banner

Гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі прызналі пірог «банкуха» з Поразава

17 Декабря’19
3546
Поразаўская банкуха – незвычайны кандытарскі выраб, знешне падобны на калючую ялінку, які ў разрэзе нагадвае малюнак спіленага дрэва, – папоўніла Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у ліку пяці новых элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.



Традыцыі прыгатавання поразаўскай банкухі былі прадстаўлены 11 снежня на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. За наданне пачэснага статусу па-сапраўднаму ўнікальнай страве прагаласавалі ўсе члены рады. Ды і ці ж магла не спадабацца прысутным наша банкуха як на выгляд, так і на смак?!

За гэтым вынікам стаіць вялікая праца і свіслацкіх работнікаў культуры, і поразаўскіх гаспадынь. Падрыхтоўка неабходных дакументаў, відэа, сустрэчы з экспертамі і спецыялістамі на працягу года – гэтым заўзята займалася намеснік дырэктара ДУК «Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Святлана Дзянісава. У адказны дзень, што сабраў прэтэндэнтаў на статус гісторыка-культурных каштоўнасцей у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, Святлана Паўлаўна выступіла дэталёва падрыхтаваным дакладчыкам па ўсіх пытаннях, што тычацца гісторыі, сучаснасці і перспектыў прыгатавання банкухі на Свіслаччыне. Экспертам па выпечцы выступіў загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар Тадэвуш Навагродскі. Была ў нашай банкухі і група падтрымкі: вядучы метадыст па народным промыслам ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» Яніна Барысевіч, дырэктар ДУК «Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Таццяна Мацкевіч, а таксама носьбіт традыцый прыгатавання вырабу з Поразава – Алена Козюк. Хто ж, як ні Алена Чаславаўна, мог з веданнем справы задаволіць цікаўнасць членаў рады наконт самога працэсу прыгатавання галінастага пірага?!




Сёння майстэрствам выпякання банкухі на Свіслаччыне дасканала валодаюць паразаўчанкі Алена Козюк, Ганна Шалкевіч (на фота) і іх пераемнік Яніна Козюк, гаспадыня аграсядзібы «Фальварак «У Рыся», што ў вёсцы Карэвічы. 

Алена Чаславаўна і Ганна Станіславаўна пякуць банкуху ў доме Яніны Іванаўны Козюк, свекрыві Алены Чаславаўны, якая добра ведала, як гатуецца гэтае печыва, і перадала сваё ўменне нявестцы. 

Галіна Станіславаўна ж навучылася выпякаць банкуху ў сваёй цёткі Марыі Шалкевіч, а тая ў сваю чаргу пераняла кулінарныя традыцыі ад сваёй цёткі, Магдалены Паплаўскай. Поразаўскія кулінаркі падзяліліся тэхналогіяй прыгатавання банкухі з гаспадыняй карэвічскай сядзібы, і зараз Яніна Тадэвушаўна на розных мерапрыемствах дэманструе працэс выпякання гэтай самабытнай стравы, толькі ўжо не ў хаце каля печы, а ля адкрытага агню на вуліцы.

Можа, хто не ведае, што такое банкуха? Не дзіўна, бо страва гэта не паўсядзённая. З 30-х гадоў ХХ стагоддзя – моманту з’яўлення на Свіслаччыне – яна гатуецца па адметных выпадках і нагодах: на вяселле, радзіны, Каляды і іншыя вялікія святы. Каб нарадзіўся гэты ўнікальны пірог, трэба пастаяць над ім, як кажуць гаспадынькі, ажно восем гадзін. Болей таго – мала мець усе неабходныя для цеста прадукты, сярод якіх 60(!) яек. Каб прыгатаваць банкуху, неабходна i спецыяльнае прыстасаванне – драўлянае «валко» з ліпы, замацаванае на металічным стрыжні, што нагадвае калодзежную кульбаку. Яго ставяць на пліту перад печчу. Нараджэнне банкухі – гэта карпатлівае паліванне цеста на гэтае «валко» і яго няспыннае кручэнне. Менавіта дзякуючы гэтай працэдуры і «вырастаюць» на пірагу калючыя адросткі, а ўнутры ўтвараюцца запечаныя пласты, што пры разразанні гатовага вырабу нагадваюць гадавыя кольцы спіленага дрэва. Адсюль, пэўна, і пайшла назва банкухі (ад нямецкага baumkuchen, што азначае «дрэва-пірог»).

– У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь тры з васьмі традыцыйных страў з’яўляюцца менавіта святочнымі кандытарскімі вырабамі – гэта мотальскія і ваўкавыскія вясельныя караваі і каляндарна-абрадавае печыва са Слонімшчыны, – адзначае дырэктар Свiслацкага РЦКiНТ Таццяна Мацкевiч. Менавіта на поўдні Гродзенскай вобласці захоўваецца найбольшая разнастайнасць святочнай выпечкі. Пра цікавасць гаспадынь да адметных прысмакаў і каштоўнасць іх майстэрства, якое здаўна перадаецца ў спадчыну, сведчыць захаванне побач з традыцыйнымі караваямі і пірагамі адметнага спосабу выпечкі і рэцэпту нашай банкухі. Носьбіты гэтай традыцыі спадзяюцца, што наданне поразаўскаму пiрагу статасу гісторыка-культурнай каштоўнасці паспрыяе магчымасці перадаць вопыт моладзі і захаваць майстэрства выпечкі банкухі ўвогуле. Гэты элемент сапраўды незвычайны, асаблівы, а працэс яго прыгатавання вельмі працаёмкі і цікавы – тым і каштоўны. 

Гонар бярэ за тое, што наша банкуха з’яўляецца візітнай карткай не толькі Свіслацкага раёна, але і ўсёй Гродзенскай вобласці.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Повторение – мать учения