Хата Валерыя і Ірыны Качаржук у вёсцы Міхалкі здалёк кідаецца ў вочы. У кожны куточак тут укладзены не толькі плён умелых рук, але і душа. Гэта адчуваецца і на вуліцы, і дома. У гэтай хаце нарадзіўся і вырас Валерый. Тут прайшло яго дзяцінства, адсюль ён падняўся на крылы. Бацькі ўжо пакінулі гэты свет, але ў сына ні на хвілінку не прыйшла да галавы думка, што хату можна прадаць. Бо, лічыць ён, няма такіх грошай, за якія можна было б адрачыся ад роднай хаты, ад тых сцежачак, на якіх назаўсёды засталіся сляды бацькі і маці, дзе па-ранейшаму адчуваецца пах дзяцінства, юнацтва, дзе ўсё такое дарагое, такое роднае і блізкае сэрцу. Толькі тут яно б’ецца спакойна, і толькі тут так лёгка дыхаецца, так соладка спіцца.З чаго пачыналася Міхаіл і Ганна Качаржук пажаніліся ў 1960 годзе. Міхась быў кавалём. Прафесія на той час паважаная і запатрабаваная. Ганна працавала ў паляводстве. Спачатку сям’я жыла ў маленькай хатцы, але амаль адразу пачалі будаваць новы дом побач.
Гаспадар сам складаў па бярвенцу гэту хату. Рукі меў залатыя, любая справа была яму пад сілу. Словам, слыў Міхась Качаржук майстрам, якіх пашукаць. Жонка Ганна таксама лічылася самавітай гаспадыняй. Пірагі пякла – проста цуд, і да другіх спраў была здольная. Ткала дываны, вышывала неверагодна прыгожыя сурвэткі, настольніцы, рушнікі. Да таго ж была вельмі добрай і чулай жанчынай.
Ужо ў новай хаце нарадзіліся ў іх дзеці: сынок Валерый і дачушка Святлана.
Калі дачушка, як толькі падрасла, больш тулілася да маці, у яе вучылася жаночым справам, то сынок з малых гадоў круціўся каля бацькі.
– Раніцай, як толькі паснедаю, хутчэй бягу да таты ў кузню. І там ужо разам з ім нешта куём. Бацька вялікім молатам б’е, а я маленькім малаточкам цюкаю. Вось так справа і ішла ў нас памаленьку, – дзеліцца ўспамінамі Валерый Міхайлавіч. – Да бацькі вельмі часта звярталіся вяскоўцы, прасілі зрабіць матычку ці шароўку. Як падрос, бацька навучыў мяне касіць, за плугам хадзіць, за сахою, з дрэвам працаваць. Так я і рос, усяму патроху вучыўся.
Але калі прыйшла пара выбіраць сабе прафесію, Валерый вырашыў вучыцца на фатографа. У Міхалкаўскай школе ён наведваў гурток, дзе вучылі фатаграфаваць. Хлопца захапіў гэты занятак, і ён вырашыў стаць прафесіяналам у такой цікавай справе.
Паехаў у Мінск, паступіў у ПТВ бытавога абслугоўвання, паспяхова скончыў яго і прыехаў на працу ў Свіслач. Роўна дваццаць гадоў аддаў Валерый рабоце з фатаграфіяй. Да таго часу, пакуль справы ў атэлье не пайшлі на спад і фатограф быў ужо не запатрабаваны.
Лёсавызначальная сустрэча
Валерый уладкаваўся на пункт пропуску ў Белавежскую пушчу. На той час ён заахвоціўся разьбой па дрэве. І так спраўна ў яго ўсё атрымлівалася, што ўвесь вольны час прысвячаў гэтай справе. Вось і кантрольна-прапускны пункт, які спачатку выглядаў нейкім нязграбным і шэрым, дзякуючы рукам Валерыя ператварыўся ў прыгожы церамок, якім любаваліся ўсе, хто бываў на КПП. Валерыю работа падабалася. Свежае паветра, векавы лес, птушыны спеў – адно задавальненне!
І аднойчы на тым пункце адбылася лёсавызначальная сустрэча. У пушчанскую старонку разам з сябрамі завітала маладая жанчына Ірына Фунт. На той час яна ўжо аўдавела і часта бывала ў прыгнечаным настроі, што непакоіла сяброў. Быў дзень нараджэння ў дзяцей Ірыны. Яны абодва нарадзіліся 11 чэрвеня, толькі з розніцай у два гады. Пасядзелі на прыродзе, адсвяткавалі такую значную падзею, а потым сябры вырашылі пазнаёміць Ірыну з Валерыем. Прыехалі на прапускны. Але Вылеры не аказалася тады на месцы. Што тут рабіць? Не ехаць жа дадому “з пустымі рукамі”. Вырашылі пашукаць яго. А тым часам Ірына заглянула ў “церам” – і ў яе прама дух захапіла ад хараства, якое зрабіў сваімі рукамі Валерый. Ужо тады, яшчэ не бачыўшы майстра, яна завочна праніклася да яго сімпатыяй і цеплынёй. А потым прывезлі Валерыя, сказаўшы яму, што трэба тэрмінова прапусціць дзве машыны.
