Жыхарка аграгарадка Нязбодзічы Тамара Місюля рассказала пра свой жыццёвы шлях і самы дарагі на свеце куточак

01 Декабря’25
594


Чарговы адрас. Новая сустрэча. На гэты раз у аграгарадку Нязбодзічы з добразычлівай і гасціннай жанчынай Тамарай Місюля. Ведаю Тамару даўно, яшчэ з маладосці, а вось у гасцях была першы раз. Мы сядзелі з ёй ва ўтульным пакоі, і я, слухаючы гаспадыню, страціла пачуццё часу. З такой цеплынёй і любоўю яна расказвала пра сваіх маці і бацьку, пра братоў, пра дзяцей і ўнукаў, пра хату, у якой ёй пашчасціла нарадзіцца і вырасці і куды яна вярнулася праз гады. Тут застаўся водар дзяцінства, дзе калісьці матуля спявала над калыскай калыханку, будзіла дотыкам вуснаў, выпраўляла ў школу, потым у інстытут, хлопцаў – у армію, спраўляла вяселлі, люляла на руках унучанят. З гэтага дома вылецелі ў вялікі свет два сыны – Мікалай і Уладзімір і дачка Тамара. Бацькі адзін за другім адышлі ў вечнасць, але так добра памятаецца дзецям іх голас, усмешкі, іх мудрыя наказы. Тут шануюцца добрыя традыцыі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і захоўваюцца, як каштоўнасці ў скарбонцы. 

“Мама нас каля веснічкаў сустракала”

Сваю суджаную Аляксандр Зошчык сустрэў на хутары ў Клеціску, у сям’і Лукшаў, дзе гадаваліся дзевяць дзяцей. Можа, не заўсёды быў хлеб на стале, але дзеці раслі ў любові і клопаце. З маленства былі прывучаны да працы, таму бацькі ведалі – сорамна не будзе ні за каго. Выдаючы замуж сваю дачушку Ніну, не сумняваліся, што будзе яна добрай жонкай мужу, спраўнай гаспадыняй і дабрадзейнай маці. Яно так і атрымалася.

Спачатку жылі на хутары, а тым часам будаваўся дом у Нязбодзічах. Вялікі, прасторны. Аляксандр меў залатыя рукі, да ўсяго быў здольны. Хата, можна сказаць, тымі рукамі і была збудавана. Адзін за другім з’явіліся на свет сынок Мікалай, дачушка Тамара, праз дзесяць гадоў нарадзіўся яшчэ адзін сынок –Уладзімір. Раслі дзеці, з маленства ведаючы, што такое праца, слухаючы мудрыя бацькоўскія настаўленні.

У згодзе і павазе адзін да аднаго пражылі Аляксандр і Ніна Зошчыкі сорак чатыры гады. Дачакаліся ўнукаў, бабуля – і праўнука. Аляксандр Сцяпанавіч пражыў на свеце шэсцьдзясят дзевяць гадоў, а Ніна Лявонцьеўна – семдзесят пяць. 



  – Мы часта прыязджалі да бацькоў, пакуль яны жылі, – дзеліцца ўспамінамі Тамара Аляксандраўна. – Мама заўсёды сустракала каля веснічкаў, цешылася ўнукамі. І тата цешыўся. Ён у нас быў добры, мудры. У калгасе яго паважалі. На камбайне працаваў, кладаўшчыком быў, рацыяналізатарскія прапановы ўносіў, а яшчэ шыць умеў. Вось цікавы факт: словы таты часта былі прарочымі, мы часам здзіўляліся, як гэта тата мог бачыць, што будзе праз гады. Вось неяк я прыехала, а ён кажа: “Дачушка, прыйдзе час, і ты сюды вернешся, тут жыць будзеш”.

А я не згаджалася. Кажу яму: “Чаго я тут буду жыць? У мяне сям’я, свой дом з усімі выгодамі”. А ён паўтарае: “Вернешся сюды, абавязкова вернешся”. Прайшлі гады, і я вярнулася. Да гэтага жыла ў Корнадзі, працавала галоўным заатэхнікам у мясцовай гаспадарцы, а муж быў зваршчыкам. А калі мама захварэла, я прыехала сюды, каб даглядаць яе. Муж застаўся дома. Я ж думала, што зноў паеду туды. Дваццаць пяць гадоў мы ў Корнадзі пражылі. Сын Саша і дачушка Алена нарадзіліся і выраслі там.

“Здавалася, што сонца патухла”

Родны куток ёсць родны! Тамара прачыналася раненька, бегла ў пакой да мамы, абдымала яе, прытулялася шчакой да яе шчакі і адчувала сябе шчаслівай. Так цёпла было каля мамы, так светла і радасна! І брат Валодзя з Ханявічаў прыязджаў часта, і для его мама была самым важным чалавекам на свеце, самым блізкім і патрэбным. І ён цешыўся кожным імгненнем, праведзеным з матулькай. Але праз паўтара гады пакінула гэты свет матуля. А Тамара не змагла пакінуць родную хату. Часам здавалася, што чуе мамін голас, кожная рэч у доме напамінала пра яе. Вось так і засталася тут назаўсёды. Збыліся бацькоўскія словы – вярнулася яна да сваіх каранёў. А тут яшчэ новая бяда – не стала мужа. Тамары ўвогуле не захацелася вяртацца ў Корнадзь, у пустую хату. 

