Чарговы адрас – вёска Дабраволя, вуліца Белавежская, 3. Тут мяне чакалі дзве цудоўныя сястры – Вера і Наталля, у дзявоцтве Панотчыкі. Гэта дзякуючы ім бацькоўская, а дакладней, дзядулева хата атрымала новае жыццё і з вясны да позняй восені купаецца ў кветках.
Адкуль карані пайшлі
Гэтая хата была пабудавана ў пачатку мінулага стагоддзя і стаяла калісьці каля ракі Нарва. Сюды прывёў дзевятнаццацігадовы Канстанцін Панотчык сваю маладзенькую жонку Надзею. Сталася гэта ў 1926 годзе. Добрая атрымалася сям’я, жылі маладыя, як галубкі. Канстанцін рыбачыў, быў пчаляром, на кірмаш ездзіў у Свіслач. А Надзея славілася кулінарнымі справамі. Пірагі выпякала ўсім на дзіва, хлеб духмяны, з мяса вырабляла дэлікатэсы, з рыбы, агародніны. Мала хто ў сяле мог паспаборнічаць у гэтым з Надзеяй.
Нарадзіліся ў сям’і адзін за другім двое дзетак: дачушка Лідзія і сынок Анатоль. Раслі дзеці на радасць бацькам, да працы прывучаліся, па гаспадарцы дапамагалі.
І ўсё бы добра, але тут вайна. Немцы прымусілі сям’ю пакінуць хату. І Канстанцін з Надзеяй вымушаны былі шукаць прытулку ў чужых людзей. А зімою 1942 года фашысты схапілі Канстанціна і расстралялі ў лесе за сувязь з партызанамі. Пахаваць не дазволілі, і ён ляжаў, прысыпаны снегам. Пазней закапалі ў рове і толькі пасля вызвалення перазахавалі Канстанціна Панотчыка на могілках у Дабраволі.
Хата ўцалела, і яе перавезлі ў вёску. Дзеці былі ўжо амаль дарослымі. У хуткім часе дачушка Лідзія выйшла замуж, а сынок Анатоль пайшоў у армію. Тры гады чакала яго любая дзяўчына Сонечка, лісты пісала, дні лічыла да сустрэчы. І яна адбылася. Цудоўная сустрэча двух любячых сэрцаў, якія неўзабаве з’ядналіся ў адно. Прывёў Анатоль сваю Сонечку ў бацькоўскую хату, прыняла свякроў маладую нявестку, як родную, а Соня з першых дзён называла яе мамай.
Неўзабаве папоўнілася сям’я дзіцяткам: нарадзілася дачушка Галіна. А трошкі пазней яшчэ две – Вера і Наталля.
Соф’я працавала ў Дабравольскай участковай бальніцы санітаркай, а ў хаце ўпраўлялася з гаспадаркай. Трымалі карову, свіней, курэй, гусей, качак. Анатоль спачатку быў заўгасам у бальніцы, а пасля працаваў лясніком. Гадаваць дзяцей дапамагала бабуля. І не проста дапамагала, а вучыла ўсяму, што ўмела сама. Улетку дзяўчынкі палолі калгасныя буракі, дапамагалі нарыхтоўваць сена, упраўляцца па дому. Маці з бабуляй вельмі любілі парадак і прывучалі да яго дзяўчат. А яшчэ навучалі іх, каб жылі дружна, каб заўсёды падтрымлівалі адна адну, дапамагалі. Раслі сёстры добрымі, паслухмянымі і ўпітвалі ў сябе бабуліны і матуліны майстэрства, шчырасць, адкрытасць і мудрасць. Выраслі прыгажунькамі, а калі прыйшоў час выходзіць замуж, бацькам чырванець не прыйшлося. Гаспадыні з дзяўчат атрымаліся адмысловыя.
“Так нас бабуля з мамай навучылі”
Час бег. У кожный дачкі ўдала склаліся сем’і. Старэйшая Галіна звіла гняздо ў Гродне. Нарадзіла і выгадавала двух сыноў, мае дваіх ўнукаў і ўнучку. Дарэчы, цікавы факт. Побач з домам бацькоў пабудавалі свае дамы і сыны. Жывуць, можна сказаць, на адным двары, праўда, двор той вельмі шырокі і неверагодна прыгожы. Увесь засаджаны дзівоснымі дрэвамі, кустамі і кветкамі. Ёсць чым палюбавацца.
Вера таксама ў горадзе над Нёманам. І ў яе двое сыноў і двое ўнучанят. Малодшая Наталля – ў Мінску, выгадавала дучушку Сафію.
