banner

Аднавяскоўцы: Верашчакі

21 Августа’20
1500


Даследчыкі лічаць, што назва вёскі Верашчакі – ад слова «верашчака». Так называецца вадкая мучная страва з кавалачкамі сала, каўбас і свіных рабрынак; мачанка. Верашчакі – крайняя кропка Свіслацкага раёна з паўднёвага захаду. Недалёка ад вёскі праходзіць граніца з Брэсцкай вобласцю. Мясцовая дзетвара нават хадзіла ў школы ў суседнюю вобласць, якія былі ў Лыскаве і Магілёўцах. Дарэчы, вядома, што ў 1987 годзе населены пункт уваходзіў у склад Лыскаўскай воласці. У той год тут было 40 двароў, у якіх пражывалі 275 чалавек. У 1905 годзе Верашчакі насялялі 290 жыхароў. З цягам часу іх колькасць значна зменшылася. У 2005-м у 40 дварах пражывалі 69 чалавек. Цяпер Верашчакі знаходзяцца на тэрыторыі Ханявіцкага сельсавета. На пачатак бягучага года тут зарэгістраваны 16 жыхароў. З іх 13 пенсійнага ўзросту і толькі 3 – працаздольнага. Дзве цікавыя жанчыны (аказалася, сваячкі) шчыра запрасілі нас у госці, каб расказаць пра сябе, аб сваім жыцці.

Неабыякавы чалавек


Зоі Іванаўне Калядка споўнілася 80 гадоў, але яна, нягледзячы на ўзрост, пазітыўна глядзіць на жыццё, радуецца кожнаму пражытаму дню.

Жанчына заўсёды займала актыўную грамадзянскую пазіцыю, праяўляючы ініцыятыву, цікавасць да грамадскай працы. Ёй і зараз неабыякава жыццё краіны. Яна кожны дзень чытае і глядзіць навіны, горача абураецца з нагоды таго, што адбываецца сёння. Таму з першых хвілін сустрэчы Зоя Іванаўна абавязкова хацела выказаць сваё меркаванне. Яна заклікае адумацца землякоў і ўспомніць, што мы, беларусы, – мірныя людзі. І нам нядобра ісці брат на брата.

Яна не памятае вайны, нарадзілася ў 1940 годзе. «Але наколькі змянілася за апошнія гады жыццё ў нашай краіне! Мы спакойна можам хадзіць па вуліцах нашых вёсак і гарадоў, нашы дзеці і ўнукі могуць выбраць сабе па душы прафесію, паступіўшы ў любую ўстанову адукацыі. Мы, пенсіянеры, таксама адчуваем клопат дзяржавы», – разважае Зоя Іванаўна. У апошнія гады ёй стала цяжка хадзіць, і сацыяльная служба прадаставіла ёй хадункі. Дапамогу ёй аказвае сацыяльны работнік. І гэта, па словах жанчыны, заслуга нашага Прэзідэнта.

Яе жыццё не назавеш лёгкім. Яна ўраджэнка Новага Двара. У сям’і ў іх было двое дзяцей. Жылі ў дастатку. Дзяўчына прыехала на працу ў Ханявіцкі Дом культуры ў якасці загадчыка. Неўзабаве сустрэла і нарачонага – хлопца з Верашчак, свайго Мікалая. Ён быў са шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яго было яшчэ шасцёра дзяцей. Маці адна падымала дзетвару, так як бацька загінуў на фронце.

Маладыя людзі пажаніліся. Перш чым набылі сваё жыллё, прыйшлося некаторы час туліцца ў сваякоў. Але, як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе. З часам пабудавалі свой дом.

