banner

“Я ганаруся паходжаннем з вёскі”

03 Декабря’24
403
Віктар Брыш вярнуўся ў бацькоўскую хату ў Дашкавічах і стварыў там утульны куток, дзе жывуць цёплыя ўспаміны аб маці, дзяцінстве і найлепшым часе ў жыцці


Чым пакрыўдзіла вёска?

Спачатку пра сумнае і вельмі дзіўнае. Пачула неяк гісторыю, як адна маладая жанчына вельмі абуралася, што яе здымак быў змешчаны ў газеце. Чаму? Здымак як здымак: прыгожая жанчына з дзіцём на руках у бацькоўскай хаце, куды яна прыехала пагасціць. Але… Яна ж гарадская, а тут вёска! Што пра яе сябры ды знаёмыя падумаюць? Скажуць “дзяроўня”, на смех падымуць.  Гэта ж, сораму не абярэшся…

Ужо не ведаю, як тая гарадская пані з “сорамам” справілася, можа, да сёння твар хавае, каб часам не пазналі ў ёй тую “дзяроўню”. Можа, і ездзіць перастала да маці з бацькам, каб раптам зноў у які аб’ектыў не трапіць. 

Сумна. Сорамна. Крыўдна. Праўду кажучы, нават не думалася ўжо, што ёсць сярод нас яшчэ такія “сарамлівыя” людзі, якія, вылецеўшы з вясковай бацькоўскай хаты, пачалі лічыць сябе гарадскімі і адракацца ад сваіх каранёў. 

Хацелася б паглядзець у вочы той жанчыне і запытаць: чым жа цябе так пакрыўдзіла вёска? Чым яна цябе так зняважыла, што ты так прылюдна адракалася ад таго куточка, дзе прыйшла на свет, дзе сказала першыя слоўцы, зрабіла першыя крокі? Няўжо, пакінуўшы родны парог, ён стаў для цябе чужым, абразлівым? Ці ведама табе, што большасць людзей, імёны якіх сёння вядомыя ўсяму свету, паходзілі менавіта з вёскі і ніколі-ніколі не саромеліся свайго паходжання, а наадварот, ганарыліся гэтым. Наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка таксама нарадзіўся і вырас у вёсцы і заўсёды з гонарам кажа пра гэта і з вялікай павагай пра ўсіх тых, хто сёння шчыруе на зямлі, узрошчвае хлеб, хто корміць краіну. Схілі галаву і падзякуй вёсцы, падзякуй роднай хаце, бацьку і маці за тое, што выгадавалі, вывучылі, аддалі замуж. І папрасі прабачэння. Бо прыйдзе такі час, абавязкова прыйдзе, не сумнявайся, калі пабеліць твае скроні сівізна і зморшчынкі пабягуць па твары, а душа будзе нястрымна рвацца туды, дзе ты нарадзілася на свет. І захочацца вярнуцца, і добра, калі будзе куды.  Але, пэўна, хопіць пра сумнае. Будзем лічыць, што гэта адзіны выпадак, і больш да яго не вернемся.

 Тут губляецца пачуццё часу

Герой нашай старонкі, зразумела, таксама паходзіць з вёскі. І ганарыцца гэтым. І няма для яго лепшага месца на ўсім свеце, чым той куточак, дзе ён прыйшоў на свет. Гэта Віктар Брыш, які, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, вярнуўся ў родную вёску Дашкавічы і робіць у бацькоўскай хаце сапраўдныя цуды.     

