banner

70 гадоў з дня ўтварэння Свіслацкага раёна

08 Февраля’10
3163

70 гадоў з дня ўтварэння Свіслацкага раёна12 лістапада 1939 года нечарговая трэцяя сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР. 15 студзеня 1940 года быў створаны Свіслацкі раён Беластоцкай вобласці ў складзе 17 сельсаветаў: Свіслацкага, Відзейкаўскага, Вейкаўскага, Грынкаўскага, Лукаўскага, Палонкаўскага, Грыцавіцкага, Кватарскага, Дабравольскага, Велікасельскага, Юшкаўскага, Нязбодзіцкага, Ялаўскага, Мастаўлянскага, Старалейкаўскага, Шымкаўскага, Агародніцкага і Свіслацкага гарадскога Савета.

15 студзеня 1940 года быў таксама створаны Поразаўскі раён Брэсцкай вобласці з цэнтрам у вёсцы Поразава. У яго ўвайшлі 12 сельсаветаў: Поразаўскі, Дашкавіцкі, Падароскі, Нізянскі, Ханявіцкі, Лаўрынавіцкі, Кукліцкі, Навадворскі, Хрустаўскі, Крапіўніцкі, Міхайлаўскі, Шурыцкі.

24 сакавіка 1940 года ў заходніх абласцях Беларусі адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР, БССР, у абласныя, гарадскія, раённыя, пасялковыя і сельскія Саветы дэпутатаў працоўных.

У Вярхоўны Савет БССР па Свіслацкай выбарчай акрузе быў выбраны Мікалай Мікалаевіч Болтрык, па Поразаўскай – Мікалай Іванавіч Шырынга.

У мясцовыя Саветы былі выбраны прадстаўнікі рабочага класа, сялянства, інтэлігенцыі. Сярод іх Канстанцін Аляксандравіч Варановіч – першы старшыня Свіслацкага гарсавета и Іван Іванавіч Панотчык – старшыня Дабравольскага сельсавета.

У самы кароткі тэрмін у вызваленым краі было ліквідавана беспрацоўе. Сяляне атрымалі зямлю, якая належала памешчыкам, асаднікам, кулакам.

На тэрыторыі цяперашняга Свіслацкага раёна было створана 10 калгасаў, 2 машынна-трактарныя станцыі – Поразаўская і Свіслацкая МТС.

У Свіслачы сталі працаваць беларуская сярэдняя, польская, руская і яўрэйская сямігодкі, Свіслацкая бальніца, гарадская і шэраг сельскіх бібліятэк, хат-чытальняў. У Свіслачы ў 1940 годзе адкрыты кінатэатр “Звезда”.

70 гадоў з дня ўтварэння Свіслацкага раёнаАднак мірнае жыццё было парушана вераломным нападам фашысцкай Германіі. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Акупацыйны рэжым на Свіслаччыне працягваўся 1116 дзён і начэй. Вайна пакінула цяжкую спадчыну. 1162 ураджэнцы раёна не вярнуліся з вайны. 5213 мірных жыхароў было закатавана ў час акупацыі. Немцы знішчылі шэраг населеных пунктаў. У Навадворскім сельсавеце – 2 вёскі, 5 хутароў, 2 урочышчы. У Дабравольскім – 6 вёсак. Разбураны і разрабаваны культурна-бытавыя ўстановы, школы, бальніца, культавыя ўстановы. Свіслач была знішчана на 95 %. Уцалелі пасля вайны будынкі цяперашняга кінатэатра, раённага гісторыка-краязнаўчага музея, у якіх у даваенны час размяшчаліся сінагога і карчма. Засталося некалькі дамоў па вуліцы Новай, у паўразбураным стане былі будынкі цяперашняга праектнага бюро, міліцыі, гімназіі.

У краінах Еўропы яшчэ ішлі баі, а на Свіслацкай зямлі пачалася аднаўленчая дзейнасць. Галоўнай справай свіслачан, большую колькасць якіх складалі жанчыны, падлеткі ды старыя, было падняць з руін разбураную вайной гаспадарку, аднавіць пабудовы, наладзіць жыццё на мірны лад.

Аднаўляліся дарогі, рачныя масты. За 1945-1948 гады жыхарамі раёна было адрамантавана 718 пагонных метраў мастоў з 1000 метраў існуючых.

Ужо ў канцы ліпеня 1944 года быў створаны райваенкамат, пачаўся прызыў у армію. У хуткім часе ўзнавілі сваю працу бальніца, пошта, міліцыя.

1 верасня 1944 года навучальныя ўстановы прыступілі да заняткаў, а ў Свіслачы навучальны год пачаўся ў паўразбураным левым крыле будынка гімназіі.

 Першай буйной пасляваеннай пабудовай у Свіслачы была школа, будаўніцтва якой завершана ў 1949 годзе. У ліпені 1944-га выйшаў першы пасляваенны нумар раённай газеты “За Родину”.

