая цудоўная сям’я адзначыла свой залаты юбілей. Пяць дзесяцігоддзяў яны ідуць па жыцці разам, дзелячы радасці і трывогі. 

Цудоўная сям’я!

Валерый Міхайлавіч амаль сорак гадоў працаваў галоўным інжынерам, Валянціна Мікалаеўна сорак пяць – у гандлі. Яна вельмі паважаныя на сяле людзі, іх ставяць у прыклад, імі ганарацца дзеці, унукі.
Старэйшая дачка Таццяна жыве ў Ваўкавыску, яна – педагог. Яе дачушка Юля ужо замужам. Сяргей жыве недалёка, у Вялікім Сяле. Яго дачка Карына вучыцца ў Гродзенскім аграрным універсітэце, а малодшы сынок Алег ходзіць у школу і з’яўляецца найлепшым памочнікам бабулі з дзядулем. Прыбягае і адразу пытаецца: “Бабулька, дай мне якую-небудзь работу, а то мае рукі сумуюць без працы”. З задавальненнем і бульбы начысціць, і лісце ў садзе падграбе, і дзеду ва ўсім дапаможа. 

Малодшы сын Аляксандр звіў сваё гняздо ў Гродна. У яго дзве дачушкі – Надзя і Ганначка. У дзяцёй добрыя сем’і, і гэта вялікая радасць для бацькоў. Ды і хіба магло быць інакш? Яны змалку бачылі, як паважліва, з любоўю адносіліся адзін да аднаго маці і бацька, яны ўпіталі ў сябе тое святло, якое сагравае зараз іх уласныя сем’і. 

Дзеці, унукі – частыя госці ў бацькоўскай хаце. Такой вялікай, утульнай, гасціннай. Тут так хораша, так лёгка і радасна, бо жывуць у гэтай хаце самыя родныя людзі, самыя лепшыя ў свеце – мама і тата.

Захапленні для душы

У Валянціны Мікалаеўны галоўнае хобі – кулінарыя. У яе руках самыя простыя прадукты становяцца шэдэўрамі. Яна актыўная ўдзельніца клуба “Суседачкі” Вялікасельскага філіяла-клуба, дзе праходзяць цікавыя мерапрыемствы як для дарослых, так і для дзяцей. А якая яна агародніца! На ўчастку растуць галубіка, журавіны, суніцы, парэчка. У агародзе выспяваюць кавуны па 10-15 кілаграмаў. Гэта не гаворачы ўжо пра іншую садавіну і агародніну.  

А ў Валерыя Міхайлавіча два захапленні: пчолы і галубы. І той, і другі занятак прыйшлі да Валерыя Зеня з дзяцінства. У бацькі ў Грынках былі пчолы, і маленькі Валера любіў назіраць, як мітусяцца гэтыя паласатыя работніцы, збіраючы нектар з кветак. А ў садзе стаяў неверагодна прыемны водар мёду і кветак. Калі Зеням далі жыллё, Валерыю Міхайлавічу адразу захацелася завесці пчолак. І завёў! Сёння ў яго двары стаяць 30 вулляў і навокал такі ж пах, як у дзяцінстве.

Галубоў таксама Валерый Зень любіў з маленства. У Грынках раней многія трымалі гэтых прыгожых птушак. Ён любіў  назіраць, як яны ўзлятаюць высока-высока, лунаюць у вышыні, а потым вяртаюцца. Заварожана глядзеў, як варкуюць голуб з галубкаю. Ужо тады думаў, што абавязкова завядзе галубоў, бо гэта ж так цікава назіраць за імі.

Сёння ў Валерыя Міхайлавіча 25 галубоў. Ён усёй душой любіць гэтых птушак, клапоціцца аб іх. І не дзіўна. Гэта блізка яму па духу, па складзе характару. І, наогул, па атмасферы ў гэтай сям’і. Усім вядома, што голуб – гэта сімвал міру, любові, чысціні. Галубы асацыіруюцца з вернасцю, прыхільнасцю і гатоўнасцю на ахвярнасць. А гэта ўсё пра іх – Валерыя і Валянціну, якія пранеслі праз пяць дзесяцігоддзяў як найдаражэйшы скарб сваё каханне, вернасць, адданасць адзін аднаму. Яны, голуб з галубкаю, неразлучныя, іх два закаханыя сэрцы даўно сталі адным гарачым і трапяткім.  

Яшчэ кажуць у народзе, што галубы – веснікі добрых навін. Паводле павер’яў, калі голуб сядае на плячо чалавека, яго чакае поспех  і добразычлівасць лёсу. 

Не сумняваюся, што на плячы ў Валерыя Міхайлавіча часта спачывалі яго галубкі і не раз прыносілі добрыя весткі. Няхай жа і надалей у гэтым садзе-агародзе лунае водар мёду і кветак, а галубкі не лянуюцца прыносіць прыемныя навіны.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Зень

Предыдущая статья

В преддверии Дня работников сельского хозяйства подвели итоги аграрного года. Подробности в интервью с первым заместителем председателя – начальником управления сельского хозяйства и продовольствия райисполкома Алесей Глинковой