Пётр і Валянціна Бабовік з вёскі Юбілейнай тыдзень таму адзначылі брыльянтавы юбілей. Шэсць дзясяткаў гадоў пражылі яны ў згодзе, далі жыццё чацвярым дзецям, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў.
Тыя гады нанізаліся на нітку жыцця, як каштоўныя каменьчыкі-пацеркі, і зіхацяць, пераліваюцца ўсімі колерамі, якія толькі ёсць. Але каб заззялі тыя “каменьчыкі” вось так, ва ўсю моц, на працягу ўсяго жыцця іх аграньвалі муж і жонка ўзаемнай цеплынёю і шчырасцю, любоўю і вернасцю.
Усе гады ў гэтай хаце панавалі давер, добразычлівасць і павага адзін да аднаго. У такой цёплай атмасферы раслі дзеці, і сёння бацька і маці з’яўляюцца для іх прыкладам дастойнага жыцця, маяком,
які не дазволіць згубіцца ў лабірынтах лёсу.
Каханне з першага позірку
У кожнай сям’і, вядома ж, ёсць свая гісторыя. Ад першай сустрэчы да першага дотыка рук, першага пацалунка, ад моманту, калі навекі два любячых сэрцы з’ядналіся ў адно, і да дзён, калі на скроні ўпаў снег сівізны, а на твар ляглі глыбокія маршчынкі, – усё гэта гісторыя, якую пішуць двое: ён і яна, аднойчы і назаўсёды з’яднаныя адным лёсам.
Такую гісторыю вось ужо шэсць дзясяткаў гадоў піша і сям’я Бабовік. Час ад часу гартаючы старонкі мінулага, ім абодвум ёсць сёння што ўспомніць, і не за адзін дзень не сорамна ні перад людзьмі, ні перад Богам.
А пачалася іх гісторыя з таго дня, калі малады Пётр зазірнуў з сябрамі ў Свіслацкі рэстаран “Белавежскі”. Не сказаць, каб хлопец любіў хадзіць па рэстаранах, але ў той дзень не адмовіўся ад прапановы пасядзець, пагутарыць з сябрамі за сталом. Прыйшла да таго стала маладая афіцыянтка, узяла заказ, і дзявочы погляд выпадкова ўпаў на Пятра. Яму аж горача зрабілася ад таго погляду. І, нечакана для самога сябе, ён сказаў сябрам: “Хлопцы, мне здаецца, я на гэтай дзяўчыне ажанюся”. Хлопцы, вядома ж, не паверылі такому хуткаму рашэнню Пятра, але жартам падтрымалі яго намер. Пасядзелі трохі і разышліся. Але Пётр не жартаваў. Яму запала ў сэрца дзяўчына з доўгай касой, добрымі вачыма і мілай усмешкай. І ўжо праз пару дзён ён праводзіў красуню дадому. Раз, другі, трэці… І прыйшоў час, калі яны абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі.
Вяселля не было. І сукенкі з вэлюнам таксама. Быў проста вечар, але хіба гэта так важна?
Часам такія шумныя і багатыя вяселлі спраўляюцца, а год-два пажывуць маладыя муж з жонкаю і разбягаюцца, другога шчасця шукаюць.
Жылі Пётр з Валянцінай спачатку ў часовым збудаванні, але і таму былі рады. Галоўнае, што былі разам, будавалі планы, марылі, што будзе ў іх свая хата, народзяцца дзеці і ўсё пойдзе ладком.
– Хата маіх бацькоў вайною згарэла, калі Свіслач вызвалялі, – гаворыць Пётр Міхайлавіч. – Хаваліся тады людзі, хто куды мог. І наша сям’я таксама. А вярнуліся на папялішча. Першы час жылі ў бабулі ў Празніках, а пасля вайны пачалі новую хату будаваць на старым месцы. Бацькі пазыку ўзялі, і ўжо амаль усё гатовае было, а тут бацька памёр. А нас у мамы двое было: я і брат Аляксандр. Яна не магла далей плаціць пазыку, і ў нас адабралі дом. Я ў шаснаццаць гадоў паехаў на заробкі, адтуль і ў армію пайшоў. І толькі пасля арміі вярнуўся дадому. Мама вельмі цешылася, бо ўжо не вельмі і спадзявалася пабачыць мяне жывым.
І вось калі сустрэў я сваю Валю, стала яна маёй жонкай, дык мы марылі, што будзе ў нас свая хата, што дзеці будуць расці ў ёй нам на радасць. Так і сталася. Чацвёра дзетак мне жонка падарыла: два сына і дзве дачушкі. Яны наша радасць і гордасць. Наша надзея і прадаўжэнне.
Неспадзяванка ад сына
Споўніліся мары Пятра і Валянціны. Вырасла ў вёсцы Юбілейнай новая хата, зазвінелі ў ёй дзіцячыя галасы. Кожнай вясною зацвітаў малады сад, пасаджаны руплівымі рукамі гаспадара, а гаспадынька пра агарод дбала, каб усё сваё было. Была і свая гаспадарка, словам, усё як у людзей.
