banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Гісторыя нарадзілася на ганчарным крузе

31 Января’20
3515
Сёння сярод жыхароў Поразава знойдзецца нямала такiх, што скажуць: «Я з роду ганчароў». Сапраўды, некалi амаль увесь пасёлак займаўся ганчарствам. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя Поразава лiчылася адным з буйных ганчарных цэнтраў Беларусi. У перыяд росквiту тут займалiся глiняным рамяством каля двухсот чалавек. Славілася мястэчка не толькі на ўсю акругу, але і было вядома сваімі ганчарнымі вырабамі далёка за яе межамі, а на мясцовым кірмашы заўсёды ішоў бойкi гандаль тутэйшых майстроў. Ганчарная гiсторыя малой радзiмы зараз – прадмет гонару паразаўчан. I разам з гонарам бярэ iх ахвота захоўваць i адраджаць сваю спадчыну. Так, шмат у гэтым накiрунку зроблена i робiцца ў Поразаўскай бiблiятэцы – цэнтры краязнаўства.

У кастрычнiку 2017 года тут адкрыўся музейны пакой «Мастацтва глiны i агню», экспазiцыя якога якраз i прысвечана традыцыям вырабу чорнаглянцавай керамiкi ў Поразаве. Аднак далёка не ў 2017-м нарадзiлася ў супрацоўнiкаў бiблiятэкi задумка стварэння музея. Яшчэ ў канцы мiнулага стагоддзя апантаныя цiкавасцю да ганчарнай справы сваiх землякоў бiблiятэкары збiралі матэрыял пра яе. Iм пашчасцiла сустрэцца i з яшчэ жывымi тады легендамi поразаўскага ганчарства. I сёння яны ганаровыя тым, што не згубiлi той час, а з першых вуснаў змаглi атрымаць звесткi з гiсторыi, што нараджалася на ганчарным крузе.

Усё тое, што пазнана i сабрана, сёння прадстаўлена ў музейным пакоi. Сюды кожнага, хто цiкавiцца традыцыямi ганчарства, з радасцю вядзе на экскурсiю загадчык бiблiятэкi Марына Сакалоўская. Свой аповед яна пачынае з карты-схемы «Залежы глiны Свiслацкага раёна», бо менавiта ў нетрах поразаўскай зямлi ляжаць каранi мясцовага рамяства.



– Паводле дадзеных 1935 года, у мястэчку займаліся ганчарным промыслам 75 сем’яў, – пачынае Марына Iванаўна. – Яны супольна выкарыстоўвалі 7 ганчарных печаў. Па ўспамінах старажылаў, у гэты перыяд на тэрыторыі Поразава было каля 200 ганчароў, а можа, нават і больш. Чаму ж менавіта тут? Адказ просты. Даследаванні паказалі, што ў ваколіцах мястэчка знаходзіліся і знаходзяцца цяпер буйныя і якасныя запасы ганчарнай сыравіны – гліны.

На пачэсным месцы ў музеi – скульптура ганчара ў натуральны рост чалавека. Сядзiць ён, як i трэба, за ганчарным кругам. Гэта, заўважце, нажны круг з рухомай воссю. Складаецца ён з малога верхняга і вялікага ніжняга дыскаў. Добраму ганчару, каб «выкруціць» збанок ці гаршчок, патрэбна было 5–10 хвілін. Гэты круг для музея – вялiкая каштоўнасць: яму больш за сто гадоў! Нямала часу правялi за iм ганчары з роду Шалкевiчаў! А бiблiятэцы гэты сямейны скарб падараваў жыхар Поразава Iван Шалкевiч.



Яшчэ адзiн унiкальны экспанат з’явiўся тут дзякуючы Ядвiзе Глякоўскай. Гэта насiлы, якiя некалi належалi яе бацьку Казiмiру Чарапку. Яны выкарыстоўвалiся для таго, каб пераносiць падсохлыя глiняныя пасудзіны ў гарон для абпалу. Сюды, кажуць, можна змясцiць некалькi соцен гаршчкоў i глякаў! А каб напоўнiць вялiкi гарон, патрэбна было каля пяцi соцен вырабаў!



А вось i iмiтацыя гарону. Ганчарны гарон – гэта спецыяльная печ для абпальвання ганчарных вырабаў. Яго будавалі пад адкрытым небам, часам у самой ганчарні. Палявыя размяшчалі далей ад жылых і гаспадарчых будынкаў і заглыблялі ў зямлю (на павярхоўнасці знаходзіўся толькі праём для загрузкі посуду). 



– Абпал вырабаў – абавязковы момант для поразаўскай чорнаглянцавай керамікi – разнавіднасцi чорназадымленай, – заўважае Марына Iванаўна. – Распаліўшы посуд дабяла, у гарон, дакладней у паленнік, які адыходзіў ад яго, падкідвалі смалякі, ядловец і глуха зачынялі. Якія працэсы далей адбываліся, ганчары, як гэта ні дзіўна, не ведалі і лічылі, што посуд проста задымляецца. Таму і назвалі такую кераміку задымленай. А насамрэч пры гарэнні без доступу паветра з выкарыстаннем смалістага паліва ў гароне стваралася газавае асяроддзе з высокім утрыманнем вугляроду, які ўзаемадзейнічаў з вокісамі жалеза, якія ёсць у гліне, і афарбоўваў вырабы ў чорны, а часам нават у сіняваты колер. Адначасова паляпшалася і іх якасць: змяншалася порыстасць і павялічвалася трываласць. 



Нарэшце мы падыходзiм да гатовых вырабаў – той знакамітай чорнаглянцавай керамікi. Загадчык бiблiятэкi можа многа i цiкава пра яе расказваць:

– Асноўным відам прадукцыі поразаўскіх майстроў-ганчароў з’яўляецца гаспадарчы посуд. Гаршчкі для гатавання ежы ў печы мелі найбольшае пашырэнне ў побыце. Форма іх амаль шарападобная, крыху звужаная да дна, каб лепш награваліся на агні. Рынка – пасудзіна для смажання страў – была круглая, плоская, на трох ножках, адным словам, такі трохногі гліняны гаршчок. Гэты посуд з выгнутым аб’ёмным тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам-ручкай – збанок, збан. У ім звычайна трымалі малако: у такой ёмкасцi яно доўга не скісала, а ў гарачыню было халодным. Падобны да яго гладыш. Збаны і гарлачы аздаблялі часцей за ўсё глянцаваным арнаментам у елачку, клетачку, касымi лініямі або суцэльным глянцаваннем. Для захавання і транспарціроўкі вадкасцей прызначаўся гляк шарападобнай формы з вузенькай кароткай гарлавінай. Два невялікія, злепленыя разам гаршчочкі з дужкай-ручкай пасярэдзіне ўтваралі спарыш. У іх насілі жнеям ці касцам, кажучы сучаснай мовай, «комплексны абед»: у адным гаршчочку – суп, у другім – каша. Сваё месца на палiцы i ў гліняных кубкаў. Кажуць, i малако з iх смачнейшае. Ганчары поўнасцю забяспечвалі глiняным посудам сябе, сваю радню і ўсё наваколле. Часцей за ўсё вырабы не прадавалі, а выменьвалі на зерне. Так, за гаршчок бралі столькі зерня, колькі той змяшчаў.




Асобны аповед у мясцовага экскурсавода – пра саміх поразаўскiх ганчароў. Наглядна дапаўняе яго фотагалерэя чорна-белых здымкаў. На фота – майстры, з сем’ямi, за ганчарным кругам, са сваiмi вырабамi.

Ганчароў у Поразаве і наваколлі называлі гаршчэчнікамі, – працягвае расказваць Марына Iванаўна. – З дынастыі поразаўскіх ганчароў – Антон Паплаўскі. Гэта яму даў заказ зрабіць ганчарныя вырабы першы дырэктар Гродзенскага музея Ядкоўскі, які часта падарожнічаў па Гродзеншчыне. Жыў у Поразаве і Антон Крыцкі, 14 рэчаў, зробленых яго рукамі, набыты ў тую ж музейную калекцыю. У 1930-я гады займаўся ганчарствам Казімір Перашчака. У яго сям’і захавалася рэдкай формы пасудзіна – адстойнік для малака. Каля дна ён меў круглую адтуліну для зліву, якая затыкаецца драўляным коркам. Да 1966 года займаўся ганчарствам Фелікс Шалкевіч. Некалі ён вырабіў нетрадыцыйную, але цікавую рэч – комін для дымахода. Дарэчы, гліняны комін і адстойнік для малака таксама трапілі ў калекцыю Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Патрэбна згадаць i Пятра Шопіка, ён у асноўным вырабляў дзіцячыя цацкі. А праславілася поразаўскае ганчарства вырабамі Іосіфа Шопіка, майстра чорнай керамікі, вядомага не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. «Мы – прыродныя ганчары», – сказаў неяк Іосіф Іосіфавіч пра сябе і брата Пятра. За свае па-майстэрску зробленыя рэчы Іосіф Шопік узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР, шматлікімі граматамі, дыпломамі.



Дзякуючы людзям, што дасканала валодалi майстэрствам работы з глiнай, ганчарства стала сапраўднай поразаўскай культурай. «Ведаць і зберагаць яе – духоўны абавязак патомкаў», – упэўнены бiблiятэкары. Яны i самi людзi з запалам. Важкі ўклад у стварэнне музея ганчарства ўнесла бiблiятэкар Iрына Сарай.

Яе справу зараз працягвае Марына Сакалоўская. Сцiплыя жанчыны кажуць, што без людзей неабыякавых да роднай гiсторыi нiчога б не атрымалася. Вялiкую дапамогу ў збiраннi матэрыялу i экспанатаў iм аказаў Рамуальд Сакалоўскi. Вядома, кропку ў пошуках нiхто не ставiць. Музей адкрыты для нязведаннага. I мясцовыя жыхары ведаюць пра гэта: калi адшукаюць што-небудзь ганчарнае, адразу нясуць у цэнтр краязнаўства.

Вялiкая справа па адраджэнню ганчарcтва ў Поразаве была заўважана i адзначана на высокiм узроўнi. Распрацаваны для папулярызацыi i захавання ўнiкальнай тэхнiкi поразаўскага ганчарства праект «Адроджанае рамяство» ў мiнулым годзе атрымаў грант Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Гэта дазволiла палепшыць матэрыяльную базу музейнага пакоя, а самае галоўнае – набыць сучасны ганчарны круг. Для чаго? Зараз у рамках праекта ў бiблiятэцы працуе аматарскае аб’яднанне «Спадчына» для школьнiкаў, дзе дзецi разам з майстрам Людмiлай Шворак са Свiслачы вучацца ганчарнаму рамяству. Надаваць глiне форму ўжо добра атрымоўваецца ў заўсёднiкаў заняткаў Данiiла Нелюбовiча, Юлii Карнiловіч, Вольгi Васiлеўскай, Алены Саўко і іншых. Iх вырабы зараз займаюць цэлую палiцу ў музеi, а ў маi з нагоды Дня музеяў на этнафальклорным свяце «Нам засталася спадчына», што плануе наладзiць бiблiятэка, яны будуць прадстаўлены ў асобнай выставе.





З замiлаваннем назiраюць дарослыя за тым, з якiм агеньчыкам у вачах падыходзяць да ганчарнага круга сучасныя дзецi. I, несумненна, цеплiцца ў iх сэрцах надзея, што кагосьцi з малых ганчарная справа захопiць на ўсё жыццё.

Падрыхтавала Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

В Свислочском районе прошел второй этап республиканской акции «Безопасность в каждый дом!»