banner
Бернард Шоу застаўся б задаволены
00:00 15 Апреля’19
Зусім не лічу сябе тэатралам, але, бываючы ў сталіцы нашай рэспублікі, заўсёды імкнуся акунуцца ў дзіўную тэатральную атмасферу. Гэта асаблівы свет, з якога чэрпаеш не толькі натхненне, але і атрымліваеш пэўныя жыццёвыя ўрокі.

Такім чынам, «Пігмаліён»... Невялікая зала тэатра-студыі кінаакцёра практычна запоўнена рознаўзроставай публікай. Пустым застаецца толькі першы рад. Але чаму? Літаральна за метр ад яго сцэна, і, працягнуўшы руку, пры жаданні можна было б дакрануцца да акцёраў. Не месца, а проста мара любога гледача. Даюць трэці званок, двойчы гучыць просьба на рускай і беларускай мовах выключыць мабільныя тэлефоны, згасае святло і – вось яны, служыцелі Мельпамены, пераносяць нас на адну з лонданскіх вуліц.

Прагна слухаючы гаворку герояў п’есы, публіка не адразу разумее, што з’яўляецца крыніцай шуму, які абсалютна не ўпісваецца ў сцэнарый. Аказваецца, запаўняецца першы рад, і запаўняюць яго... школьнікі. Уся гэтая валтузня выклікае незадаволеныя нараканні ў радах гледачоў, а вось акцёраў, мяркуючы па іх халоднай абыякавасці, ані крыху не бянтэжыць. Мабыць, дзеці тут частыя госці і прыводзіць іх у залу ў вольны ад урокаў час не пустая цікавасць.

Кульмінацыя п’есы – дзелавое пагадненне прафесара Хіггінса і палкоўніка Пікерынга аб ператварэнні Элізы Дуліттл. Гарачая спрэчка двух заядлых халасцякоў суправаджаецца... мабільным рынгтонам. Красамоўны позірк выканаўцы галоўнай ролі ў залу – тэлефон змаўкае. Праўда, ненадоўга. Новая спроба настойлівага кантакту выклікае даволі прамалінейную рэпліку героя: «Гэта з якога прадмесця трэба прыехаць у Лондан?!» Зала літаральна выбухае апладысментамі. Магчыма, менавіта гэты глядач не ведае ні рускай, ні беларускай мовы.
Ах, гэтая сіла прыцягнення нашых мабільных тэлефонаў! І як мы раней без іх існавалі, размаўлялі, бачылі свет ва ўсіх яго фарбах, памяталі твары сяброў... Задумаўшыся пра высокае, пра культуру нашых паводзінаў у грамадстве, успомніла амаль анекдатычны выпадак, расказаны выкладчыкам на адной з лекцый.

У бітком набітым у гадзіну пік тралейбусе жанчына абмяркоўвае з сяброўкай адну з «вострых і тэрміновых», як гэта часта бывае, тэм. Адвярнуўшыся тварам да акна (у яе разуменні, напэўна, гэта надзейная абарона ад чужых вушэй), дама вельмі эмацыянальна рэагавала на тое, пра што казалі ў трубцы: «Да ты што! А ён што? А яна што? Нічога сабе!..» Хвілін дваццаць у такім духу. Да канца паездкі ўсе пасажыры тралейбуса былі не менш зацікаўлены ў развязцы гісторыі, чым сама жанчына. На іх тварах чыталася адно пытанне: «Чым жа ўсё скончылася?» На жаль, не ўсе «калектыўныя» размовы заканчваюцца гэтак жа весела. Ды і ці варта чыёсьці жыццё выстаўляць уголас? Ці хочуць гэтага навакольныя? Мяркую, культура паводзін усё ж павінна быць у прыярытэце.

Аднак вернемся ненадоўга да п’есы. Нам пашанцавала: у гэты дзень двайны паўвекавы юбілей святкавала шлюбная пара акцёраў – Уладзімір Мішчанчук (у мінулым, дарэчы, дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра) і Людміла Кучарэнка. Пяцьдзясят гадоў на сцэне і столькі ж у жыцці рука аб руку. У каханні, прабачэнні, узаемаразуменні і даверы. Вось годны прыклад для юных тэатралаў, якія, дарэчы, пакідаючы залу, вельмі прафесійна разважалі пра гульню акцёраў, пра тое, хто колькі гадоў у той ці іншай ролі, не зазіраючы пры гэтым у свае гаджэты. Відавочна, што гэтыя дзяўчынкі і хлопчыкі і без навамодных прылад «у тэме». Бернард Шоу, лічу, застаўся б задаволены.

Текст: Ольга Бубенчик

Предыдущая статья

На Свислоччине стартовала акция "Неделя леса"