У вёсцы Хрустава засталося толькі некалькі дамоў, дзе яшчэ па вечарах гарыць святлоў вокнах, дзе раніцай паскрыпваюць палавіцы на ганку ў такт крокаў гаспадара ці гаспадыні. А калісьці гэта была шумная і шматлюдная вёска. Сёння тут шмат асірацелых хат, да якіх даўно забыліся дарогу тыя, хто пакінуў тут сляды сваіх босых ног. З ганку, які ўжо даўно пакасіўся і зарос мохам, калісьці праводзіла ў свет матуля ў вялікі свет сваіх дзяцей, даючы наказ, каб не забывалі бацькоў і той куточак, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Але ж той наказ і родны куточак, на жаль, забыліся. Такую карціну сёння можна ўбачыць у кожнай вёсцы. Але, дзякуй богу, ёсць нямала і такіх, куды не зарасла сцежка, для каго родная хата – найдаражэйшае месца ў свеце.
Багацце – ва ўнуках і дзецях
Сёння пойдзе гаворка пра хату ў вёсцы Хрустава, якая кідаецца ў вочы ўсім, хто праходзіць ці праязджае па вуліцы. Хата тоне ў кветках ад вясны да позняй восені. Яе гаспадынька – Ядвіга Антонаўна Крот. Яна дала жыццё траiм сынам і дзвюм дачушкам. Пяцёра дзяцей – пяць дарослых дарог, якія калісьці пачаліся ад гэтага парога. І для іх, а таксама ўнукаў і праўнукаў гэтая хата – святыня.
– Я родам з гэтай вёскі. Калі ажаніліся з мужам Эдзікам, спачатку жылі ў яго бацькоў. Вунь, праз дарогу, хата стаіць, – пачынае бабуля Ядзя і паказвае на суседнюю хатку. – Там усе нашы дзеткі нарадзіліся. А потым гэтую купілі. Тут дзеці выраслі, адсюль разляцеліся хто куды. Старэйшы Валік – у Свіслачы, дачка Марта і сын Гена – у Гродне. Уладзіслаў – у Сакольніках, а Анэля – у Брэсце.
Мы з мужам шмат гадоў працавалі ў жывёлагадоўлі. Кармілі цялят на ферме. Яны ў нас заўсёды дагледжаныя былі, як пра сваіх уласных клапаціліся. У мужа залатыя рукі былі, усё мог зрабіць адмыслова. І бацькам быў клапатлівым, вельмі любіў дзяцей. Але вось ужо 15 гадоў як няма яго на свеце. Дзеці ў нас добрыя, працавітыя. Мы з мужам, бывала, на ферме да цямна, а ў хаце ўсё зроблена. І свінкі накормлены, і карова падоена, і есці зварана. Мы дзяцей сваім прыкладам вучылі, а яшчэ працай. Няма лепшага выхавацеля, чым праца. І сёння мне за дзяцей не сорамна. Маю восем унукаў і дзесяць праўнукаў. Яны – маё галоўнае багацце, маё жаночае шчасце.
Ядвізе Антонаўне ўжо мінула 96 гадоў. На зіму Дачка Анэля забірае яе да сябе ў Брэст. Другія дзеці таксама часта звоняць, распытваюць матулю пра здароўе, проста гутараць з ёю, каб мама ведала, што пра яе памятаюць, што яе любяць. Там, у гарадской кватэры, бабульцы добра, утульна. Але душа рвецца ў Хрустава, да сваёй хаты. Зімою тая хатка нібы на канікулах ці ў водпуску. Стаіць сабе ціха пад снегам. Не закінута, не пакінута, а проста спіць і чакае надыходу вясны.
«Вясновы пералёт»
І кожнай вясной дачка і маці, як птушкі з выраю, здзяйсняюць “вясновы пералёт”, імкнуцца ў родную вёску, дадому. І старая хатка робіць глыбокі ўдых: вярнуліся!