Пётр Міхайлавіч 37 гадоў працаваў экскаватаршчыкам. Рана ішоў да працы, позна вяртаўся. Дзецьмі, пакуль яны раслі, больш займалася жонка. Яна пасля замужжа і нараджэння першага дзіцяці ў сферу грамадскага харчавання больш не вярнулася. Пайшла працаваць на чыгуначную станцыю. Там адшчыравала больш за 34 гады. У яе было трохі больш часу, каб займацца выхаваннем дзяцей і хатняй гаспадаркай. Маці сачыла, каб своечасова было зроблена хатняе заданне, каб усё ў дзяцей было ў парадку. Яны вучыліся добра, ад школы не было ніколі нараканняў. У кожнага былі свае захапленні, свае планы на будучае. А вось малодшы сын Юрый аднойчы так здзівіў, што ў бацькоў слоў не было. Пайшлі неяк яны разам з Юрай ва ўнівермаг. Ён тады ў сёмым класе вучыўся. У магазіне хлопцу кінуліся ў вочы баяны. Нечакана ён стаў прасіць: “Купіце мне баян, калі ласка”. “Навошта ён табе, – запярэчыў бацька, – ты ж іграць не ўмееш”. “Я навучуся, купіце, ну, купіце”. І бацькі згадзіліся. Юра быў на сёмым небе ад шчасця. Як толькі прыйшоў дадому, узяўся за інструмент. Нешта рыпаў сабе пад нос, і “музыка” тая больш раздражняла, чым цешыла. “Юрка, – сказала маці, сядаючы абіраць бульбу, – ты да песні музыку падбяры, а то слухаць тваё рыпанне не хочацца”. І заспявала: “Что стоишь, качаясь, тонкая рябина…” І вось цуд: праз некалькі хвілін з баяна палілася знаёмая мелодыя. Яшчэ такая няроўная, але ж ужо падобная. Хлопчык усё смялей перабіраў баянныя кнопачкі, і ўсё прыгажэй гучала музыка.
Вось было чаму здзіўляцца маці. І бацька таксама быў ашаломлены такой неспадзянкай ад сына. Ды і Юра сам сабе здзівіўся.
Бацька, доўга не думаючы, узяў сына і паехаў з ім у Свіслацкую музычную школу. “Вазьміце майго сына, каб вучыўся. У яго ёсць здольнасці”, – прасіў бацька. Але слухаць яго не хацелі, таму што Юра быў у тым узросце, калі ўжо позна паступаць у школу. Нават паслухаць не захацелі.
Але бацька не здаваўся. Пайшлі яны з Юрай да настаўніка па баяну Мікалая Бараля. Той паслухаў хлопчыка і быў вельмі здзіўлены яго прыродным талентам. Згадзіўся з ім працаваць індывідуальна. А потым прапанаваў бацьку паказаць хлопчыка настаўніку музыкі Генадзю Бутару з Поразава. Паехалі туды. І зноў Юра здзівіў вопытнага музыканта. Згадзіўся займацца з хлопчыкам і, мала таго, пачаў яго… рыхтаваць да конкурсу.
А конкурс быў сур’ёзны. У журы сядзелі масцітыя майстры, выкладчыкі Гродзенскага музычнага вучылішча. Яны паслухалі, як іграў Юра, і былі неверагодна здзіўлены. “Дзе вы ўзялі такога хлопчыка?” – запыталі ў Генадзя Бутара. “Ён у мяне толькі тры месяцы вучыцца, і гэта сапраўдны самародак”, – адказаў настаўнік.
Так вось вызначыўся лёс малодшага сына Бабовікаў Юрыя. Сёння ён працуе выкладчыкам музыкі ў Гродзенскім каледжы мастацтва. У яго за спіною шмат перамог у самых розных музычных конкурсах, мае многа дыпломаў і грамат, а яго гонар – такія ж таленавітыя навучэнцы.
Галоўная каштоўнасць
Але не толькі малодшы сын вялікая каштоўнасць бацькі і маці. Старэйшая дачка Ларыса з чырвоным дыпломам скончыла Гомельскі чыгуначны тэхнікум. Працуе начальнікам чыгуначнай станцыі ў Маладзечне, з’яўляецца заслужаным работнікам чыгуначнага транспарту. Выгадавала дваіх дзяцей. Дачка Насця працуе суддзёй у Мінску, сын Павел пайшоў па будаўнічай справе.
Яшчэ адзін сын Бабовікаў – Андрэй – выбраў для сябе справу абаронцы Радзімы. Ён – палкоўнік, дацэнт, кандыдат ваенных навук. У яго таксама двое дзяцей. Дачка Дар’я – дызайнер, сын Юра скончыў школу.
Ганарацца бацькі і дачкой Таццянай. Яна скончыла школу з залатым медалём, вывучылася на стаматолага, працуе ў Гродне. Парадавала маму з татам дзвюма ўнучкамі. Старэйшая – Дар’я – на чацвертым курсе медуніверсітэта, выдатніца, а малодшая Настачка ў будучым годзе скончыць 11 класаў.
Валянціна Аляксандраўна бярэ ў рукі альбом, паказвае фатаграфіі дзяцей, унукаў, расказвае пра кожнага, і ў голасе яе столькі цеплыні і гонару за самых родных, самых любых на свеце крывінак. Як дарагі скарб захоўваюцца ў хаце ўсе газеты, дзе напісана пра дзяцей. Вось некалькі нумароў з надрукаванымі артыкуламі пра дачку Ларысу, пра сыноў Андрэя і Юру. Стаяць у хаце стрэнькія гармонікі, баяны, на якіх іграў малодшы сын. Тыя інструменты маўчаць, толькі пакуль не прыедзе Юрый. А тады зноў у хаце гучыць музыка і кожны яе куточак напаўняецца святлом радасці.
Прыязджаюць дзеці не часта, у кожнага свае справы, свае клопаты. Але тэлефануюць кожны дзень, турбуюцца пра самаадчуванне бацькі і маці, непакояцца пра здароўе. Бо гэта ж самыя родныя, самыя блізкія людзі на свеце, і іх любоў адчуваецца нават на самай далёкай адлегласці.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ






