banner
А малявалі «шчаслівае» жыццё
08:35 20 Октября’20
У адной з рэспубліканскіх газет маю ўвагу прыцягнулі матэрыялы аддзела журналісцкіх расследаванняў. Распавядаюць яны пра стварэнне гітлераўцамі на Магілёўшчыне “Саюза беларускай моладзі” (СБМ). Гэта яшчэ адна старонка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, аб якой нельга забываць. Чаму? Адказаць на гэтае пытанне кожны павінен сам.
Пасяджэнне, прысвечанае арганізацыйнаму афармленню “Саюза беларускай моладзі” па прыкладу “гітлерюгенда”, адбылося 22 чэрвеня 1943 года. Аб мэтах і задачах арганізацыі можна даведацца з яе статута: “…Беларускі народ павінен атрымаць арыентацыю на новую Еўропу (нічога не нагадвае?), каб ісці да яе з усімі еўрапейскімі народамі пад кіраўніцтвам вялікай Германіі. У гэтым напрамку неабходна сёння пачаць выхаванне беларускай моладзі. Яна павінна… узяць на сябе місію крыжовага паходу супраць жыда-бальшавізму”. 

І вось группы СБМ пачалі стварацца на Беларусі, у тым ліку на Магілёўшчыне – у Бабруйску, Бялынічах, Асіповічах, Крычаве і Шклове. Нягледзячы на тое, што кіраўнікі дружын малявалі членам СБМ карціны “шчаслівага” і “свабоднага” жыцця, моладзь туды не запісвалася. Тады “зваротлівыя” арганізатары, каб адзначыць патрабаваную колькасць, уключалі ў спіс вучняў 3–4 класаў (!).

Кадры сярэдняга звяна СБМ “каваліся” на курсах падрыхтоўкі ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Распарадак тут існаваў амаль што ваенны. Юнак юнака вітаў выкідваннем рукі са словамі “Хайль Гітлер!” або “Жыве Беларусь!”. Ідэалагічная апрацоўка была асноўным прадметам у выхаванні будучых кіраўнікоў дружын.

І ўсё ж моладзь разумела, да якой “будучай дзейнасці” іх рыхтавалі. І ў саюз не ішла. Вось чаму ў канцы 1943 года з’явіўся загад немцаў аб абавязковым уступленні юнакоў і дзяўчат у гэту арганізацыю. Непаслухмяных чакала фашысцкая няволя.

А найбольш актыўных “паслядоўнікаў” фюрэра немцы пасылалі на экскурсію ў Германію, каб затым выкарыстаць гэтыя паездкі для прапаганды. Канешне, іх не вадзілі на экскурсію ў канцэнтрацыйныя лагеры Дахау і Равенсбрук.

Архіўныя матэрыялы сведчаць, што найбольш актыўна дзейнічала Бабруйская дружына СБМ. Напэўна, самы чорны след пакінулі яе члены сваім удзелам у арганізацыі і функцыянаванні дзіцячага лагера ў вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёна, дзе фашысцкія каты бралі кроў у падлеткаў для сваіх параненых салдат. 

У канцы мая 1944 года камандуючы тылавой акругай 9-й пяхотнай нямецкай арміі Фрыдрых Густаў сабраў у Бабруйску кіраўнікоў СБМ і СБСБ і растлумачыў ім, што ў сувязі з набліжэннем фронту жыццю і здароўю дзяцей быццам пагражае небяспека. Таму нямецкае камандаванне прыняло “гуманнае” рашэнне арганізаваць дзіцячае “сяло”. Для работы ў ім патрабаваліся выхавальнікі. Кандыдатуры падабралі з ліку моладзі СБМ. Шэфы з СД загадалі ім падпісаць паперы аб невыдаванні звестак пра арганізацыю “сяла”. Між іншым дзеці павінны былі паступаць туды толькі пасля строгага медыцынскага агляду. 

Праз тыдзень члены акруговага штаба СБМ наведалі дзіцячы лагер і разам з немцамі арганізавалі яго афіцыйнае адкрыццё. На “свята” прывезлі бацькоў дзяцей-вязняў, прыгналі мясцовае насельніцтва. На дрэвах і дамах вывесілі партрэты Гітлера, а каб прыдаць адчуванне беларускасці – бел-чырвона-белыя сцягі…

З успамінаў сведкаў вядома, што да дзяцей у лагеры дрэнна адносіліся, білі, не давалі есці, загадвалі выконваць фізічную працу.

І нават калі дні фашысцкіх акупантаў былі злічаны, прапаганда за “новую Беларусь” не спынялася. Але дарма з пенай на вуснах кіраўнікі дружын заклікалі моладзь змагацца з Чырвонай арміяй. Дарэмна енчыла газета “Новый путь”, што “…явачныя пункты літаральна асаджаліся юнымі добраахвотнікамі, каб папоўніць нямецкае войска”. Гэтай хлусні ўжо ніхто не верыў.

Текст: Ольга Бубенчик

Предыдущая статья

Ультиматумам о всеобщей забастовке как информационная атака на бизнес. Кому это выгодно?