
Гэтая хата запала мне ў душу яшчэ ранняй вясною, калі я ехала па вёсцы на сустрэчу з іншымі гаспадарамі, якія далі новае жыццё бацькоўскай хаце. Нават запыталася потым у гаспадыні: “Чыя гэта хата стаіць недалёка ад вашай? Прыгожая такая”.
Аказалася, што яе даглядаюць пасля смерці бацькоў дзве дачкі, якія жывуць у Ваўкавыску і часта прыязджаюць сюды. А з вясны да глыбокай восені наогул толькі тут і знаходзяцца.
“Дзяцінства было шчаслівым”
І вось я ў гасцях у Марыі Савіцкай і Таццяны Касцюк. Мы сядзім у альтанцы, і я з цікавасцю слухаю іх аповед пра шчаслівае дзяцінства, дзявоцтва, пра руплівых бацькоў, якія з маленства вучылі дзяцей, каб жылі сумленна, людзей паважалі, у Бога верылі і заўсёды памяталі, што чалавек у працы пазнаецца. Так было ва ўсе часы, так і будзе.
– Мама наша Галіна Антонаўна тут нарадзілася, у Бортніках, у вялікай сям’і, – пачынае гаворку Марыя Савіцкая. – Пяцёра іх было у бабулі Сабіны і дзеда Антона. Вось тут дом іх стаяў, дзе цяпер ружы цвітуць. А тата Фёдар Антонавіч быў родам з Кавалёў, што ў Поразаўскім сельсавеце. Ён быў адукаваны, скончыў ветэрынарны тэхнікум, шмат гадоў быў загадчыкам фермы ў Бортніках.
А мама толькі тры класы скончыла і ў 11 гадоў працаваць пайшла. Спачатку свінаркай была. Дарослыя жанчыны здзіўляліся, як такая худзенькая дзяўчынка ўпраўляецца нароўні з імі. Потым, як трошкі падрасла, пайшла даіць кароў. І там таксама дзівіліся людзі працавітасці маладзенькай даяркі. Неўзабаве стала адной з лепшых. Да таго ж прыгожай была, добразычлівай. А калі прыйшоў на ферму працаваць новы загадчык Фёдар Савіцкі, запала ў сэрца яму. Спадабаліся яны адзін аднаму. Хутка і вяселле згулялі. Добрая сям’я атрымалася, дружная. Потым з’явілася на свет я, а за мной – Таня.
Марыю ахвотна дапаўняе сястра Таццяна.
– Дзяцінства наша было шчаслівым, – гаворыць яна. – Хоць без справы нам сядзець не прыходзілася. Абавязкі былі ў кожнай і па дому, і па гаспадарцы. Асабліва летам. Адны толькі бясконцыя дзялкі буракоў чаго каштавалі. Сена дапамагалі нарыхтоўваць, зелле свінням рваць, кароў пасвіць, зімою дроў трэба нанасіць, печкі вытапіць, хату прыбраць. Але ж мы не скардзіліся, гэта ўсё было само сабой зразумелае. У кожнай хаце на вёсцы дзеці без работы не сядзелі. Мы ўсюды паспявалі: і на адпачынак час знаходзіўся, і на кніжкі, якія вельмі любілі чытаць.
Бацькі прыходзілі дадому стомленыя, спрацаваныя, і нам хацелася, каб яны хоць трошкі адпачылі. У таты балеў пазваночнік, мы шкадавалі яго вельмі. І маму шкадавалі, хацелася зрабіць для яе нешта прыемнае, каб яна ўсміхнулася, каб пабачыла, якія ў яе добрыя дачушкі-памочніцы.
З якой любоўю і пяшчотай расказваюць мае субяседніцы пра сваіх бацькоў, якой неверагоднай цеплынёй свецяцца іх блакітныя вочы.
– Але не думайце, што ў бацькоў не было часу проста паразмаўляць з намі, распытаць пра вучобу ў школе, – працягвае Марыя. – Мама на адлегласці адчувала, калі нешта ў нас не ладзілася, калі на душы было цяжка. Мама ўмела так далікатна, ненадакучліва падысці, распытаць, і мы абсалютна ўсім маглі з ёю падзяліцца, даверыць любую нашу таямніцу. Гэта цяпер тыя праблемы дзіцячыя здаюцца смешнымі, а тады былі сур’ёзнымі. А гэта так важна, каб быў побач той, хто ўмее выслухаць, пачуць, супакоіць і падтрымаць. Для нашай мамы не было несур’ёзных нашых праблемаў. Мудрая яна была, хоць амаль непісьменная. Яна была нашым анёлам-ахоўнікам. Тата – бясспрэчным аўтарытэтам. Яго вельмі паважалі ў вёсцы, ён ахвотна дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся. Мы ганарыліся сваімі бацькамі, яны былі для нас узорам прыстойнасці, праўдзівасці, дабрыні, чуласці. Мы ўпітвалі ў сябе гэтыя якасці, ішлі і ідзём з імі па жыцці, гэтаму вучылі сваіх дзяцей, а яны, мы ўпэўнены, навучаць сваіх.
