banner

“Я сюды нібы ў дзяцінства вяртаюся”. Як Аліна і Мікалай Герасімовічы ўдыхнулі новае жыццё ў забытую дзедаву хату

13 Апреля’25
365


Трыццаць гадоў у адзіноце

Вёска Бортнікі – адна са старэйшых паселішчаў раёна. Гісторыя сведчыць, што калісьці тут вядомы беларускі і польскі фалькларыст, археолаг, этнограф Міхал Федароўскі запісаў абрад вяселля. Праз шмат гадоў абрад быў узноўлены і паказаны на  беларускім тэлебачанні ў праграме “Запрашаем на вячоркі”. У тыя далёкія гады, калі тут быў фалькларыст, вёска была вялікай і шматлюднай. Жыло тут больш як дзвесце жыхароў. І большасць з іх займалася пчалярствам. Гэта акрамя асноўных заняткаў – земляробства, жывёлагадоўлі і іншых спраў, якіх хапае на сяле.

Але беглі гады, старыя пакінулі гэты свет, маладыя ўсё больш рваліся ў горад, і адна за другой сірацелі бацькоўскія хаты. Крыж- накрыж забіваліся дошкамі вокны, і забывалася сцежка да роднага парога. Калі ў пастарэўшых дзяцей і прыходзіла думка пра той куточак, які застаўся нікому не патрэбны, то вяртацца ўжо не было куды.

Але ёсць і іншыя прыклады. І наш аповед пойдзе пра хату, да якой вярнулася жыццё тады, калі яна ўжо не спадзявалася. Зарослая густым бур’яном да самага даху, з пачарнелымі вокнамі і паваленым плотам, яна ціхенька памірала, страціўшы ўсякую надзею.

Калісьці ў гэтай маленькай хатцы кіпела жыццё. Гаспадар – Юльян Болван – меў залатыя рукі. Быў на дзіва спраўным краўцом. Шыў кажухі, паліто, касцюмы, усё верхняе адзенне. Да яго прыязджалі з блізкіх і далёкіх вёсак, і ён амаль не падымаў галаву ад сваёй швейнай машыны. Жонка Яніна больш завіхалася па гаспадарцы ды ў полі. І дзень у дзень (акрамя нядзелькі) хадзіла ў калгас. У яе найболш за ўсіх у вёсцы было працадзён. Атрымлівала падзякі, ганаровыя граматы, узнагароды. Працавітымі вучыла быць і сваіх дачушак – Рэгіну і Ядвігу. Рэгіна звіла сваё гняздо тут, у Бортніках, недалёка ад мамы з татам, а Ядвіга – у Вялікай Бераставіцы.

Ляцеў час. Занямог гаспадар і неўзабаве памёр. Бабулька не магла жыць адна ў пустой хаце і падалася да дачкі Ядвігі. Там скончыўся яе жыццёвы шлях.

Хата засталася адна. На жаль, прабыла ў такой адзіноце аж трыццаць гадоў.  Але аднойчы прыйшоў дзень, калі скрыпнулі веснічкі, шчоўкнуў ключык у замку і расчыніліся наўсцяж дзверы. На парозе з’явілася унучка Аліна. Сумна сустрэла яе дзедава хатка. Але праз пачарнелыя вок-ны неўзабаве прабіліся першыя праменьчыкі сонца, і раптам пасвятлела ў хаце і на душы.

З таго дня мінула пяць гадоў. Усяго пяць! А колькі тут усяго зроблена, вачамі не ахапіць! І вось я ў гасцях у Аліны і Мікалая Герасімовічаў. Ветлівая, добразычлівая гаспадынька частуе мяне духмянай гарбатай, і мы паціху гутарым у маленькім пакойчыку.

– Нас у мамы чацвёра было: я, сястра Марыя і браты – Тадзік і Юра, – расказвае Аліна Францаўна. – Калісьці мама нас, дачок, усё ў горад адпраўляла, ёй хацелася, каб у нас было жыццё лягчэйшае, чым у яе. Бо яна змалку напрацавалася, свету не бачыла. А мама наша вельмі добрай краўчыхай была. Ёй ад бацькі гэтае ўменне перадалося. Толькі яна вяскоўкам абновы шыла. Таксама з усёй акругі да яе прыязджалі жанчыны, дзяўчаты маладыя. Сама фасоны прыдумвала, выкрайкі рабіла. Людзі дзівіліся, як яна ўмела так спраўна шыць. Дарэчы, дзедаў і мамін талент мне перадаўся таксама. І я вельмі люблю шыць. Да сёння гэтым займаюся.



Хата зноў ажыла

Паслухаліся дачушкі матулю, паехалі з вёскі ў горад. Аліна ўладкавалася на Гродзенскую птушкафабрыку. Там пазнаёмілася з будучым мужам Мікалаем. Ажаніліся, у хуткім часе маладая сям’я атрымала кватэру. Нарадзіліся дзеткі – сынок Мікалай (на жаль, сем гадоў мінула, як няма яго ўжо на свеце) і тры дачушкі – Рэгіна, Вера і Даша. Да мамы ў вёску часта прыязджалі, а дзедава хата так і пуставала. Сумна было глядзець. Але рукі, як кажуць, не даходзілі да яе. Так і стаяла пакінутай. А сям’я ў фабрычным пасёлку жыла, за горадам. Кватэра з усімі выгодамі была, але ж мелі магчымасць жывёлу трымаць, агароды садзіць. Нават кароўка была, свінкі, куры, агарод вялікі. Аліна цешылася, бо да працы на зямлі з маленства прывыкла. Усе вольныя хвілінкі ў агародзе была, гаспадарку даглядала. Вось так і жылі, дзетак гадавалі. А тым часам горад “набліжаўся” да іх пасёлка. І зусім скора на іх агародах “выраслі” шматпавярховыя дамы. І гаспадарку, вядома ж, нельга было трымаць.