Галоўнай галіной эканомікі Свіслаччыны ў першыя пасляваенныя гады была аграрная. На тэрыторыі раёна аднаўляюцца калгасы, ствараюцца новыя. Працэс эканамічнага аднаўлення праходзіў у складаных грамадска-палітычных умовах і суправаджаўся міграцыяй насельніцтва. Аднак час называў імёны сваіх герояў. У 1948 годзе першы сакратар Свіслацкага РК ЛКСМБ Р. І. Налівайка быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

У 1950 гадах у сярэднім па раёну атрымлівалі з кожнага гектара па 6,6 ц зерневых, 50 ц бульбы. На 1 фуражную карову надойвалі па 1099 кг малака. У 1951 г. было праведзена паэтапнае узбуйненне калгасаў. Паваротным пунктам у дальнейшым развіцці сельскай гаспадаркі стаў вераснёўскі Пленум ЦК КПСС (1953 г.), на якім было вырашана істотна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх калектыўных гаспадарак, забяспечыць іх вопытнымі кадрамі. Як вынік — работнікі сельскай гаспадаркі раёна сталі ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. У 1955 — 1957 гг. брыгадзір-садавод калгаса імя Мічурына Мікалай Васільевіч Рыжы быў узнагароджаны медалём удзельніка УСГВ.

Першая пасляваенная пяцігодка пераўтварыла воблік Свіслачы. Аднаўляецца будынак бальніцы, крама, устаноўлены помнік У. І. Леніну і помнік на брацкай магіле.

У 1953 годзе ў Свіслачы паспяхова вядзецца будаўніцтва 4-кватэрнага двухпавярховага жылога дома, райбальніцы, Дома культуры. У дамы сельскіх жыхароў прыходзіць радыё.

22 ліпеня 1955 года ў Свіслачы адкрыўся раённы ўнівермаг, узведзены будынкі райкама партыі і райвыканкама, жылыя дамы па вул. Першамайскай, кніжная крама, лазня.

У 1960 гады актывізуецца грамадскае жыццё. У Свіслачы пабудаваны школа-інтэрнат (1961 г.), сярэдняя школа па вул. Пралетарскай, дзіцячы сад № 1, будынак аптэкі (1963 г.), адчынена Свіслацкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа (1 ліпеня 1963 г.), якую ўзначаліў М. Мядзведзь. З’яўляюцца новыя вуліцы: Гагарына, Масонава, Зарэчная, Я. Коласа, Чырвонаармейская.

 За заслугі ў справе развіцця кааператыўнага гандлю, арганізацыі закупак і перапрацоўкі сельскагаспадарчых прадуктаў у 1963 годзе атрымлівае ордэн “Знак Пашаны” дырэктар хлебакамбіната райспажыўтаварыства Ядвіга Антонаўна Налівайка.

За поспехі, дасягнутыя ў жывёлагадоўлі Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР у 1966 годзе прысвоіў званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і Залатога медаля “Серп і Молат” Ядвізе Іванаўне Рэкуць, свінарцы саўгаса “Новы Двор”. Таксама ордэнам Леніна ўзнагароджаны: Н. М. Цітарэнка — настаўніца Дварчанскай васьмігадовай школы, А. Р. Даманава — загадчык радзільнага аддзялення Свіслацкай райбальніцы, У. Я. Бартош — свінар калгаса імя Леніна, В. А. Гінч — жывёлавод калгаса імя Каліноўскага.

У 1964 годзе быў створаны райбыткамбінат, яго ўзначаліў А. М. Раеў.

70 гадоў з дня ўтварэння Свіслацкага раёнаДля мясцовай прамысловасці 1960-я гады былі адметны тым, што ўсе прадпрыемствы раёна выканалі пяцігадовыя планы па выпуску валавай прадукцыі і яе рэалізацыі. Сярод лепшых адзначаўся калектыў райбыткамбіната, які выканаў пяцігодку за 3 гады і 10 месяцаў. З гэтай нагоды і ў гонар 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі калектыў райбыткамбіната ўзнагароджаны Памятным Сцягам ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў БССР і Белсаўпрофа.

У снежні 1965 года створана раённае таварыства ветэранаў, старшынёй якога быў абраны Аляксандр Якаўлевіч Бальшакоў.

У 1966 годзе адкрыта Свіслацкая дзіцячая музычная школа. Яе першы дырэктар — І. А. Барэль.

У 1969 годзе адкрыты чыгуначны пагранічны пераход Свіслач — Семяноўка.

Пачатак 1970-х гадоў адметны тым, што ўсе прадпрыемствы раёна выканалі пяцігадовыя планы па выпуску валавай прадукцыі і яе рэалізацыі.