З Віктарам я знаёмая даўно. Гадоў з трыццаць. Ведала, што ён чалавек творчы, любіць паэзію, захапляецца, гісторыяй, нават склаў свой радавод да дзясятага калена з усімі разгалінаваннямі. Добра зарэкамендаваў сябе на ўсіх пасадах, якія яму давяралі. Мае тры вышэйшыя адукацыі па спецыяльнасцях “аграном”, “эканаміст” і “антыкрызісны кіраўнік”. Гэта прафесіі, якія запісаны ў дыпломах. А вось таго, што не запісана, значна больш. І атрымліваў іх Віктар Піліпавіч не ў акадэміях і інстытутах, а само жыццё давала яму тыя незлічоныя “кваліфікацыі”. Сказаць, што я здзівілася – нічога не сказаць. Паспрабую пералічыць хоць некалькі з яго “спецыяльнасцей”: столяр, цясляр, токар, электрык, сантэхнік, пажарны, будаўнік, тынкоўшчык, маляр, слесар, механік, зваршчык, кухар, кандытар, нарыхтоўшчык, швец, аўта-мота-вела-фота-тэле-радыё-манцёр, а ў дадатак краявед і дырэктар уласнага музея. Хочаце паспрачацца са  мной? Калі ласка, прыязджайце ў вёску Дашкавічы да Віктара Піліпавіча Брыша. Усё, што ён стварыў і працягвае кожны дзень ствараць сваімі рукамі, на ўласныя вочы пабачыце. Ён з задавальненнем вам пакажа свае дзівосы, пачастуе смачнай зёлкавай (сам збірае) гарбатай з тортам, спечаным яго ж рукамі, і, гарантую вам, вы вельмі хутка забудзеце, чаго наогул туды прыехалі. Гэта я па сабе мяркую, бо сап-раўды, пасля экскурсіі, якую Віктар Піліпавіч правёў па сваёй хаце і прылеглай тэрыторыі, у мяне літаральна адняло мову, і ўсе пытанні, якія мела намер яму задаць, таксама некуды падзеліся. 

 Балючыя ўспаміны дзяцінства

Паспрабую прыпомніць усё тое, што пабачыла, і распавесці маім чытачам.


Першае, што кінулася ў вочы, –гэта шыльдачка на доме: “Гэтую сядзібу ў 1958 годзе заснавалі Брыш Піліп Феафанавіч і Брыш Надзея Фёдараўна. Продкам удзячныя патомкі”. Віктар Піліпавіч з болем у душы успамінае тыя дні, калі бацька і маці заклалі падмурак дома, капалі склеп, выкладалі каменчыкамі. Як цешыліся яны з дзецьмі, што хутка пераселяцца са старэнькай хаты ў новы дом, як будзе тут добра, прасторна, хораша жыць. 

Тым часам на парозе ўжо стаяла бяда. Раптам захварэў і памёр бацька. Засталася маці з гаротным удовіным лёсам, мы без бацькі, і недабудаваная хата. Мы стараліся дапамагаць маме, вучыліся добра, падтрымлівалі яе, як умелі. Цяжка было вельмі.

І ўсё ж насуперак гаротнаму лёсу дабудавалі яны дом і перасяліліся ў яго. Падраслі дзеці. Васіль пайшоў у армію, а Віктар паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. Тры гады вучыўся паспяхова, на адны пяцёркі, падвышаную стыпендыю атрымліваў. А тут новая бяда. Захварэла маці. Перанесла дзве цяжкія аперацыі. Далі ёй 2-ю групу інваліднасці. Каб дапамагчы маці, Віктар перавёўся на завочнае навучанне і прыехаў дадому. Сын атуліў матулю ўвагай і клопатам, суцяшаў, упэўніваў, што ўсё яшчэ наладзіцца, і ўсё ў іх будзе добра. Сынава падтрымка прыдала маці сілы, і яна сапраўды паціху пайшла на папраўку. 

Вярнуўся з арміі Васіль, Віктар атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі, потым другі, трэці. Займаў сур’ёзныя пасады і на кожнай зарэкамендаваў сябе, як адказны кіраўнік, добрасумленны чалавек. 
Сыны стварылі свае сем’і. Матуля цешылася ўнукамі. Жыццё працягвалася. А гады-гадочкі беглі – не дагнаць. 

Васіль у суседняй вёсцы Дарані жыў з сям’ёю. Часта наведваў матулю, дапамагаў. На жаль, яго ўжо не стала. Віктар усе выхадныя і водпускі праводзіў у Дашкавічах. Нават думкі не дапускаў, што правядзе вольны ад працы месяц ці хоць тыдзень дзе-небудзь на моры. Яго сэрца рвалася да роднага дому, дзе чакала матуля. Ён рабіў усё магчымае і немагчымае, каб прадоўжыліся яе дні, каб было каму сустракаць яго ля веснічкаў, каб унукамі пацешылася. Але той чорны дзень аднойчы прыйшоў…   

Маці б цешылася

Больш як дваццаць гадоў няма на свеце матулі. Добрай, сціплай і вельмі мудрай жанчыны. І ўсе гэтыя гады Віктар кожныя выхадныя і водпуск рваўся туды. І пачаў рабіць сапраўдную перабудову і аднаўленне.  