“Мы любім сюды прыязджаць”
Гаспадара дома Фёдара Савіцкага не стала васямнаццаць гадоў назад. Смерць скасіла раптоўна, нечакана. Гэтая страта адгукнулася ў сэрцах Марыі і Таццяны нясцерпным болем. Маці засталася ў доме адна. Але дочкі прыязджалі на кожныя выхадныя, падтрымлівалі, дапамагалі ва ўсім. На зіму Марыя забірала матулю да сябе. Галіна Антонаўна была атулена ўвагай, клопатам, але вельмі сумавала па сваім куточку, дзе пражыла шмат гадоў з мужам, дзе нарадзіліся і выраслі дзеці. Не магла дачакацца вясны, каб зноў вярнуцца ў вёску, каб жыць у сваёй хаце, адчуваць сябе гаспадыняй. Ёй тут так вольна дыхалася, так цешылася душа і радасць перапаўняла сэрца!

Але час няўмольны. Год ад году маці слабела, далягалі розныя хваробы, і тры гады таму яна пакінула гэты свет. Марыі з Таццянай тады здавалася, што згасла сонца і жыццё страціла сэнс. Прыязджаючы ў Бортнікі, нават не маглі знаходзіцца ў хаце, так балюча было ўсведамляць, што больш ніколі не сустрэне мама. І ўсе свае сілы аддавалі працы ў агародзе, у двары. Мама вельмі любіла кветкі, і да тых, якія яна высаджвала сама, дабавіліся іншыя. Амаль кожны куточак зараз цешыць вочы кветкамі. Адных толькі кустоў руж амаль пяцьдзясят і яшчэ, можа, сто сартоў самых розных кветак. Неяк прыснілася Таццяне мама. Сказала, што добра ёй, што працуе ў арцелі “Незабудка”. І дачушкі вырашылі насадзіць каля хаты гэтых кветачак з блакітнымі вочкамі.
Тут шмат чаго змянілася. Зроблены новы падмурак для плота, плот таксама пастаўлены новы, памянялі дах, комін, збудавалі альтанку, прабілі свідравіну. Агарод такі ж ураджайны кожны год, як пры маме. Пасаджаны маладыя яблыні, грушы, вішні.
– Мы вельмі любім сюды прыязджаць, і дзеці таксама, – гаворыць Таццяна. – Амаль усе выхадныя тут, водпуск – таксама. Вось у гэтым годзе вырашылі на мора з’ездзіць, дык ледзьве дабылі там. Так цягнула сюды, што дні лічылі, калі вернемся. Упэўніліся, што няма на свеце лепшага месца, чым тут, дзе засталіся сляды таты і мамы, сляды нашага дзяцінства. І, ведаеце, такое адчуванне, што ўсё, што мы робім тут, робім для мамы, для таты. Хочацца, каб ім было прыемна, каб яны адтуль, з іншага вымярэння, бачылі, што іх праца не прапала дарам, што хата жыве, што мы памятаем і любім іх. Мы сэрцам чуем іх дыханне – яны заўсёды побач. Мы можам параіцца з імі і душою пачуем голас, адчуем дотык рук. Гэта не проста словы, гэта тое, што жыве ў нас, што вядзе па жыцці. Сюды нас цягне нейкая неверагодная сіла – мы тут забываем пра ўсе свае праблемы, пра хваробы, якія ўжо паціху далягаюць, пра гады, якія так шпарка бягуць.

Я слухала Таццяну з Марыяй і верыла кожнаму слову, бо адчуваю тое ж самае, калі у думках звяртаюся да мамы, часам нават чую яе дыханне побач.
Марыя з Таццянай ў свой час закончылі Гродзенскі ўніверсітэт імя Я. Купалы. Абедзве прысвяцілі сябе дашкольнаму выхаванню. Жывуць і працуюць у Ваўкавыску. У Марыі дарослая дачка Дар’я, у Таццяны – сын Вадзім і дачка Алеся.
У свой час унукі былі частымі гасцямі ў бабулі з дзядулем. Яны заўсёды чакалі любых унучанят, для іх стараліся. Піражкі бабы Галі яны памятаюць да сёння. І не толькі дзеля пачастункаў спяшаліся ўнукі да бабулі. Яны ахвотна дапамагалі ёй ва ўсім. Не лянаваліся палоць грады, заграбаць сена для каровы, даглядаць куранятак.
Унукі выраслі, год па году створаць свае сем’і, але дарогу да бабулінай хаты ў Бортніках яны не забудуць. Сюды будуць прыязджаць праўнукі, цешыцца пахам ружаў, зрываць сакавітыя яблыкі, грушы і адчуваць сябе самымі шчаслівымі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара




