Гэтая хата стаіць наводдаль ад іншых і напамінае дзіўны казачны астравок, дзе пануюць любоў і згода. Не дзіўна, што атмасфера таго астраўка сама сабою передаецца ўсім, хто яго наведвае, хто прыходзіць сюды з дабром, з адкрытай душой. Нейкая асаблівая аўра лунае над гэтай хатай, і губляецца пачуццё часу, калі пачынаеш гутарку з гаспадарамі. Цеплыня і ўтульнасць гэтага дома проста ахутваюць з галавою, і хочацца застацца тут надаўжэй, каб надыхацца тым мікракліматам, які прысутнічае ў кожным куточку, у кожнай дробязі гэтага гасціннага двара.
На бацькоўскім прыкладзе
У канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя прыехала ў Стокі па размеркаванні маладая дзяўчына – аграном Марыя Рагуліна. На той час вёска была цэнтрам калгаса “Чырвоная зара”. Многія вясковыя хлопцы тады звярнулі на дзяўчыну ўвагу, але красуні ў сэрца запаў толькі Іван Саўко. На вячорках з ім пазнаёмілася. Прыгожы быў хлопец, вясёлы, добры, шчыры. Гэтая шчырасць, пэўна, і пакарыла дзявочае сэрца. І калі Іван паклікаў яе замуж, ні хвілінкі не сумнявалася – дала згоду. Пачалі жыць у бацькоў Івана. Там нарадзіўся сынок, якога назвалі ў гонар бацькі – Іванам. Тым часам будаваўся новы дом, куды ў хутка перасялілася сям’я. Там з’явілася на свет дачушка Наталля. Бацька працаваў шафёрам у калгасе “Чырвоная зара”, а маці была спачатку галоўным аграномам, а потым, калі калгас аб’ядналі з суседнім імя Мічурына, была аграномам па раслінаводстве.
Раслі дзеці добрымі на бацькоўскім прыкладзе. Маці вучыла дачушку, каб смачна было на стале, утульна ў хаце. Бацька з сынам займаліся мужчынскай справай. Той, якую павінен умець кожны хлопец, каб у будучым быць добрым гаспадаром. У сям’і панавалі згода і ўзаемаразуменне. Дзеці бачылі адносіны бацькоў, іх дабрыню адзін да аднаго, і гэта стала для іх галоўнай навукай і прыкладам, як трэба жыць.
Выраслі дзеці, кожны выбраў для сябе справу па душы. І галоўнае, што яны вынеслі з бацькоўскай хаты, – гэта жыць сумленна, цяжкасцей не баяцца, людзей паважаць і цаніць кожны дзень, падораны Богам.
Лёс злучыў два сэрцы
Наталля скончыла школу і падалася ў Рыгу вучыцца на фармацэўта. Атрымаўшы дыплом, працавала некалькі гадоў у латышскім горадзе Лудза. Прыехала неяк яна ў родныя Стокі на канікулы. Запрасіў яе аднавясковец на провады ў армію. І там Наталля пазнаёмілася з Мікалаем. Высокі, прыгожы, гаваркі хлопец спадабаўся дзяўчыне. Пару дзён сустракаліся, але ёй трэба было вяртацца на вучобу. Лісты пісалі адзін аднаму, і кожны радок гаварыў пра каханне, пра чаканне жаданай сустрэчы. А потым нейкі “чорны кот” прабег між імі. І на цэлы год адносіны спыніліся. Перажывалі ў душы абое, але ж крок насустрач не рабілі. Ганаровымі былі. У маладосці ж усе ганаровыя…
На той час Мікалай быў вадзіцелем старшыні калгаса імя Мічурына. Маладыя хлопцы і дзяўчаты папрасілі яго завезці іх у Стокі на “агеньчык”, прысвечаны 8 Сакавіка. Папрасіў дазволу ў старшыні і павёз. А там хлопец, нібы першы раз, убачыў сваю Наталлю. Устрапянулася сэрца і само, без дазволу, пакацілася пад ногі дзяўчыне. Праз два месяцы яны ўжо згулялі вяселле. Дзве дарогі зліліся ў адну, і сэрцы пачалі біцца ва ўнісон. Наталля ўжо адпрацавала належны тэрмін у Латвіі і ўладкавалася на працу ў бальнічную аптэку Свіслацкай ЦРБ. А пазней перайшла ў раённую аптэку. Калектыў прыняў дзяўчыну ветліва, і ў хуткім часе ён стаў для Наталлі другой сям’ёй. Там яна адпрацавала шмат гадоў, адтуль выйшла на заслужаны адпачынак. Мікалай яшчэ працуе вадзіцелем.
