banner

У Парыжы добра – у Нязбодзічах лепш

02 Октября’24
1818
Сёння гаворка пойдзе пра жанчыну. Прыгожую, разумную, таленавітую, гаспадарлівую, жыццялюбную. Можна яшчэ шмат эпітэтаў падабраць, і ўсе яны дасканала ўпішуцца ў характар і лад жыцця Марыі Качко з Нязбодзічаў. Спытайце ў любога чалавека, якому пашчасціла хоць раз сустрэцца і паразмаўляць з гэтай цудоўнай жанчынай – ён, безумоўна, пагодзіцца з тым, што тая сустрэча засталася ў яго душы цёплым і прыемным успамінам. Вось і я так магу сказаць. А мне пашанцавала не раз і не два сустрэцца з ёю, паразмаўляць, напіцца, як крынічнай вады, яе няўёмнай энэргіі, дакрануцца да дабрыні, якая стурменіць з сэрца, адчуць святло яе душы. 



Калі мары збываюцца

Але, хіба, вярнуся да вытокаў, да таго дня, калі ў прыгожай вёсцы Раўтовічы Зэльвенскага раёна на свет з’явілася дзяўчынка. Пятая ў вялікай і дружнай сям’і Фёдара і Ніны Мякеняў. Бацька, пэўна, марыў пра сына, але Бог паслаў пяць дачушак. Усе, як адна, выраслі разумнымі, добрымі, працавітымі, прыгожымі. 

Марыі, як самай маленькай, пяшчоты і любові дасталося, бадай, больш за ўсіх. Але і старэйшыя не былі абдзелены ўвагай бацькі і маці. Старанна вучыліся, дапамагалі бацькам і ў вольны час акуналіся ў свае летуценныя мары. Марыя марыла стаць настастаўніцай. І менавіта замежнай мовы. Чаму? Вельмі ж ёй падабалася настаўніца нямецкай мовы. Тая зусім маладзенькай прыйшла ў Чырвонасельскую сярэднюю школу, дзе вучылася Марыя. Тады дзяўчынка ўсім сэрцам ўлюбілася і ў настаўніцу, і ў яе ўрокі, і ў мову.

Школьныя гады праляцелі імгненна. Марыя паступіла ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў (зараз лінгвістычны ўніверсітэт) на факультэт французскай мовы. Паспяхова скончыла ВНУ і атрымала накіраванне ў Вялікасельскую базавую школу Свіслацкага раёна выкладчыцай замежнай мовы. Вельмі любіла свой прадмет, школу, дзяцей. Тады школу  узначальвала Таццяна Іванаўна Гуляй. Яна была вельмі задаволена маладой настаўніцай, методыкай яе выкладання.

Шчаслівая сустрэча



Так мінула тры гады. І аднойчы сяброўка запрасіла Марыю на вяселле. Жаніх быў з Зарэчанаў. А сярод дружбантаў – хлопец Аляксандр, які запаў у душу Марыі з першых хвілін, як пабачыла яго. Ён не быў яе дружбантам, але запрасіў на танец раз, другі… А потым, калі музыкі гралі “Дзень добры”, падарыў песню сваёй дружцы і Марыі. Шакаладкі прынёс таксама абедзвюм. Вяселле скончылася, а сімпатыя Аляксандра да Марыі толькі ўзрастала. Высокая, зграбная, прыгожая дзяўчына вельмі ўпадабалася хлопцу, і ён ужо тады вырашыў для сябе, што яна яму лёсам пры-значаная. Паўгода сустракаліся. Аляксандр быў на дзіва чулым, рамантычным кавалерам. Пры кожнай сустрэчы – прыемная неспадзяванка: то букецік кветак, то шакаладка, то сакавіты яблычак, то што-небудзь яшчэ, ад чаго дзявочае сэрца ўсё больш адкрывалася наўсцяж. А потым было вяселле. Госці дружна крычалі “горка”, жадалі шчасця і незгасальнага кахання маладым на доўгія-доўгія гады. Марыя з Аляксандрам свяціліся ад радасці і дзякавалі лёсу за тое, што не размінуліся іх сцежкі, што знайшлі адно аднаго і зараз пойдуць па жыцці разам.

