У аграгарадку Корнадзь адбылося свята рушніка

22 Июня’25
500



Хто і калі выткаў першы вузенькі кавалак тканіны, а потым зрабіў на ім узоры, мы ўжо ніколі не даведаемся. Але дасканала вядома, што з тых вельмі даўніх часоў прыйшлі да нас дзівосныя вырабы, створаныя рукамі самавітых і таленавітых гаспадынькаў, – рушнікі! Цудоўнае свята, прысвечанае рушніку, у мінулыя выхадныя наладзілі ў Корнадскім сельскім філіяле-клубе.

Дакрануцца да гістрыі

Не дзіўна, што яно адбылося менавіта ў гэтым лясным куточку. Вось ужо больш як дзесяць гадоў у Корнадскай базавай школе існуе музей рушніка. У мінулым годзе яму было прысвоена званне “народны”. Музей стваралі настаўнікі, вучні, іх бацькі. Калі першыя экспанаты былі прынесены ў школу ад мясцовых жыхароў, то пасля рушнікі дастаўляліся з бліжэйшых вёсак – Ханявічаў, Сабалькоў, Куклічаў і нават з суседняй вобласці. І не толькі рушнікі зараз экспануюцца ў музеі. Тут і разнастайныя хатнія прылады¸ без якіх ніяк не маглі б абыйсціся нашы продкі. На сённяшні дзень тут сабраны больш за 800 экспанатаў.





Свята пачалося шэсцем да школы з “Рушніком малой радзімы” Гродзенскай вобласці, даўжыня якога – 16 метраў.

Дырэктар школы, дэпутат раённага савета дэпутатаў Вольга Лысевіч, запрасіла гасцей у рушніковы свет. З невялічкага куфэрка яна даставала адзін за другім рушнікі і ў паэтычнай форме расказвала, да чаго менавіта яны прызначаліся. З нагоды свята яна напісала цэлую быліну, прысвечаную рушнікам. Вольга Аляксандраўна зрабіла гасцям незвычайную прапанову: дакрануцца да экспаната, які найбольш спадабаўся, каб на момант аб’яднацца з мінулым. Госці дакраналіся рукой да рушнікоў і, напэўна, уяўлялі сабе жанчыну, якая схілілася над кроснамі, ці калаўротам, альбо дзяўчыну, якая іголкай з каляровай ніткай стварала на бялюткім кавалку палатна ўзоры

Пра цікавыя экспанаты расказалі таксама настаўнікі школы Мікалай Савіцкі і Таццяна Шастак.

Дзякуй за свята!

Пасля экскурсіі па музею школы, усе накіраваліся да клуба-філіяла. На ўваходзе пачэснаму госцю – старшыні Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктару Суботка – уручаецца каравай. У фае былі размешчаны выстаўкі таленавітых майстрыц-вышывальніц. Гэта прыгажосць – вачэй не адарваць!

Віктар Суботка звярнуўся за прысутных з цёплымі словамі прывітання.

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне на тэрыторыі раёна такіх цікавых мерапрыемстваў. Гэта сустрэчы землякоў, свята лесу, кулінарныя святы. Зараз мы акунуліся ў культурную спадчыну, у гісторыю рушніка. Падрыхтоўка свята патрабавала шмат намаганняў, таму хачу падзякаваць тым людзям, якія дапамагалі ў яго арганізацыі. А гэта сельскі актыў, на які заўсёды можна разлічваць, школа, другія неабыякавыя людзі. Шчыра жадаю ўсім міра, дабра, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, новых адкрыццяў, новых здзяйсненняў на блага нашай дарагой Беларусі, – сказаў Віктар Суботка.


Няма нічога больш важнага і каштоўнага для народа, чым яго традыцыі. Гэта яны дапамагаюць захоўваць сувязь з продкамі, памятаць аб мінулым. Лёс чалавека, вышыты на палатне, думкі і мары, адлюстраваныя на рушніковым узоры, здзіўляюць і натхняюць нас шмат гадоў. Мова вышыўкі можа не горш за словы расказаць пра гісторыю народа.

Пра гэта расказаў са сцэны таленавіты хлопчык у вышытай кашульцы, які прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах як у школе, так і ў клубе – Максім Ганчарэвіч. У яго руках рушнікі, дзіцячая кашулька, у якой хрысцілі немаўлятка, другія цікавыя вырабы.

На сцэну падымаліся самабытныя корнадскія майстрыхі Вера Лічык, Яўгенія Саўко, свіслацкая вышывальніца Жана Сыраежка. Віктар Суботка ўсіх вітае шчырымі словамі падзякі і ўручаў падарункі.

Што нас аб’ядноўвае

Розную ролю выконвалі калісьці рушнікі. Адзін з іх – вясельны рушнік-падножнік. На ім стаялі ў царкве маладыя падчас шлюбу. Яго захоўвалі потым усё жыццё, як залог сямейнага шчасця.

А ў клубе стаць на такі рушнік вядучыя запрасілі юбілейныя пары, якія пражылі шмат гадоў у згодзе і ўзаемаразуменні. Гэта Таццяна і Сяргей Еська, Вольга і Вячаслаў Гаворка, якія сёлета адзначылі сярэбранае вяселле, Людміла і Аляксей Анісені, пражыўшыя разам трыццаць гадоў, Андрэй і Ірына Туракі, за спіною ў якіх сорак шчаслівых гадоў, і залатыя юбіляры – Ніна і Іван Анціпкіны. Віктар Суботка з цёплымі пажаданнямі ўручыў юбілярам падарункі.

А далей пачаліся побытавыя танцы. Тыя, што калісьці на вячорках танчылі нашы бабулі і прабабулі. Вядучыя запрашалі да танца і гледачоў. На “Лысага” было жадаючых няшмат, а вось, калі зайгралі полечку, то нават бабулька, якая прыйшла ў клуб з кіёчкам, кінула яго і пачала прытупваць нагамі, а потым нават прыпеўкі заспявала.

Гучалі песні. Іх дарылі гледачам ансамбль песні “Крынічанька” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчяасц , артысты Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу Іосіф Дмухоўскі, Сяргей Ермаковіч, салісты Валянціна Аўсейка, Алена Канюк, Тамара Лявіцкая, Віктар Барэль.








Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Семинар на ферме, подготовка к саммиту, выдающиеся выпускники и спецпосланник Трампа. Итоги недели Президента