– Для мамы гэты дом – яе паветра, – расказвае Анэля Эдуардаўна. – Гэта яе маладосць, памяць аб нашым тату, з якім яны паднялі нас на ногі. Я добра разумею: прывезці сюды маму – гэта не проста даніна клопату, гэта лепшы падарунак для яе душы. Яна любіць прайсціся па двары, пастаяць каля веснічкаў, паглядзець на дарогу, пасядзець на ганачку. А мне так добра, калі чую яе голас, бачу яе ўсмешку, яе добрыя вочы. Мама для мяне – гэта самае святое, самае дарагое. І не толькі для мяне, для нас усіх. Сюды прыязджаюць браты, сястра, пляменнікі, унукі. Ім таксама тут добра і хораша, яны душою туляцца да мамы, да бабулі. Гэта і ёсць сапраўднае сямейнае шчасце, у якога няма ўзросту.
З надыходам вясны хата зноў ажывае. Ажываюць агарод і ўвесь двор. Як па ўзмаху чароўнай палачкі ўзнікаюць новыя парнікі і зацвітаюць кветкі. Матуля, як раней, ужо не можа іх даглядаць, гэта робіць дачушка, але колькі радасці дастаўляюць старэнькай тыя цюльпаны, ружы, гладыёлусы, хрызантэмы і мноства іншых кветак, што цвітуць пад вокнамі. Зямля адчувае клапатлівыя рукі і адгукаецца буйным красаваннем. Матулька ў паркалёвай хустачцы сядзіць на ганку, глядзіць на кветкі, і яе сэрца цешыцца ўсім гэтым хараством. Грэе сонейка, шчабечуць птушачкі, і водар стаіць такі чароўны, такі салодкі… Бабуля ўзгадвае гады, калі дзеці былі маленькія, калі бегалі па надворку, хадзілі ў школу, калі яны з мужам былі яшчэ маладымі, моцнымі. Нябачная прысутнасць мужа адчуваецца ў моцных сценах, у кожным куточку. Яны, тыя сцены, яшчэ памятаюць рукі гаспадара, яго голас. Пяцёра дзяцей – гэта яго і матчын працяг. Іх сённяшні і заўтрашні дзень.
У кожным слове – пяшчота і ласка
Старэнькая матуля кожную раніцу пачынае з малітвы і з ёю кладзецца спаць. Галоўным для сябе ва ўсе гады яна лічыла і лічыць размову з Богам.
– Я малюся за дзяцей, за ўнукаў, праўнукаў, за ўсіх людзей і за спакой на свеце, – гаворыць бабуля Ядзя. – Зараз так неспакойна ў міры, і так цяжка на сэрцы ад гэтага. Я ж памятаю вайну, памятаю, што немцы вытваралі, колькі людзей загінула, які быў страх, голад, холад. Колькі людзі бяды і гора бачылі! Хіба гэта можна забыць? Я малая была, а ўсё перад вачамі стаіць, нібы ўчора. Не дай божа, каб такое калі паўтарылася.
Бабуліны вочы вільгатнеюць, і я стараюся перавесці размову на іншую тэму.
Дачка Анэля абдымае матулю за плечы, супакойвае. Дарэчы, не так часта мне даводзілася бачыць такія надз-
вычай цёплыя адносіны дачкі і матулі. “Галубка мая, кветачка мая, птушачка мая”, – так звяртаецца дачка да маці. І ў гэтых словах столькі пяшчоты, столькі любові і ласкі. Наогул, у гэтай хаце пануе нейкая асаблівая аўра цеплыні і адкрытасці, сардэчнасці і чуласці.
Анэля вядзе мяне ў двор. Мы ідзём у агарод, дзе ўжо ва ўсю пладаносяць памідоры, перцы, гарбузы... Двор зіхаціць кветкамі. Прыветліва ківаюць галоўкамі вяргіні, цешаць вочы ружы, гладыёлусы. Як тут хораша, як добра і ўтульна!
Так хочацца, каб яшчэ доўга-доўга кожнай вясной сюды вярталіся дачка і маці, каб часцей сюды зляталіся дзеці і ўнукі, каб зіхацеў кветкамі двор, радаваў ураджаем агарод, а ў садзе падалі ў траву спелыя яблыкі.
Жыве і будзе жыць бацькоўская хата, бо яна – святыня. Гэта карані, і не даць загінуць гэтым караням – значыць, прадоўжыць жыццё сваіх бацькоў (бо тыя, каго мы любім, не паміраюць!), сказаць ім “дзякуй” так, каб яны пачулі. Гэта значыць – захаваць усё тое, што было і застаецца самым дарагім і каштоўным.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара






