Самым звычайным ранкам у сям’і нічым не адметных ад другіх галосных – акрамя таго, што былі яны верхняга пад’ёму і сярэдняга раду – мамы “У” і таты “У”– нарадзілася маленькая літарка. Яна атрымала ў спадчыну ўсе ўласцівасці сваіх бацькоў.
З самага дзяцінства яе акружалі ідэнтычныя сёстры і браты, і ёй нічога не заставалася рабіць, як толькі прыняць свой лёс і назаўсёды застацца проста літарай, проста гукам. “У” не сумавала, таму што ведала, што існуе столькі прыгожых слоў, якія пачынаюцца з яе. “Улюбёны”, “уважлівы” і шмат другіх ніколі не існавалі б, калі б ні яна і яе родзічы. Але ўсё ж штосьці ёй не падабалася ў яе жыцці. Перад сном яна думала, як было б добра знайсці свой шлях.
Не, “У” любіла сваю сям’ю, сваю лабіялізаваную суседку “О”, з якой яны так часта сустракаюцца ў словах, але мара не мае сцен і межаў, ёй не патрэбны карты і компасы. І “У” марыла. Ёй уяўляліся новыя гукі, якіх яна ніколі не бачыла, але з якімі ёй вельмі хацелася пазнаёміцца. Асабліва падабаліся ёй санорныя. Яны былі самыя цікавыя, нават лепш за звонкія. Хадзілі сваёй групкай і лічылі сябе найпрыгажэйшымі, таму што самыя значныя словы ў жыцці чалавека пачынаюцца менавіта з іх: воля, мужнасць, любоў...
Дзесяць санорных гукаў ніколі не глядзелі ў бок “У”. А ёй так хацелася хоць пагаварыць з імі. Кожным ранкам, калі яны выходзілі са сваёй хаткі, наша літарка выбіралася на ганак і глядзела, як яны ідуць на працу. Наперадзе крочыць “Р”. Ён заўсёды задзірае нос, таму што ён адзіны вібрант, дрыжачы гук. За ім плывуць “Л”, “Л’”, “М”, “М’”, “Н”, “Н’”, яны асабліва сябруюць: змычна-праходнымі іх называюць. “В” і “В’” адыходзяць да губна-зубных. А “Й” замыкае шэсце. Не хваліцца, але ўсё ж ганарыцца, што ён адзіны сярэдне-паднябенны гук.
“У” глядзела на санорныя і ёй вельмі хацелася быць сярод іх. Але вось толькі як. Трэба быць чымсьці адметнай. А яна просты галосны гук. Так і прайшло нямала часу. Але аднойчы, калі яна сустрэла “Й”, убачыла тое, што чамусьці ніколі не заўважала – яе капялюшык. І тады ў галаву да “У” прыйшла думка: “А чым я горшая за яе? Я таксама хачу такі!” І зрабіла сабе галаўны ўбор. Глядзіць у люстэрка і не можа налюбавацца. Цуд, якая прыгожая!
Так і ператварылася наша гераіня з галоснага гука “У” ў губна-губны, шчылінны зычны гук “Ў”. Дарэчы, санорныя гукі яе прынялі. І калі раніцай ішлі на працу, “Ў” падымала высока галаву і крочыла смела. Але праз нейкі час на вочы ёй трапілася старая бацькоўская хата, дамы галосных суседзяў. І стала ёй сумна і горка. Ніколі ўжо яна не стане такой, як была, і не ступіць на бацькоўскі парог. З таго часу ходзіць яна толькі за галоснымі, але няма шляху назад.
Ганна ВАРОНКА,
студэнтка І курса інстытута журналістыкі БДУ.