banner

Як «польская каралева» сустрэлася з беларускім паэтам

30 Января’12
2910

Як «польская каралева» сустрэлася з беларускім паэтам

Было гэта ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Я тады працавала у раённым Доме культуры, і мы рыхтавалі свята Масленіцы. На сходках РДК ладзілі імправізаваную сцэну для выступлення, і на той момант я, здаецца, была там адна. І раптам бачу: праз плошчу ў накірунку РДК ідуць нейкія незнаёмыя людзі: мужчына і жанчына. Падыйшлі, ветліва прывіталіся. Мужчына мне здаўся вельмі знаёмым: сярэдняга росту, з акуратнай бародкай, прыемнай знешнасці. Да вялікага майго здзіўлення, я пазнала ў гэтым чалавеку Рыгора Барадуліна. Спачатку падумала, што такога быць не можа, хутчэй за ўсё гэта проста падабенства, але жанчына, якая была побач з ім, канчаткова развеяла мае сумненні.
– Прабачце, калі ласка, – звярнулася яна да мяне, – мы з Рыгорам Іванавічам прыехалі, каб бліжэй пазнаёміцца з мясцінамі, дзе жыў Кастусь Каліноўскі. Будзем здымаць фільм, разам з намі прыехала і беларускае тэлебачанне. Бачым, што тут у вас нешта ладзіцца, вось і рашылі паглядзець.
– У нас тут сёння будзе Масленіца. Я вас шчыра запрашаю на свята, калі ёсць жаданне.
– Абавязкова прыйдзем паглядзець. А як вас завуць? – запытаў Рыгор Іванавіч.
Я назвала сваё імя.
– Прыгожа, – сказаў паэт, – так польскую каралеву звалі. Можа, у яе гонар вам далі такое імя?
– Не, – адказала я, – проста побач жыла дзяўчына Ядвіга, якая бацьку падабалася, калі ён яшчэ хлопцам быў, вось ён рашыў так назваць дачку.
– Як там ні было, а імя ў вас прыгожае, – яшчэ раз адзначыў мой суразмоўца.
Я, зразумела, не стала з ім спрачацца, хоць, праўду кажучы, ніколі не была ў захапленні ад свайго імя.
– А што ў вас яшчэ ёсць цікавага? – запытаў славуты госць, змяніўшы тэму. – Можа, вы правялі б для нас экскурсію па Свіслачы?
Вось гэта была прапанова! Але… На вялікі жаль, я ніяк не магла ў той момант выканаць яго просьбу, праз гадзіну-другую ўжо павінна было распачацца свята, а я была яго рэжысёрам і вядучай. Пакінуць мерапрыемства, зразумела, магчымасці я не мела, аб чым вельмі шкадавала. Прайсціся побач з вядомым паэтам па вуліцах роднага горада, расказаць пра яго славутасці, ці гэта не прыемна?!
Як ні было крыўдна, я адмовілася, але яшчэ раз шчыра запрасіла на свята. І госці паабяцалі абавязкова прыйсці.
У той дзень нашу Масленіцу здымала беларускае тэлебачанне, і сярод шматлікіх гледачоў быў вядомы беларускі паэт Рыгор Барадулін.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Фамилию переменить можно! Но не всем...