– Бабуля і мама вельмі шмат чаму нас навучылі, – гаворыць Вера Анатольеўна. – Бабулькі даўно ўжо няма на свеце. Пакінула аб сабе самыя светлыя ўспаміны. А ў мамы нашай, звычайнай сялянкі, была нейкая ўнутраная інтэлігентнасць. У бальніцы, дзе яна працавала, яе называлі Сонейкам. Яна да хворых, асабліва да старых, адносілася, як да родных. Малако ім з хаты насіла, у магазіне пячэнне, цукеркі купляла і адносіла ім. Яна проста выпраменьвала дабрыню. Да яе людзі ішлі за парадамі, дзяліліся самым патаемным, не баючыся, што яна панясе па сялу плёткі. Вельмі чулай была і ўсім спачувала. Чужы боль, як свій, успрымала. Можа, таму і сама хутка хварэць пачала. Больш як дваццаць гадоў нядужыла. Мы з сёстрамі яе на зіму забіралі да сябе, у горад, а летам па чарзе бралі водпуск і прывозілі матульку ў Дабраволю. Разумелі, што яе цягне сюды, бачылі, як ёй добра тут, як хораша. Стараліся хоць чым-небудзь пацешыць нашу родную, каб яна часцей усміхалася, каб душа яе радавалася. Наташа наша вельмі любіць кветкі. У агародчыку нашым іх вельмі шмат. Мама таксама цешылася, гледзячы на гэтае хараство.
– Апошнія тры гады мама зусім не падымалася з пасцелі, – падтрымлівае размову Наталля Анатольеўна. – Мы яе даглядалі да апошніх дзён. Яна была атулена цеплынёй і любоўю. Мы рабілі ўсё магчымае, каб палепшыць яе самаадчуванне, прадоўжыць дні. Але куды ж дзенешся, усе мы калісьці пакінем гэты свет. Вось ужо адзінаццаць гадоў мінула, як няма нашай мамачкі. Рана ад страты трошкі зацягнулася, але не перастала балець.
– Мы спачатку нават і не думалі, што будзем сюды прыязджаць, як мамы не стала, – дапаўняе Наталлю сястра. – Здавалася тады, што ўжо няма чаго ехаць, што без мамы дом не дом, а так, проста стары будынак. Але прыйшло лета, і мяне сюды пацягнула з неверагоднай сілай. Пазваніла Наталлі, і яна адчувала тое ж самае. Мы прыехалі ў Дабраволю і адчулі, як душы напаўняюцца цеплынёй роднага дома, духам продкаў, подыхам дзяцінства. Адчулі, якую сілу мае гэты куточак, дзе нам пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Успомнілася, якой шумнай была вёска, колькі было моладзі, якія вечары былі дзівосныя. Дзяўчаты песні спявалі, здавалася, што па ўсяму свету тыя песні было чуваць. На танцы бегалі, у лес па грыбы, па ягады хадзілі. Тады, у дзяцінстве, не адчувалася ўсё так, як цяпер. А зараз кожны год дні лічым да вясны, каб зноў прыехаць у Дабраволю.
Жанчыны пераглядваюцца, міла ўсміхаюцца і працягваюць свой аповед:
– Вось прыехалі мы і вырашылі даць бацькоўскай хаце новае жыццё. Параіліся са старэйшай сястрой, з дзецьмі. Яны нас падтрымалі. Праўда, у Галіны ў Гродне свой дом, у яе там хапае спраў. І вось мы ўзяліся за рамонт. Найперш памянялі дах, потым вокны, дзверы, абклалі звонку хату сайдынгам, абсталявалі санвузел. У двары таксама шмат чаго зрабілі. Развалілі старыя хлявы, летнюю кухню абнавілі, з’явілася на падворку ўтульная альтанка. Нам тут так хораша, так добра, як нідзе. Вось і ўнучаняты прыязджаюць заўсёды з задавальненнем. Дзеці таксама адпачываюць тут: шашлыкі, свежае паветра.
Вера з Наталляй наперабой расказваюць мне пра свае перабудовы, пра тое, чым любяць займацца ў вольны час. Для Веры гэта, у асноўным, кулінарыя. Тыя дзівосы, якія яна стварае з цеста, з мяса і рыбы, заслугоўваюць самай высокай адзнакі. Гэта проста кулінарныя шэдэўры, зрабіць якія могуць далёка не ўсе. Наталля таксама любіць парадаваць родных і блізкіх смачнымі тортамі, салатамі, выпечкай, але галоўнае яе хоббі – кветкі. Імі зіхаціць увесь двор. І найбольш – ружы. Іх у Наталлі болей за пяцьдзясят відаў. І водар ад тых ружаў адчуваецца чуць не па ўсёй вуліцы.
Сёстры таксама садзяць тут агарод. Усё расце і цешыць буйнымі ўраджаямі. Прыязджаюць сюды гаспадынькі вясною і ад’язджаюць – позняй восенню. Забіраюцца дзеці. Зараз самы разгар лета. Сёстры маюць няшмат часу на адпачынак. Трэба займацца градкамі, на якіх ужо паспелі гурочкі, кабачкі, памідоры, набіраюць сілы бурачкі з моркваю, капуста, другая агародніна. Ужо сабраны парэчкі, вішні, з якіх зварана смачнае варэнне.
Прыемна было пазнаёміцца з гэтымі цудоўнымі жанчынамі, і цёплыя ўспаміны ад сустрэчы з імі застануцца ў душы надоўга.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара







