Вяртанне да вытокаў: Галiна Зарубайка – пра жыццё ў вёсцы i любоў да роднай зямлi

03 Октября’26
1


У сваты прыйшоў з… шафай

Ганна Агеец была калісьці першай прыгажуняй на ўсе Кусянцы. Не адзін хлопец марыў ажаніцца з ёй, але ганаровай яна была дзяўчынай і на хлопцаў глядзела пагардліва. Такім самым халодным позіркам глянула яна і на Сяргея Качаржука, калі той пачаў аказваць прыгажуні знакі ўвагі. Але той прадпрымальным аказаўся хлопцам. Сватацца прыехаў з… шафаю – мэбляй на той час самавітай, не тое што які-небудзь там куфар. Бацькі Ганны былі ўзрушаны такім падарункам і адразу далі згоду аддаць дачку за спрытнага хлопца. А Ганне нічога не заставалася, як пайсці пад вянец. Сталася гэта яшчэ перад вайною, у сорак першым. Іх сынок Лёня нарадзіўся ўжо ў час нямецкай акупацыі, але дзіцяткі хутка не стала.

Потым прыйшла другая бяда. Забралі немцы Сяргея ў Ваўкавыскую турму. Чым ён правініўся перад фашысцкімі нелюдзямі, было невядома, але сядзеў там аж да вызвалення. І ўсё ж вярнуўся дадому, да жонкі. Ужо пасля вайны нарадзілася ў іх трое дзяцей: сынок Сяргей, дачушкі Галя і Марына. Яны з’явіліся на свет ужо ў новай хаце, якую Сяргей Качаржук пабудаваў ля дарогі ў Кусянцах. Дзеці добра вучыліся і дома ва ўсім дапамагалі бацькам. Адным словам, раслі працавітымі і спагадлівымі. Бацька працаваў у загатоўчай канторы ў Гурчынах, маці – на пякарні, у сталоўцы. Дзеці для іх былі самым дарагім скарбам на свеце.


Блаславіла маці ў дарогу     

Час ішоў. Дзеці скончылі школу, выбралі справы па душы. Блаславіла маці на дарожку, пажадала кожнаму поспехаў, дала свой мацярынскі наказ жыць у згодзе з сумленнем, людзей паважаць і цаніць кожны дзень, падораны Богам.

Беглі гады. У 2001-м не стала маці, праз чатыры гады пакінуў свет бацька. Хата асірацела. Хоць летам ды і часам на выхадных дзеці стараліся прыехаць, наведаць родны куточак, але разумелі, што гэтага мала. І тады Галіна, якая на той час ужо аўдавела, вырашыла пераехаць з Гродна ў Кусянцы. Дзеці былі не супраць, падтрымалі яе рашэнне.

– Бацькоўская хата – гэта месца, дзе пачынаюцца нашы дарогі і куды мы імкнемся, каб супакоіць душу, – гаворыць Галіна Сяргееўна. – Пакуль былі жывыя бацькі, пакуль яны нас чакалі з далёкіх дарог – не было большай радасці, чым прыехаць сюды, пачуць, як скрыпнулі веснічкі, пабачыць на парожку пасівелую матульку ў паркалёвай хустачцы, прытуліцца да яе пляча, сцерці далоняй слёзку радасці са шчакі. Абняць старога бацьку, які заўсёды нешта стругаў, прыбіваў, рамантаваў. На жаль, толькі асірацеўшы, мы пачынаем разумець, што менавіта гэта і было самым сапраўдным шчасцем, якое ў маладосці мы імкнёмся недзе шукаць, едзем у далёкія далі, аб нечым марым, спяшаемся, памыляемся, мітусімся. Але зараз я адчуваю сябе шчаслівай тут, у гэтай хаце, дзе кожны куточак такі родны, такі цёплы, такі дарагі. Здаецца, вось-вось выйдзе з-за печкі мама, спытае: “Прыехала дачушка? Давай я цябе блінцамі накармлю, чай з зёлкамі, які ты так любіш, завару. Пасядзім з табою, пагутарым”. Ды не прыйдзе ужо ніколі.


Дом не страціў сваёй душы

Брат і сястра Галіны таксма не засталіся ў баку. Дабавілі грошай, каб памяняць дах, падправіць фундамент, замяніць вокны, абсталяваць у хаце санвузел, устанавіць электраацяпленне, памяняць пакошаны ад часу плот.

Цяпер тут зноў пахне духмянымі прысмакамі, звініць дзіцячы смех унукаў, а вечарамі ў вокнах гарыць тое самае цёплае, самае роднае святло, на якое калісьці спяшаліся дзеці. Хата перарадзілася, але захавала галоўнае – карані. Яна зноў стала цэнтрам прыцягнення для ўсёй сям'і. Усё, што тут зроблена, – гэта ўжо не проста рэканструкцыя, гэта даніна павагі мінуламу, увасобленая ў сучаснасці. Самае галоўнае, што дом не страціў сваёй душы, бо застаўся ў родных руках. З вясны да восені ля хаты зіхацяць усімі колерамі кветкі, ля сцяны расце высокі грэцкі арэх, красуецца новы сад.

Часта наведваюцца да маці дачушка і сыны. Дзеці падарылі матулі чацвёра ўнукаў. Яны вельмі любяць прыязджаць у Кусянцы, тут для іх сапраўднае раздолле, цудоўныя краявіды, свежае паветра.

Прыязджаюць і брат з сястрою Галіны Сяргееўны, прывозяць дзяцей, унукаў. Калі збіраюцца ўсе разам, хата гудзе, як вулей, і так лёгка, так радасна на душы ў кожнага.

Гэтая гісторыя – найлепшы доказ таго, што, пакуль жывая памяць і пакуль дзеці шануюць бацькойскую спадчыну, будзе жыць і наша вёска, і наша зямля.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

 

 

 

 

 

Предыдущая статья

Свое – лучшее. Почему белоруски выбирают косметику отечественных производителей?