– А рукі па зямлі сумавалі. Ой, як сумавалі! – гаворыць Аліна Францаўна. – І я , і муж месца сабе не знаходзілі ад бяздзеяння. І тады я падумала пра дзедаву хату. Проста ў вачах стаяла: такая пакінутая, зарослая, асірацелая. Сказала мужу, і ён таксама загарэўся ідэяй.

Яны прыехалі ў Бортнікі і адразу ўзяліся за работу. Перш-наперш трэба было прыбраць зараснікі, каб хоць у хату ўвайсці. Прыбралі. Увайшлі. Пачалі афармляць дакументы на хату. Пасля пачалася вялікая перабудова. Правялі электрычнасць, памянялі вокны, зрабілі прыбудоўку, на даху “канёк” усталявалі, з’явілася ў хаце ванная, ёсць халодная і гарачая вада і шмат чаго іншага. І не толькі ў хаце. Падрамантавалі хлеў, і ў хуткім часе там з’явілася жывёла.

Стары дзедаў сад таксама патрабаваў увагі. Хацелі спачатку папрасіць якога трактарыста, каб той прайшоўся пару разоў плугам і пераараў зямлю. А тут гаспадару прыйшла думка пусціць туды парасят. Яны за пару дзянькоў такі парадак там навялі, што заставалася толькі граблямі пазграбаць тое, што яны старанна павыкарчоўвалі. Вось дык дапаможцы!

Спілавалі старыя яблыні і на іх месцы пасадзілі новы сад. Зараз тут кожнай вясною цвітуць, а восенню пладаносяць яблыні, грушы, абрыкосы, персікі, вішні, слівы. А яшчэ спеюць летам парэчка, агрэст, тры сорты вінаграду. Рана на стале з’яўляюцца агурочкі, памідорчыкі і зеляніна, вырашчаныя ў цяпліцы, а трошкі пазней – на агародзе. У хляве хрукаюць свінкі, у курніку сакочуць куры, кожнай раніцай гаспадароў будзіць стракаты певень. Раскоша, хараство! У Аліны Францаўны тут душа спявае.

І песня жыць дапамагае

Дарэчы, пра песні. Аліна з самага дзяцінства з імі не расстаецца. У школе спявала, у клубе, на вячорках вясковых. І калі ў гарадскім Доме культуры пры птушкафабрыцы, дзе яна працавала, ствараўся ансамбль “Фабрычны каларыт”, Аліна Францаўна была адна з першых яго ўдзельніц. І ў хуткім часе ні адно гарадское мерапрыемства не абыходзілася без удзелу гэтага цудоўнага ансамбля.

Муж Аліны Францаўны нахвальвае жонку, кажа, што такога звонкага голасу няма ні ў адной салісткі ансамбля. А яна ў сваю чаргу з цеплынёю гаворыць пра мужа.

У майго Мікалая залатыя рукі, і ў зяця Аляксандра таксама. У нас наогул вельмі добрыя зяці. Вось Саша, муж Веры, на што ні гляне – зробіць. Асабліва ў электрыцы разбіраецца. Маем дзевяць унукаў. Старэйшаму – 27 гадоў, а самай маленькай унучцы – сем. Любяць сюды прыязджаць. Старэйшыя ўнучкі нават сябровак прывозяць. Здавалася б, няма тут у нас ні возера, ні рэчкі, нічога асаблівага, што магло б зацікавіць гарадскіх падлеткаў, а яны з задавальненнем едуць, шмат часу праводзяць у вёсцы. Начуюць не тут, а ў мамінай хаце, бо ў нас цесна. А маміна хата недалёка. Яна ўвесь час была дагледжана. Мы, дзеці, пра яе не забываліся. Толькі да дзедавай усё рукі не даходзілі… 

Аліна Францаўна з такой цеплынёю гаворыць не толькі пра сваіх родных. Пералічыла ўсіх суседзяў і пра кожнага добрае слова сказала. І пра вёску сваю таксама з вялікай любоўю і шчырасцю гаворыць.

– Мы ў Бортніках знаходзімся з ранняй вясны да позняй восені, – прызнаецца гаспадынька. – Потым забіраем увесь ураджай і зноў едзем у Гродна. І там сумуем і да вясны лічым дні, калі зноў сюды прыедзем. Мне тут кожная травінка любая, кожнае дрэўца, кожны кусцік. Такое ўсё роднае, такое мілае сэрцу. Я нібы ў дзяцінства вяртаюся, у тыя гады, калі тут шумна было, дзяцей шмат, гудзела вёска, гудзелі пчолкі, звінелі вяселлі, нараджаліся дзеткі. Сёння ў нашых Бортніках толькі 12 хатак засталося, дзе яшчэ людзі жывуць. Шмат пустуе дамоў, і ад гэтага робіцца сумна.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Синоптик Рябов рассказал о погоде на неделю с 14 по 20 апреля