На пачатку лютага бягучага года рэдакцыяй "Свіслацкай газеты” сумесна з Грынкаўскім сельскім Домам культуры быў аб’яўлены кулінарны конкурс "Бульбачка Смятанаўна запрашае”. Гэта значыць, што гаспадынькі павінны былі адказаць на пытанні "бульбяной” віктарыны і, зразумела, прадставіць на конкурс рэцэпты страў з бульбы. А іх, як вядома, тысячы, варта толькі праявіць фантазію і ўлажыць у блюда разам з іншымі інгрэдыентамі кавалачак сваёй душы. Трэба сказаць, што атрымалася гэта ў нашых гаспадынек выдатна, аб чым сведчылі прыгатаваныя імі бульбяныя смакоцці.
І вось 14 кастрычніка, акурат на Пакрову і Дзень маці, у Грынкаўскім Доме культуры адбылося падвядзенне вынікаў гэтага "смачнага” конкурсу.
На кулінарнае свята з’ехаліся гаспадынькі з раёна, а таксама прыйшлі мясцовыя майстрыхі кухні. Прычым некаторыя з іх прынеслі з сабою не адзін, а некалькі кулінарных шэдэўраў, прыгатаваных з бульбы. Пах ад іх, трэба сказаць, разносіўся такі, што языкі можна было праглынуць яшчэ да таго, як прыйдзе чарга ўсё гэта паспрабаваць.
І вось свята пачалося. Бульбачка Смятанаўна (яна ж дырэктар СДК Марыя Самалевіч) прыгожа прывіталася з усімі гаспадынькамі, пазнаёмілася з кожнай, пахваліла за смачныя вынаходніцтвы і актыўны ўдзел у конкурсе. Трэба сказаць, што кулінаркі былі самага рознага ўзросту, ад зусім маладзенькіх жанчынак да бабулек. Не займаць вопыту такім дасціпным гаспадыням, як Марыя Паўлаўна Урбановіч, Людміла Георгіеўна Лукша, Вольга Іванаўна Акудовіч, Марыя Мікалаеўна Акудовіч. Яны ўжо шмат гадоў цешаць сваіх родных смачнымі стравамі, ды і ў конкурсах ахвотна ўдзельнічаюць. Не адстаюць ад іх і маладыя вясковыя кулінаркі. Дарэчы, наймалодшая з іх – Наталля Віктараўна Барэль, яна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, значыць, мае больш часу для таго, каб эксперыментаваць на кухні і радаваць мужа і дзетак смачна прыгатаванай ежай.
Добра вядомыя ў вёсцы сваім кулінарным майстэрствам Жана Міхайлаўна Філіновіч, Таццяна Уладзіміраўна Данільчык, Святлана Віктараўна Лукша. Гэта што датычыць мясцовых асаў-кулінарак. А былі ж яшчэ і іншыя.
З Пацуяў прыехала вясёлая, дасціпная і рухавая гаспадынька Вера Нікадзімаўна Кавалеўская, з Занак – Софія Аляксандраўна Штоп, з Мяльнова – Іван Канстанцінавіч Ламашкевіч, з Юбілейнага – Вольга Іванаўна Быль, са Свіслачы – Святлана Мікалаеўна Пашкевіч. Чаго толькі яны з сабою не папрывозілі! Гэта і бульба тушаная ў смятане, і бульбяныя піражкі, і бульба пад сырам, і бульба са шкварачкамі ў гліняным гаршчочку, і пірог у выглядзе кракадзіла, і бульбяныя палачкі з рыбаю, і піражкі з мясам, грыбамі, капустаю, сёмгаю, і пірог з грыбамі, і яшчэ шмат чаго смачнага.
Кожны, хто прыйшоў на свята, павінен быў падзяліцца сваімі сакрэтамі і расказаць трошачкі пра сябе, сваю сям’ю. Пакуль ішла гаворка пра смачныя дзівосы, на свята завіталі прама з агарода Капустачка (Яна Барэль), Бульбачка (Алег Лапошка), Морквачка (Маргарыта Нарэўская) і Гарошынка (Насця Пракопік). Яны распавялі прысутным пра тое, наколькі важнае месца займае гародніна на стале, колькі мае ў сабе карысных рэчываў і вітамінаў.
А потым пачалося ўзнагароджванне ўдзельнікаў конкурсу кулінарнага майстэрства "Бульбачка Смятанаўна запрашае”.
Вера Нікадзімаўна Кавалеўская атрымала дыплом за захаванне народных традыцый у прыгатаванні страў з бульбы ў намінацыі "Беларуская кухня”. Жана Міхайлаўна Філіновіч узнагароджана дыпломам за арыгінальнасць рэцэптаў страў з бульбы і прафесійны падыход да іх прыгатавання ў намінацыі "Шэф-кухар”. За лепшы верш пра бульбу і арыгінальнасць рэцэптаў у намінацыі "Кухар-лірык” атрымаў дыплом Іван Канстанцінавіч Ламашкевіч. У намінацыях "Бульбяныя цуды” і "Бульбяныя рэкорды” атрымалі дыпломы Сяргей Ануфрыевіч Качаноўскі і Софія Аляксандраўна Штоп. За крэатыўнасць і творчы падыход у прыгатаванні бульбяных страў у намінацыі "Маладая гаспадыня” ўзнагароджана Наталля Віктараўна Барэль. Таццяна Уладзіміраўна Данільчык была ўдастоена дыплома за арыгінальнасць метаду вырошчвання бульбы і самыя глыбокія веды ў бульбяной гісторыі ў намінацыі "Гаспадыня-інтэлектуал”. За талент арганізатара, ініцыятыву і творчасць у намінаціі "Вечны рухавік” дыплом атрымала дырэктар Грынкаўскага СДК Марыя Мікалаеўна Самалевіч, а таксама падарунак ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Святланы Мікалаеўны Пашкевіч. Не засталіся без падарункаў і іншыя ўдзельнікі конкурсу. А гэта былі арыгінальныя вырабы з сена, зробленыя рукамі работнікаў Дома культуры і ўдзельнікаў гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Жар-Птушка”. Вазы, кошычкі, скрыначкі і іншыя цуды прыйшліся даспадобы ўсім. Як і цудоўныя песні ў выкананні Святланы Шмыгі, Аксаны Пачыкоўскай, Наталлі Лапошка. Да іх з задавальненнем далучыліся і прыезджыя артысты. Вера Кавалеўская ўзяла ў рукі баян і заахвоціла да спеваў усіх гаспадынек, яны з задавальненнем паслухалі і прыгожыя песні ў выкананні Івана Ламашкевіча. Цудоўная святочная атмасфера і ўзнёслы настрой луналі ў зале на працягу трох гадзін. Удзельнікі свята развітваліся з надзеяй, што ў наступным годзе сустрэнуцца зноў, бо наперадзе новыя конкурсы і новыя добрыя святы.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.
Фота аўтара.
На снимках: Артысты з гуртка «Скамарошынкі» з кіраўніком Н. Лапошка; Конкурс «Бульбяная скульптура»; Падарунак рэдакцыі ад Грынкаўскага СДК прымае Л. Самарына; С. В. Гінч прэзентуе сваю страву; Узнагароджваецца Н. В. Барэль.