Менавіта ў гэты перыяд Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 24 снежня 1970 года за заслугі ў вобласці аховы здароўя ганаровае званне заслужанага ўрача БССР было прысвоена галоўнаму ўрачу раёна Мікалаю Аляксандравічу Турко.

Актыўна вядзецца сацыяльна-культурнае будаўніцтва. У 1972 годзе ўзведзены будынак раённай бальніцы. Па вуліцы Камсамольскай выраслі будынкі Дома быта, рэдакцыі і друкарні. З’явіліся будынкі: пошта, аўтастанцыя, рэстаран “Белавежскі”, пракуратура, ветэрынарная станцыя, дваццацічатырохкватэрны жылы дом з усімі выгодамі.

Павысіўся ўзровень спецыялізацыі і канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Больш эфектыўна сталі выкарыстоўвацца зямельныя ўгоддзі, тэхніка, матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.

У 1970 годзе раён быў удзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі.

У 1975, 1978, 1979 гадах па выніках работы сельскай гаспадаркі раён узнагароджваўся пераходнымі Чырвонымі Сцягамі ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена першаму сакратару Свіслацкага РК КПБ А. А. Апрышчанку (1971 г.). Ордэнамі Леніна ўзнагароджаны свінарка саўгаса “Велікасельскі” А. В. Буткевіч, даярка калгаса імя Леніна М. Т. Вайцяхоўская, загадчык вытворчага ўчастка саўгаса “Вердамічы” П. Г. Дзікевіч, трактарыст саўгаса “Велікасельскі” М. П. Залуцкі, дырэктар саўгаса “Вердамічы” П. І. Заяц, трактарыст калгаса імя Каліноўскага П. І. Кавалеўскі, загадчык вытворчага ўчастка калгаса імя Мічурына У. І. Качко, трактарыст калгаса “Савецкая Беларусь” У. І. Пясняк, звеннявы калгаса “Савецкая Беларусь” А. А. Радзівон, свінарка саўгаса “Поразаўскі” І. І. Улас, слесар Свіслацкай райсельгастэхнікі А. А. Шостак, трактарыст калгаса імя Леніна І. Б. Якімчык.

Праводзілася мэтанакіраваная праца па паляпшэнню культурнага абслугоўвання насельніцтва, развіццю народнай творчасці. У 1970-я гады ў раёне працавала 60 устаноў культуры. Кніжны фонд бібліятэк склаў 354844 экзэмпляры, чытачоў 23 тысячы чалавек.

У 1976 годзе створаны раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

У 1979 годзе пачала сваю дзейнасць райсельгасхімія.

Рашучыя крокі былі зроблены ў 1980-х гадах ў напрамку карэннай рэканструкцыі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове навукова-тэхнічнага прагрэсу, удасканалення сістэмы кіравання.

Калгасу імя Леніна (старшыня А. У. Жмайлік) прысвоена званне “Гаспадарка высокай культуры земляробства”. Юсько Н. А., свінарка калгаса імя Чкалава, узнагароджана ордэнам Леніна.

Паступова ўзрастаў эканамічны патэнцыял раёна. Стабільна працавалі прадпрыемствы мясцовай прамысловасці, кааперацыі, перасовачна-механізаваная калона і іншыя. У 1986 годзе адкрыта газаразмеркавальная станцыя. У Свіслач прыйшоў прыродны газ.

1980-я гады характарызаваліся далейшым ростам сеткі культурных устаноў раёна.

З кожным годам у раёне павялічваліся маштабы жыллёвага будаўніцтва, капітальнага рамонту і добраўпарадкавання. У 1998 годзе гарадскі пасёлак Свіслач быў прызнаны лепшым у абласным і рэспубліканскім аглядзе-конкурсе і ўзнагароджаны Ганаровым пераходным Знакам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Восьмая сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць трэцяга склікання 14 снежня 2000 года прыняла рашэнне аб наданні г. п. Свіслач статуса горада.

Гэтыя дасягненні — вынік самаадданай працы рабочых, сялян, інтэлігенцыі. Далейшы рух наперад немагчымы без выкарыстання станоўчага вопыту нашых продкаў. Захаванне гістарычнай памяці, веданне гісторыі краю, сваёй духоўнай спадчыны заўсёды вяртаюць нас да памяці аб тых, хто ўславіў родную зямлю сваімі справамі.

Працаўнікі раёна разумеюць, што заўтра нараджаецца ў сённяшніх працоўных буднях. І кожны дзень стараюцца напоўніць стваральнай працай, каб зрабіць родны край яшчэ багацейшым і прыгажэйшым.

Падрыхтавала В. ТРАФІМІК, дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

На снимках: курсы брыгадзіраў і паляводаў, сакавік 1941 г., г. Свіслач; урачысты выхад у поле; уручэнне пераходнага Чырвонага Сцяга і Памятнага знака Свіслацкаму райбыткамбінату (1977 г.).

Предыдущая статья

Страсть моя — рыбалка