banner

Старшыня Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі: “У нашай роднай мове закладзены характар беларусаў”

21 Февраля’24
896
21 лютага мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта важнае і асаблівае свята. Таму што родная мова з'яўляецца галоўным інструментам захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. І сёння мы разам павінны вырашаць важную задачу – берагчы моўнае багацце нашай Беларусі. Вельмі важна, каб людзі любілі сваю родную мову, ведалі яе і ўмелі правільна на ёй размаўляць. Пра нашу мову, яе важнасць для кожнага беларуса – у інтэрв'ю са старшынёй Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Вярсоцкім. 



– Аляксандр Людвігавіч, якое месца ў вашым жыцці займае беларуская мова?

– Пачну з таго, што мова – гэта душа народа. Цяжка ўявіць чалавека асобна ад мовы яго народа. Гэта адзінае цэлае. Таму я з гонарам размаўляю па-беларуску. Я згодны з тым, што кyльтypны чaлaвeк пaвiнeн вeдaць iншыя мoвы, aлe нaйпepш тpэбa ведаць cвaю. Гэта тое, што нас вылучае на фоне іншых народаў. 
Беларуская мова – гэта таксама сувязь з нашымі продкамі, якія паклалі пачатак яе развіццю. Гэта наша галоўная нацыянальна-культурная адметнасць, якая дапамагае адчуваць сябе сапраўдным беларусам.

– На ваш погляд, што адрознівае яе ад іншых моў? 

– Наша мова каларытная, мілагучная. Пра яе можна казаць шмат чаго добрага. Яна не проста прыгожая, а гучыць асобнай мелодыяй, якая выклікае ў мяне гонар за Беларусь. Бо яна гучыць ад сэрца. Напрыклад, возьмем слова ”людскасць” – цёпла, міла. Ці “калі ласка”, “дзякуй”, “будзьце ласкавы”… На іншых мовах гэтыя выразы гучаць зусім па-іншаму. 

У нашай мове закладзены і характар беларусаў. Наша нацыя адрозніваецца дабрынёй, добразычлівасцю, гасціннасцю. 

– Вы свабодна размаўляеце па-беларуску. Хто быў вашым настаўнікам і прывіў любоў да роднай мовы?

– За свае веды беларускай мовы я ўдзячны маёй настаўніцы Вользе Пятроўне Мейсак. Яна мне прывіла любоў не толькі да мовы, але і да беларускай літаратуры. Я часта ўдзельнічаў у розных конкурсах, дзе чытаў вершы на беларускай мове. 

– Чаму трэба берагчы родную мову?

– Адкажу словамі Францішка Багушэвіча: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!" Я кіруюся гэтым. Таму што гэта тое, паўтаруся, што выдзяляе нас на фоне іншых народаў.

–  Які ваш любімы выраз на беларускай мове?

– “Што такое шчасце тады зразумееш, калі страціш тое, што цаніць не ўмееш”. Я гэтае выказванне часта ўжываю, бо яно вельмі трапнае, глыбокае і павучальнае.
 
– Якія кнігі нашых аўтараў, па вашаму меркаванню, павінен прачытаць кожны беларус?

– Не тое што кожны павінен прачытаць, але, менавіта мне вельмі падабаюцца трылогія  Якуба Коласа “На ростанях”, гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, аповесць Васіля Быкава “Знак бяды” і іншыя. Наша літаратура багата цікаўнымі творамі і аўтарамі. 
 
– У беларускай паэзіі ёсць шмат добрых вершаў. Які ваш любімы і чым ён вам падабаецца?

– “Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, жыццём вясны мае ўбогай, к табе я ў думках залятаю і там душою спачываю”.

Якуб Колас у сваёй паэме “Новая зямля” вельмі яскрава расказаў пра мясціны, дзе ён вырас. Відавочна ўяўляюцца і тая крынічанька, і “елка ў пары з хваіною”. Таму што любога чалавека заўсёды цягне да таго месца, дзе ён нарадзіўся. Аўтар так усё цудоўна апісаў, і кожны ўсведамляе, што падобнае месца ёсць і ў яго жыцці. Такое дарагое, дзе прайшло дзяцінства, дзе назаўсёды засталося яго сэрца.

– А што наконт беларускіх песень?

– Зноў жа з беларускай класічнай паэзіі – “Слуцкія ткачыхі” ў выкананні “Песняроў”.

– Аляксандр Людвігавіч, што трэба зрабіць, каб з цягам часу наша мова не страціла сваю самабытнасць?

– Размаўляць. У нас няма забароны: хочаш – размаўляй на беларускай, хочаш – на рускай. Ёсць дзяржавы, дзе чатыры дзяржаўныя мовы. 

У нас – дзве. Знаёмства з мовай трэба пачынаць з маленства – у дзіцячым садзе, потым у школе. Кожнаму трэба ўсведаміць, якое значэнне мае мова для нацыі і шанаваць яе. Мова – гэта наша нацыянальнае багацце. 

Марына ЯНЮК

Предыдущая статья

Почковый клещ на смородине: меры борьбы