– Не выказаць, як я сумавала, як балюча было ўсведамляць, што няма на свеце мамы, – працягвае Тамара Аляксандраўна. – Здавалася, што сонца патухла. Працавала я ў той час начальнікам жывёлагадоцчага комплекса на жывёлагадоўчым комплексе ў Дрэчанах. Бывала, прыйду з працы, сядаю на ровар і еду на могілкі ў Дабраволю, дзе маму пахавалі. Там давала волю слязам. Проста падала на свежы бугорчык і заходзілася ад плачу. Старэйшы брат Коля таксама пакінуў гэты свет. Раптам памёр у сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Ён працаваў галоўным інжынерам ў калгасе “Пагранічны” Бераставіцкага раёна. Вельмі добры быў, чулы, я з ім магла падзяліцца ўсімі сваімі трывогамі, усімі праблемамі, і ён са мной таксама. І з малодшым братам Валодзем мы ў самых добрых адносінах.

Так з маленства бацькі вучылі

Паміж дзецьмі ніколі не было непаразуменняў ці канфліктаў. Бацькі так з маленства вучылі, і дзеці тую навуку добра ўсвядомілі. Бацька часта гаварыў: “Дзеці, памятайце, што вы родныя, трымайцеся адно аднаго, падтрымлівайце, дапамагайце”. Тамара не толькі зблізку, а і на адлегласці адчувала настрой братоў. Па голасе, калі размаўлялі па тэлефоне, разумела, калі што не так. І яны таксама. 

Акурат у час нашай з Тамарай Аляксандраўнай размовы ёй пазваніў малодшы брат Уладзімір. Яна з ім размаўляла, можа, паўхвілінкі, але колькі любові і цеплыні паляцела роднаму чалавеку праз мабільную сувязь! Нават я, чужы чалавек, адчула роднасць іх душ. Такія блізкія зносіны ёсць, на жаль, далёка не ва ўсіх родных людзей. І вельмі горка гэта ўсведамляць.

Памятаю Тамару маладзенькай дзяўчынай. Прыгожая, чарнабровая, з бяздоннымі блакітнымі вачамі, інтэлігентная, прывабная. Да яе цягнуліся людзі, з ёй можна было абмяркоўваць любыя пытанні, яна магла даць добрую параду, падтрымаць, дапамагчы. Яшчэ ў школе яна ведала, што звяжа свой лёс з сельскай гаспадаркай і менавіта – з жывёлагадоўляй. Аддала гэтай сферы больш за 35 гадоў.

 

Хата ў кветках купаецца

Тамара Аляксандраўна жыве ў бацькоўскай хаце ўжо дваццаць два гады. І няма для яе куточка, даражэйшага за гэты. Многае тут змянілася. Гаспадыня зрабіла рамонт, абнавіла мэблю, устанавіла шклопакеты. У двары – новы невысокі плот. Хата набыла крыху іншы выгляд. Яна зараз кідаецца ў вочы ўсім, хто ідзе ці едзе па вуліцы. Асабліва з вясны да восені. Увесь двор тут зіхаціць кветкамі, дом у іх літаральна купаецца.

– Кветкі вельмі любіла мама, у нас заўсёды іх было шмат, – гаворыць гаспадынька. – Ёй хацелася, каб было прыгожа і ў хаце, і ў двары. Добрай была мамачка наша, працавітай. І нас да працы прывучала з малых гадоў. Усё ўмела зрабіць, на што ні гляне. Прыгожа шыла, усіх нязбодзіцкіх модніц абшывала, з суседніх вёсак таксама прыходзілі да яе. А яшчэ спяваць любіла. Голас быў прыгожы, звонкі. Мы так любілі слухаць яе песні! А як яна чакала ўнукаў, як цешылася, калі яны прыязджалі!
Кожнай вясной Тамара Аляксандраўна высаджвае кветкі каля хаты. Так, як любіла матуля. Яны цвітуць да позняй восені і цешаць вочы гаспадыні. І не толькі. Душы бацькоў белымі птахамі прылятаюць да роднага парога, кружаць над хатай, сядаюць адпачыць на сліву пад вокнамі і заліваюцца спевам. Спеў той чуе толькі сэрца дачушкі. Не можа не чуць! 

Так хочацца пажадаць гэтай добрай жанчыне, каб яшчэ шмат гадоў пражыла яна ў роднай хаце, каб кожнай раніцай заглядала ў вокны сонейка і будзіла гаспадыню сваімі цёплымі промнямі. Каб віўся дымок з коміна, а дом часта напаўняўся галасамі ўнукаў, праўнукаў. Каб прыходзілі сюды толькі добрыя людзі і добрыя весткі.

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Місюляў

Предыдущая статья

Прямая линия с начальником дорожного ремонтно-строительного управления Виктором Кучинским