Спачатку жылі з бацькамі Аляксандра ў Качках. Маладая нявестка была даспадобы свёкру і свякрусе, яны палюбілі нявестку за добрае сэрца і ўмелыя рукі. Бачылі, якім шчасцем свецяцца вочы ў сына, і шчыра цешыліся, гледзячы на маладых.    

Праз некаторы час Марыя падзялілася з мужам “вялікай таямніцай” –  у іх будзе дзіцятка. Нарадзіўся сынок Валодзя. Яшчэ большым святлом азарылася хата ад дзіцячай усмешкі, ад неперадавальнай радасці маці і бацькі, бабулі і дзядулі. Потым Марыя падарыла мужу дачушку Алесю. 
І радасць падвоілася. 

Праца на новым месцы

Дзеткі падрасталі. Пасля другога дэкрэту Марыі пара было вяртацца на працу ў школу. 
І тады ёй прапанавалі пайсці ў Нязбодзіцкі сельскі Савет сакратаркай. Яна згадзілася, хоць спачатку трохі хвалявалася, бо справа была новай, адрознівалася ад выкладання ўрокаў у школе. Але маладая жанчына з ахвотай узялася працаваць. 

І спраўлялася, трэба адзначыць, на выдатна. Усе дакументы, усе даведкі былі на сваіх месцах, ніколі ніякіх заўваг Марыя не мела. Першы час, праўда, трошкі сумавала па школе, нават не адкідала думкі, што вернецца і будзе далей выкладаць замежную мову. Але тут маладой сям’і ўручылі ключы ад новай кватэры ў адным з пабудаваных катэджаў у Нязбодзічах. Да тых пор яны ўсё яшчэ жылі ў бацькоў Аляксандра. А тут – новая кватэра! І канчатковы выбар быў зроблены.  

Марыя Качко адпрацавала сакратаркай трынаццаць гадоў, і ёй прапанавалі ўзначаліць сельскі Савет. Усе тонкасці справы Марыя Фёдараўна ўжо добра ведала і без ваганняў згадзілася. Як чалавек вельмі ўважлівы і адказны яна ўзялася за работу шчыра і заўзята. Дзелавая хватка, уменне працаваць з людзьмі, знаходзіць кампрамісы ў вырашэнні любых пытанняў і арганізатарскія здольнасці вельмі спатрэбіліся старшыні Нязбодзіцкага сельвыканкама. Марыя Фёдараўна адпрацавала на гэтай пасадзе
чвэрць стагоддзя. Яе прымалі ў кожным доме, яна ведала праблемы кожнай сям’і, раздзяляла іх радасці і беды, прыслухоўвалася да кожнай просьбы, не падзяляла пытанні людзей на важныя і не надта. За доўгую добрасумленную працу мае мноства ганаровых грамат як раённага, так абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Шчырая, добразычлівая, чулая, яна заслужыла павагу вяскоўцаў, з’яўляецца вялікім аўтарытэтам для ўсіх жыхароў, як пажылых, так і маладых. Яе аптымізмам можна толькі захапляцца.

Няма калі адпачываць

У гэтым годзе Марыя Фёдараўна пайшла на заслужаны адпачынак. Гэта зусім не значыць, што яна сядзіць склаўшы рукі. О, не! Яе рукам работы хапае! Асабліва з вясны да позняй восені. Яна вельмі любіць кветкі. Яны і ў хаце, і ў двары. Ружы ўсіх колераў, якія толькі ёсць, цвітуць усё лета да самых замаразкаў, вяргіні павырасталі вышэйшымі за гаспадыньку і лашчаць яе вока сваім хараством. Вельмі шмат іншых кветак. Да таго ж вялікі агарод і сад, у якім не растуць пакуль толькі экзатычныя расліны са смачнымі сакавітымі пладамі. 

