banner

Мова, якая бліжэй да сэрца

21 Февраля’24
457
21 лютага па ініцыятыве ЮНЭСКА ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З 19 па 24 лютага ва ўстановах адукацыі Cвіслацкага раёна праходзіць тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да гэтага дня.


З цікавасцю вывучаюць родную мову чацвертакласнікі СШ №2 імя М.П. Масонага

Як паведаміла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Янушка, ва ўстановах адукацыі раёна ў рамках тыдня праходзяць цікавыя мерапрыемствы. Гэта конкурсы творчых пісьмовых работ, сачыненняў-эсэ, вусных часопісаў, інфармацыйныя гадзіны і іншыя.

Акрамя таго, сёння педагогі, вучні і іх бацькі далучаюцца да напісання абласной дыктоўкі.

Хочацца, каб часцей гучала наша «калі ласка», бо слова роднае, як і думку, нішто не можа стрымаць і абмежаваць. З гэтай мэтай прайшла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні згадвалі свае любімыя словы, размаўлялі выключна па-беларуску. Таксама сталі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў, кніжных выстаў, прысвечаных творчасці пісьменнікаў-юбіляраў.

– Усе мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы, прасякнуты клопатам аб тым, каб выхаваць у вучняў беражлівыя адносіны да мастацкага слова, да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа. І накіраваны на папулярызацыю паэтычнай беларускай спадчыны, культуры і гісторыі беларускага народа. Дзеці і моладзь павінны любіць родную мову, ганарыцца ёю, – адзначыла Таццяна Янушка.

Несумненна, Дзень роднай мовы падштурхоўвае задумацца пра месца матчынай мовы ў нашым жыцці, пра яе захаванне і перадачу наступным пакаленням. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі для таго, каб беларуская мова была прызнаная роўнай сярод іншых моў свету.

Галіна КАРПАВА
Фота аўтара

Предыдущая статья

Старшыня Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі: “У нашай роднай мове закладзены характар беларусаў”