У хату праведзена вада, вялікі пакой упрыгожвае камін, на сцяне – старадаўні гадзіннік, са звычайнай шафы атрымалася шафа-рэтра, печ, у якой сушацца яблыкі, грыбы, зёлкі. А колькі розных тумбачкаў з кампактнымі скрыначкамі! На вуліцы таксама ёсць на што паглядзець. Да даху прыбудаваны балкон, ноччу свеціцца ліхтар-кажан, зроблены ў двары  мангал са столікам і сядзеннямі з металічнага ложка. А яшчэ двор упрыгожвае “Эйфелева вежа”. Гэта напамінак аб тым, што прозвішча Брыш паходзіць ад французскіх каранёў. Сваімі рукамі гаспадар зрабіў бетонамяшалку, цыркулярку, ён на “ты” з электрыкай. Гадуе Віктар Піліпавіч і пчолак. Мае свой мёд, якім з задавальненнем частуе сваякоў, сяброў.

А яшчэ ў Віктара Піліпавіча ёсць свой музей, у ім столькі экспанатаў, што нельга пералічыць. Ёсць нават з пазамінулага стагоддзя. А колькі пласцінак у яго калекцыі, колькі цікавых кніг, гістарчных дакументаў! А яшчэ ён любімец у вёсцы: хто не звернецца з якой бы там ні было просьбай, ён ніколі не адмовіць, тым больш, што жыхары вёскі, ў асноўным, – старэнькія бабулькі. Да яго ідуць з рознымі пытаннямі, або проста пагутарыць з добрым разумным чалавекам. Да  кожнай бабулі ён прымярае вобраз сваёй матулі, а матуля для яго была святлом у акенцы, самым галоўным чалавекам на свеце. З тае пары, як яна пакінула гэты свет, сынава сэрца не можа знайсці спакою. І ён не дае адпачынку сваім рукам, працуе так, як бы мама была побач і бачыла ўсё, што сын зрабіў. Яна б была задаволена, яна сказала б: “Дзякуй, сынок, які ж ты ў мяне працавіты, якія рукі ў цябе залатыя…” І гэта сапраўды так. Не буду гаварыць пра справы, якія павінен умець кожны мужчына. А вось спячы торт, зрабіць кулінарны шэдэўр са звыклага белага хлеба ці батона – на гэта трэба мець асаблівы талент. А колькі ён зрабіў нарыхтовак на зіму! Адных толькі яблык насушыў у спецыяльна зробленай печы паўнюткі мяшок. Трошкі менш грыбоў. А банак з саленнем-марынаваннем больш як 200 у склепе стаяць. Калі прыязджаюць дачка з сынам, з унукамі, яму заўсёды ёсць чым пачаставасць і яшчэ з сабою пакласці у сумку. А яшчэ ўмее шыць. Старэнькая машына “Зінгер” працуе ў яго руках, як новая. Фіранкі, сурвэтачкі, шторы і яшчэ шмат чаго ўмее пашыць умелы майстар. 

З Віктарам Брышом можна гаварыць на любыя тэмы. Ён заварожвае сваёй гутаркай, нібы казку раскаазвае і, слухаючы яго цікавыя аповеды, проста губляецца пачуццё часу. Закрані любую тэму, і ён так дасканала ў ёй разбіраецца, што слухаць не наслухацца. Яго без перабольшвання можна назваць “хадзячай энцыклапедыяй”. А яшчэ яго душа цягнецца да Бога. Калі ў Харашэвіцкім Храме Святой Праведнай Анны, праходзіць служба, Віктар Піліпавіч спяшаецца ў царкву і нават служыць там званаром. Пры чым званы тыя ён зрабіў уласнымі рукамі, сам устанавіў і зараз яны склікаюць людзей у Божы дом. 

Да Віктара Брыша любяць прыязджаць сябры. І тады бушуе полымя ў мангале, а потым на гарачыў вуголлях смажацца шашлыкі, і пах ад іх разносіцца па ўсяму сялу. Віктар вельмі гасцінны чалавек, яго наўсцяж адкрытая душа, якая выпраменьвае святло. А сам ён шчыра і ясна падкрэслівае: “Я ганаруся паходжаннем з вёскі”.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аутара

Предыдущая статья

Наденьте безопасность