Некалькі гадоў таму Марыя Качко заўдавела. Смерць любага мужа стала для яе цяжкім ударам. Па іроніі лёсу самая шчаслівая дата іх сумеснага жыцця – 28 чэрвеня, дзень, калі яны абмяняліся пярсцёнкамі, – стала самай горкай і сумнай для Марыі Фёдараўны. У такі ж дзень, роўна праз 35 гадоў, не стала мужа.
Аляксандр таксама быў вельмі паважаным чалавекам ў мясцовай гаспадарцы і раёне. У яго быў адзін запіс у працоўнай кніжцы, толькі пасады мяняліся. Пачынаў памочнікам камбайнёра, пасля службы ў арміі быў кіроўцам і завочна вучыўся. Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, працаваў спачатку загадчыкам участка, а пасля галоўным аграномам, аграномам-хімікам, аграномам па насенняводстве. Шмат разоў быў ўзнагароджаны ганаровымі граматамі. Можна было толькі ўражвацца яго працавітасці, разважлівасці, жыццёвай мудрасці. А яшчэ ён быў патрыётам сваёй малой радзімы. Нават думкі ніколі не дапускаў, што можа змяніць месца жыхарства. Толькі тут, дзе прараслі карані, дзе засталіся бацькоўскія сляды, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва, ён прагнуў жыць, працаваць, гадаваць дзяцей.

Дзеці і ўнучкі – надзея і гонар



35 шчаслівых гадоў прамільгнулі, як адзін дзень. Гэтыя тры з паловай дзесяцігоддзі пражыла сям’я ў згодзе і каханні. Муж ва ўсім падтрымліваў, дапамагаў жонцы, быў уважлівым і клапатлівым, ласкавым бацькам, найлепшым у свеце дзядулем. Кожны дзень, пражыты разам, Марыя Фёдараўна ўспамінае з цеплынёю і ўдзячнасцю. Яна не губляе бадзёрасці, але гэтая цяжкая страта вострым болем жыве ў сэрцы. Яе падтрымка, надзея і гонар – гэта дзеці, унучкі. Сын  Уладзімір – ваенны афіцэр, палкоўнік. Займаецца навуковай дзейнасцю ў навукова-даследчым інстытуце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Кандыдат тэхнічных навук. А нявестка выкладае замежную мову ў прыватнай школе. Гадуюць дзвюх прыгажунек-дачушак Яўгенію і Валерыю. 

Дачка Алеся  скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт радыёфізікі і электронікі. Муж Алесі вучыўся ў той жа ўстанове. Ён – праграміст. Сям’я шмат гадоў пражывае ў Парыжы. Гэта звязана з працай мужа. У іх растуць тры дачкі: Паліна, Наталля і Эліна.  Яны вельмі любяць прыязджаць у Нязбодзічы да бабулі Марыі. Вось дзе ім раздолле і выгода. А якімі смакоццямі частуе іх любая бабулька, як цікава з ёю бавіць час!

У мінулым годзе і сёлета Мырыя Фёдараўна гасціла ў дачкі Алесі ў Парыжы. Дарэчы, Марыя Качко дасканала валодае французскай мовай. Прыехала з багатымі ўражаннямі, наведала ўсе славутасці, але, галоўнае, пабачылася з любымі ўнучкамі, нацешылася імі. А калі вярнулася, яшчэ раз упэўнілася, што няма на свеце краіны лепшай і прыгажэйшай за Беларусь. А Нязбодзічы ў сто разоў мілейшыя і бліжэйшыя да душы, чым Парыж з усімі яго славутасцямі. 

Ядвіга Кобрынец
Фота аўтара

Предыдущая статья

Пусть жизнь остается прекрасной всегда: праздничный концерт ко Дню пожилых людей в Свислочи