banner

Ім песня жыць дапамагала

29 Мая’08
3460

Ім песня жыць дапамагалаЯ заўсёды любіла слухаць народныя песні. А з гадамі, калі дзень жыцця пачаў кланіцца да вечара, яны яшчэ больш сталі западаць у душу, і яшчэ з большай асалодай хочацца слухаць і слухаць тыя непаўторныя мелодыі, якія льюцца з самых сэрцаў народных спявачак. Заўсёды гляджу на іх і ўспамінаю сваю бабульку. Маленькая, сівая, як птушка лунь, з глыбокімі блакітнымі вачамі, яна вельмі любіла спяваць. Памятаю, як калыхала маю малодшую сястрычку. Прысеўшы на край ложка і схіліўшы на бок галаву, яна ціха-ціхенька напявала: “На бітым гасцінцы карчомка стаяла, а ў той карчомцы музычанька грала. Музычанька грала, казакі гулялі, казакі гулялі, дзявок намаўлялі...” Яна спявала, а я,  затаіўшы дыханне, слухала, што будзе з той дзеўкай, якую зманулі казакі... У бабулі былі не песні, а цэлыя навэлы, і ўсе чамусьці сумныя... Можа, таму, што жыццё яе было ой якім нялёгкім. А паскардзіцца не было каму, ды і не ўмела яна скардзіцца. Вось з тымі песнямі і вылівалася боль з душы, тымі песнямі і раны гаіліся...

Няма бабулькі. А кожны раз, калі гучыць народная песня, я бачу маю бабку Маню, чую яе голас...

“Прыедзьце, паслухайце нашы песні, — пазваніла неяк да мяне Ніна Іванаўна Залеўская з Лашавіч. — У нас такі гурт цудоўны, вам спадабаецца...”

І вось мы ў Міхалках у хаце бабкі Фені (Феадосіі Якімаўны Багалейшы). Яе старэнькая хатка гасцінна прыняла і спявачак, і слухачоў. Праўда, апошніх у той дзень было няшмат: я, фотакор і муж Ніны Іванаўны Залеўскай. Але ж гэта не перашкодзіла бабулькам спяваць на ўсю моц і дарыць нам сваё цудоўнае майстэрства.

Яны спяваюць, колькі памятаюць сябе. Спявалася ім і ў горы, і ў радасці. Спявалася над калыскамі дзетак і ўнукаў, спявалася па вясне і восенню, спявалася на вяселлях, на радзінах, на памінках... Дарэчы, з дзевяці жанчын сямёра — удовы. І тыя ж песні лечаць іх ад адзіноты.

Бабка Феня. Сціплая невялічкая жанчынка з добрымі вачамі і сумнай усмешкай. 78 гадоў пражыла на свеце. Нялёгкі выпаў ёй лёс. Рана аўдавела: муж трагічна загінуў у маладым веку. Трое дзетак пакінуў ёй: дзве дачушкі і сына. Феадосія Якімаўна сама падымала іх на ногі, сама ў людзі выводзіла. Усё сама рабіла, толькі Бога ў памочнікі клікала, а яшчэ песню. З ёю ніколі не расставалася. Можа, таму і выстаяла, можа, таму і выжыла? Дзеці павырасталі, усе зараз у Брэсце, шэсць унучанят падарылі матулі, а тыя, у сваю чаргу, бабулі — сямёра праўнукаў. І няма для яе большага скарбу на свеце, чым яны — яе крывіначкі. Хай Бог пашле ім долю шчаслівую.

Соф’я Аляксандраўна Пузыр. Равесніца бабкі Фені. Нарадзілася і вырасла ў Міхалках. Сюды ж і замуж пайшла. Трое дзетак нарадзіла і выгадавала, дачакалася ўнукаў і праўнукаў. І таксама аўдавела. Вось ужо 13 гадкоў, як няма на свеце яе Эдварда.

Дзеткі даўно павыляталі з роднага гнязда, асірацела хата, і толькі памяць ды песня напаўняюць яе жыццём і тым непаўторным светам, які бывае толькі ў вясковай хаце.

Найстарэйшая спявачка ў гурце — Вера Канстанцінаўна Лукашук. Ёй праз пару гадкоў 90 будзе. Але, нягледзячы на свой сталы ўзрост, яна яшчэ бадзёрая і жыццярадасная бабулька. А колькі жыццёвай мудрасці, колькі дабрыні і спагады ў гэтай маленькай хударлявай бабульцы! Таксама з маладых гадоў стала ўдавой, але не скардзілася на лёс, а проста жыла і верыла. Трох сыноў выгадавала і ні за воднага не сорамна перад людзьмі. Песню змалку любіла і дзецям тую любоў перадала. Усе трое сыноў самастойна навучыліся іграць: адзін на баяне, другі на акардэоне, а трэці на гармоніку. Любяць песню і ўнукі, якіх у яе шасцёра, ды і трое праўнукаў ужо падпяваюць бабульцы.

Марыя Канстанцінаўна Кучмар заспявала песню, хіба, як толькі нарадзілася на свет. Яе звонкі, чысты голас яшчэ нікога не пакінуў абыякавым.

Бывала, як заспявае “Окрасился месяц багрянцем...», дык мароз па скуры прабягаў. Яе ў свой час нават у хор імя Пятніцкага запрашалі, але яна на тую пару толькі-толькі замуж выйшла, і муж не быў у захапленні ад таго запрашэння. Прыйшлося выбіраць тое, што важнейшае. А важнейшым для яе заўсёды была і застаецца сям’я, дзеці. Двух сыноў і дачушку нарадзіла Марыя Канстанцінаўна. А зараз мае сямёра ўнукаў і дзвюх праўнучак. Усе паважаюць бабульку і жадаюць ёй жыць яшчэ доўга-доўга.

Любоў Канстанцінаўна Багалейша, родная сястра Марыі Канстанцінаўны Кучмар, прыязджае ў Міхалкі вясной і летам, тады і ўліваецца ў гурт яе лагодны, самабытны голас.

Валянціна Сцяпанаўна Петрашэвіч таксама шмат гадоў спявае ў гурце. Але мы яе не засталі. Яна гасцюе ў сына ў Мінску.

Самыя малодшыя ў гурце Марыя Мікалаеўна Сухоцкая і Марыя Антонаўна Салагубік. Ім толькі крыху за семдзесят. Таксама на сваім вяку шмат чаго перажылі. Гады пасрэбрылі іх скроні ды не патушылі агонь у вачах і дабрыню ў сэрцах. А песня дык і наогул не дае адчуваць на сабе груз тых гадоў, а, наадварот, дабаўляе аптымізму і маладосці.

Ніна Іванаўна Залеўская кіруе гэтым гуртам ужо шмат гадоў. Усе гэтыя жанчынкі даўно сталі для яе роднымі. Пра кожную з іх яна можа расказваць доўга і з такой любоўю, з такой цеплынёй, што заслухаешся. Яна разумее кожную душу, чуе боль кожнага сэрца сваіх артыстак, і яны плацяць ёй за гэта павагай і стараюцца спяваць яшчэ лепш.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

На здымку: самабытны гурт з Міхалак.

Фота Рыгора ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

По жизни с теннисной ракеткой