Не пакінулі родную хату
Кватэру Наталля з Мікалаем атрымалі ў Свіслачы. Але на кожныя выхадныя ездзілі то ў Нязбодзічы – да бацькоў Мікалая, то ў Стокі. Прывозілі ўнукаў. Наталля дапамагала маме ў агародзе, у хаце. Мікалай нешта майстраваў са сваім бацькам ці с цесцем. Апошні вельмі цешыўся, што ў дачкі такі спраўны муж, што мае ўмелыя рукі і ніякай працы не баіцца.
Ішоў час. Адзін за другім пайшлі на вечны спакой бацькі Наталлі, памёр бацька Мікалая. Свякроў у гэтым годзе адзначыць сваё 90-годдзе. Жыве зараз з дачкою.
Асірацела хата ў Стоках без бацькі і маці, але ні дня яна не была пакінутай і забытай. Наадварот, набыла новае жыццё, выглядае зараз як толькі што пабудаваная, аздоблена з высокім мастацкім густам. Па-ранейшаму прыязджаюць сюды дачка з мужам, праводзяць водпуск унукі, ужо і праўнучка з задавальненнем прыязджае ў Стокі. Як і пры маме, дагледжаны агарод, зіхаціць кветкамі двор. Ён з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым і яркім.
– Усё, што вы вакол бачыце, – гэта муж зрабіў, – гаворыць Наталля. – Ён усё сваё ўменне прыклаў да добраўпарадкавання дома і двара. Збудаваў альтанку на ўваходзе, у хаце цалкам зрабіў рамонт, звонку таксама хата выглядае зусім па-новаму. Заменены вокны, дах, упрыгожана веранда. Праведзены ў хату водапровад і ацяпленне. У двары стаяць арэлі, стаў зусім па-іншаму выглядаць наш стары калодзеж. Муж нарабіў розных прыстасаванняў, каб наш двор стаў па-сапраўднаму казачным. Праклаў дарожкі да дома і яшчэ шмат чаго зрабіў і працягвае рабіць, бо без працы сядзець мы не ўмеем. На гарышчы, куды раней выкідваліся непатрэбныя рэчы, зараз у нас такі ўтульны пакойчык для адпачынку, што люба паглядзець. Гэта ўсё – Мікалай. А я ўжо больш агародам і кветкамі займаюся.
– Праз дарогу знаходзіцца дом Наталіных дзеда з бабуляю, – дапаўняе жонку Мікалай. – Ён таксама дагледжаны. На ўчастку высаджаны малады сад, а ў хаце я абсталяваў майстэрню. Там у мяне дрэваапрацоўчы станок. Гэта на ім зроблена шмат чаго, што ў хаце і ў двары. Ну і жонцы дапамагаю. А як жа! У нас чатыры цяпліцы, агарод вялікі. Наташы адной было б цяжка спраўляцца. Дзеткі ў нас добрыя. Сын Алег – юрыст, ужо мае сваю сям’ю, унучку нам падарыў. Дачушка Насця скончыла інстытут замежных моў, працуе ў адной з фірмаў у Мінску. Яны для нас – галоўны скарб, самае вялікае шчасце. Так вось і жывём. Што нам яшчэ трэба?!
Тут душа адпачывае
Для Наталлі і Мікалая гэтая хата – самы родны куточак. Людзей цягне кудысьці далёка, за мяжу, дзе мора, пальмы. А для іх Стокі з прыгожым возерам і лесам вакол яго, з людзьмі, якіх ведаюць шмат гадоў, якія сталі за гэты час амаль што роднымі, з гэтымі сцежкамі, па якіх хадзілі мама і тата, – самыя лепшыя ў свеце. Ды і сонца тут не горшае, чым на Поўдні. Таму што сваё, пад сваім небам блакітным, пад зоркамі, якія так ярка свецяць ноччу. І птушкі тут спяваюць так, што тым, паўднёвым, і не снілася.
Наталля беражэ матуліны вышыўкі, памятае якой яна была рукадзельніцай, як любіла, каб вакол прыгожа было, кветак шмат высаджвала. Усё вакол цвіло каля хаты. Вось і Наталля з мужам стараюцца такое ж хараство зрабіць. Ды яшчэ памножанае разоў у дзесяць.
Гледзячы на ўсе тыя дзівосы, якія стварылі рукі гаспадара і гаспадыні, няма ні кропелькі сумнення, што гэты астравок – той куточак, дзе адпачывае душа, дзе лёгка дыхаецца і салодка спіцца. Тут, сярод соснаў і елкаў, якія растуць праз дарогу, блукае дзяцінства, напамінаючы пра тыя далёкія і незабыўныя гады, калі ўсё жыццё было яшчэ наперадзе, калі летуценныя дзявочыя мары ўзляталі белымі птахамі да нябёсаў. Яны, тыя мары, напэўна, збыліся. Бо вось ужо больш за сорак гадоў Наталля і Мікалай жывуць у згодзе, разумеюць адзін аднаго з паўслова, з паўпогляду і адчуваюць сябе шчаслівымі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара








