banner

Лагер – гэта маленькае жыццё

15 Июля’22
1656

Адпачыць на свежым паветры, паспрабаваць прыгатаванай на кастры ежы, а таксама ацаніць хараство і разнастайнасць прыроды роднай старонкі – усё гэта магчыма ў турыстычна-краязнаўчым лагеры  «Вандроўнік».


Штогод Свіслацкі цэнтр турызму і краязнаўства арганізоўвае палатачны лагер «Вандроўнік». Першая лагерная змена размясцілася на стадыёне Дварчанскага дзіцячага сада-базавай школы. На базе гэтай установы адукацыі для выхаванцаў арганізавана харчаванне.

Дзевяць дзён трынаццаці школьнікам ва ўзросце 11–15 гадоў запомняцца разнастайнымі мерапрыемствамі. Большасць з дзяцей – навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства, актыўныя ўдзельнікі турысцка-спартыўных і краязнаўчых мерапрыемстваў.


Арганізацыя дзейнасці лагера накіравана на фарміраванне ў выхаванцаў устойлівай цікавасці да гісторыі роднага краю. Аб гэтым і клапоцяцца дырэктар лагера Алег Саган, выхавальнікі Ігар Баяркін і Надзея Шыраева. Вясёламу і карыснаму правядзенню часу спрыяюць інтэлектуальныя гульні, экскурсіі, розныя конкурсы і віктарыны, спаборніцтвы і шмат іншых мерапрыемстваў. Кожны дзень у лагеры праходзяць вучэбна-трэніровачныя заняткі па спартыўнаму арыентаванню і спартыўнаму турызму. Знаходзіцца час і для культурна-масавых мерапрыемстваў, гутарак каля вогнішча.


Хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама выхавальнікі забяспечаны веласіпедамі, таму  пад час экскурсій маюць магчымасць убачыць багаты каларыт населеных пунктаў раёна, пазнаёміцца з іх жыхарамі і цікавымі мясцінамі, ў турыстычным і краязнаўчым плане.

Кожны вечар у лагеры агульны збор, дзе каля кастра ўсе разам аналізуюць, як прайшоў дзень, абменьваюцца сваімі ўражаннямі, запаўняюць «Экран настрою». У канцы змены вызначыцца, якія дні ў лагеры сталі самымі выніковымі.


Падарожжа па маляўнічых мясцінах, удзел у забаўляльных, турысцка-спартыўных мерапрыемствах, песні пад гітару – усё гэта гарантуе выхаванцам здаровы адпачынак і яркія ўражанні.

Ліза СВІСТУН, 15 гадоў: 


– Я першы раз у палатачным лагеры. Тут здорава! Для нас арганізоўваюць шмат цікавых мерапрыемстваў. Больш за ўсё  я люблю велападарожжы.

Захар ПАЧЭБУТ, 11 гадоў: 


Мне больш за ўсё падабаецца ездзіць на велаэкскурсіі па Свіслаччыне і даведвацца  пра наш край. У вольны час мы гуляем у футбол, валейбол. Цікава працаваць з компасам.

Архіп ШТОП, 13 гадоў: 


–  Цікава жыць у палатках. Я люблю альпінізм, арыентаванне. Зараз мы рыхтуемся да спаборніцтваў. Будзем выступаць у гарадскім парку ў дзень вызвалення Свіслачы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Юлія ШТОП, маці Архіпа: 


–  У лагеры створаны добрыя ўмовы для аздараўлення дзяцей. Архіп займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах ад Цэнтра турызму і краязнаўства і з нецярпеннем чакаў змену. Дзякуй дырэктару і выхавальнікам лагера за тое, што дзецям цікава там. Я радая, што Архіпу падабаецца такі адпачынак. 

Хрысціна СПАРНЮК, маці Арцёма: 


–  Арцём сам захацеў пайсці ў турыстычна-краязнаўчы лагер. Мы падтрымалі яго выбар. Кожны дзень мы размаўляем з ім па тэлефоне. Адпачынак на свежым паветры разам з сябрамі – гэта здорава. Дзеці з карысцю праводзяць час.

Святлана МАКСІМЮК

Фота аўтара

Предыдущая статья

Vitebsk 2022 song contest participants to learn their running order