І адбылося знаёмства двух самотных сэрцаў. Дзіўна, але ў абоіх было такое ўражанне, што яны чакалі ўсё жыццё менавіта гэтага моманту…
Сталі сустракацца. Валерый пазнаёміўся з дзецьмі Ірыны і сэрцам прыняў іх абодвух. А яшчэ з большай цеплынёй прыняла будучую нявестку мама Валерыя Ганна Васільеўна, якая на той час даўно аўдавела. Яна вельмі непакоілася, што сын доўга не мог знайсці сваю суджаную, баялася, што застанецца адзін. Радасцю засвяціліся вочы старэнькай, калі сын пазнаёміў яе з Ірынай.
Сталі сустракацца. Валерый пазнаёміўся з дзецьмі Ірыны і сэрцам прыняў іх абодвух. А яшчэ з большай цеплынёй прыняла будучую нявестку мама Валерыя Ганна Васільеўна, якая на той час даўно аўдавела. Яна вельмі непакоілася, што сын доўга не мог знайсці сваю суджаную, баялася, што застанецца адзін. Радасцю засвяціліся вочы старэнькай, калі сын пазнаёміў яе з Ірынай.
– Свякроў дзяцей маіх прыняла ўсім сэрцам, як родных унукаў, – гаворыць Ірына. – І яны таксама пацягнуліся да бабулі. Віншавалі з усімі святамі, з днём нараджэння. Падарункі рабілі сваімі рукамі, падарылі кацянятка, якое бабуля вельмі палюбіла. Дзеці ахвотна сюды прыязджалі, і не толькі адпачыць ад гарадской мітусні, яны ва ўсім дапамагалі бабулі Ганне. А яна ў іх душы не чула. Заўсёды мела што-небудзь смачнае, каб пачаставаць. Яны даўно выраслі, стварылі сем’і, далі жыццё сваім дзецям. І ўжо разам з імі прыязджалі да бабулі. Добрая была наша бабулька, чулая, з адкрытым насцеж сэрцам. Я вельмі ўдзячна ёй за ўсё. І ў мужа майго такое ж добрае сэрца. Я ўдзячна лёсу за тое, што нашы дарогі сышліся. Мы сапраўды тыя палавінкі, якім было прадвызначана знайсці адзiн аднаго. Мне часам дзіўна: як можа ў адным чалавеку сумяшчацца столькі дабрыні, чуласці і творчасці! Ён спакойны, разважлівы, і яго пачуцці не ў словах, а ў справах. А ці не гэта самае галоўнае ў сямейным жыцці?!
Дзве творчыя натуры
Трэба адзначыць, што сустрэліся тым даўнім днём у пушчы не проста два лёсы, а дзве вельмі творчыя натуры, два сапраўдных самародка, якіх Бог надзяліў вялікім дарам ствараць прыгажосць.
Яны разам ужо амаль дваццаць гадоў. Выраслі дзеці, нарадзіліся ўнукі, і усе яны неразрыўна звязаны з бацькоўскай хатай Валерыя ў Міхалках, якая даўно стала роднай і для Ірыны. Яны жывуць у Свіслачы, працуюць у райцэнтры, але ўвесь вольны час бавяць тут, у вёсцы.
Маці Валерыя пакінула гэты свет тры гады таму. Гэтая страта пякучым болем адгукнулася ў сэрцах сына і нявесткі, унукаў, праўнукаў. І хата ні дня не сумавала, не заставалася без дагляду. Малодшая сястра Валерыя Святлана жыве далёка. Лёс закінуў яе ў Падмаскоўе, у горад Серпухаў. Але з братам і братаваю падтрымлівае добрыя адносіны. Калі прыязджае, па-сапраўднаму адпачывае ў роднай хаце.
Як і пры жыцці матулі, тут амаль штодня кіпіць работа. Вокам не акінуць, што тут нарабілі рукі Валерыя! Адна толькі альтанка з калодзежам у сярэдзіне проста зачароўвае. Зроблены прыгожыя аркі, куды ні глянь – усюды можна захапляцца хараством. Зроблены водаправод, з’явілася душавая кабінка, лазня, у хаце ўстанаўлiваецца санвузел. Шмат чаго перароблена на новы лад, вось толькі печ засталася на кухні некранутай. У ёй матуля пякла свае пірагі. Зараз іх пячэ нявестка.
Каля хаты і за хлявамі пасаджаны агарод. Там спеюць агуркі, памідоры, перцы, растуць цыбуля, бульба. А збоку рукамі Валерыя закладзены… лясок. Набіраюць сілу маладыя хвойкі, а побач растуць чатыры дубкі і пяць рабінак. Яны пасаджаны ў гонар нараджэння чатырох унукаў і пяці ўначак. Яны будуць расці і набіраць сілу разам з дрэўцамі.
А яшчэ гэтую хату з усіх бакоў акружаюць кветкі. Іх тут неверагодна многа, і гэта заслуга Ірыны. Яе рукам таксама няма адпачынку, яна ўвесь час жыве ў творчасці, шукае нешта новае, цікавае, неверагоднае. Шмат гадоў працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Яе галоўнае захапленне – саломка. У руках Ірыны гэтыя залатыя сцяблінкі літаральна ажываюць і ператвараюцца ў вельмi прыгожыя рэчы. Цяжка сабе ўявіць, як такое можна стварыць рукамі. І якія пры гэтым трэба мець рукі?!
Я ад’язджала з Міхалкаў з такімі цёплымі ўраджаннямі, з адчуваннем радасці ад сустрэчы з гэтымі людзьмі, ад іх чуласці, гасціннасці і адкрытасці. Як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, ад якіх зыходзіць святло!
Ядвiга КОБРЫНЕЦ