Пасля дэкрэта Зоя Іванаўна змяніла месца працы. Калісьці адпачынак па доглядзе за дзіцём быў непрацяглы. А трэба было больш увагі надаваць дачцэ. Уладкавалася працаваць бухгалтарам у Ханявіцкае лясніцтва. Васямнаццаць гадоў вяла бухгалтэрыю. Калі сталі скарачаць лясніцтва, яе пераводам аформілі ў сельскі савет рахункаводам-касірам. Да самага выхаду на заслужаны адпачынак там працавала. Збірала сельскагаспадарчыя падаткі і абавязковую страхоўку. Увесь Ханявіцкі сельсавет аб’язджала на веласіпедзе ў любое надвор’е. «Бывала, едзеш па палявой дарозе, ідзе дождж. Колы пракручваюцца, буксуюць... А зімы якія снежныя і марозныя былі! Не цяперашнімі цёплымі», – успамінае Зоя Іванаўна. Часцей за ўсё ў час абеду можна было застаць працаздольнае насельніцтва. А дома была вялікая гаспадарка: дзве каровы, авечкі, свінні. Знаходзіла момант, каб заехаць дадому, падаіць кароў і пакарміць жывёл. Потым хутка прыводзіла сябе ў парадак – і зноў на працу. І гэта яшчэ паўбяды, кажа Зоя Іванаўна. Гаспадарка выдзяляла соткі для пасадкі бульбы. За іх трэба было адрабляць. Калі 40 сотак узяў – значыць, павінен восенню 6 дзён адпрацаваць у калгасе на ўборцы бульбы, абрабіць па дзялцы буракоў і льну. Але на дапамогу маме заўсёды гатовыя былі прыйсці дзве дачкі, якія раслі, як і бацькі, працавітымі.

Мая гераіня вось ужо дваццаць гадоў як аўдавела. Аб сваёй другой палавіне ўспамінае з вялікай цеплынёй. Жанчына лічыць, што ёй пашанцавала. Мікалай з дзяцінства быў прывучаны да працы. Ніколі не наракаў на лёс. Працаваў аднолькава як на асноўнай працы, так і дома.

Муж з жонкай дачакаліся заслужанага адпачынку. Але толькі восем гадоў ім адвёў лёс пабыць яшчэ разам. Мікалай Якаўлевіч працягваў працаваць і на пенсіі сувязістам яшчэ тры гады, а апошнія пяць гадоў быў конюхам у гаспадарцы. «Да самага апошняга дня клапаціўся пра сям’ю. У тыя часы бульбу капалі ўручную, а так хоць можна было ўзяць каня, каб прывезці вырашчаны ўраджай», – расказвае жанчына.
На зіму Зоя Іванаўна едзе да старэйшай дачкі Алены ў Скідзель, а ўлетку вяртаецца ў дом, дзе прайшлі шчаслівыя дні жыцця. Малодшая дачка Раіса з сям’ёй жыве ў Пецярбурзе. Але кожны год яны прыязджаюць, каб адведаць роднага чалавека.

Мне пашчасціла тут нарадзіцца


Яшчэ з адной жанчынай – Нінай Якаўлеўнай Калядка – удалося пагутарыць у Верашчаках. Яна – мясцовая жыхарка. «Дзе нарадзілася, там і жыву», – кажа жанчына.

На пачатак вайны ёй было 5 гадоў. Нягледзячы на малалетні ўзрост, у памяці захаваліся першыя дні вайны.

– Мы жылі на хутары каля лесу. Тут з’явіліся нашы салдаты на конях. Адыходзілі. За імі ішлі танкі нямецкія і стралялі па іх. Патрапілі ў наш дом. Усё згарэла, – успамінае мая гераіня.

Калі Свіслаччыну вызвалілі, сталі забіраць мясцовых мужчын на фронт. Быў прызваны і іх бацька. Шматдзетная сям’я, дзе выхоўваліся сямёра дзяцей, засталася без карміцеля і даху над галавой. Малодшая з шасці сясцёр нарадзілася за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Жылі ў чужым доме да 1967 года. Старэйшую сястру забралі ў Германію. Вярнулася яна дадому пасля Перамогі.

Ніна была шостай з дзяцей. Зараз з усёй вялікай сям’і засталося іх двое: яна і малодшая сястра, якая жыве ў Карэліі. Жыць пасля вайны было цяжка, не хапала ежы. Вось і раз’ехаліся дзеці, каб зарабіць грошай.

«Тады быў аргнабор. Старэйшыя сёстры з’ехалі з родных мясцін. Адна была ў Петразаводску, дзве – у Карэліі, адна – у Чалябінску, адна – у Ваўкавыску на чыгунцы працавала, – успамінае жанчына той нялёгкі час. – На малодшых дзяцей мама атрымлівала дапамогу па страце карміцеля. Памятаю, з мяшком хадзіла ў Ваўкавыск па хлеб».

Пачатковую адукацыю Ніна атрымала ў сваёй вёсцы. Тады ў Верашчаках была пачатковая школа. З пятага па сёмы клас яна разам са сваімі аднагодкамі хадзіла ў Лыскаўскую школу Брэсцкай вобласці. З восьмага па дзясяты клас сяброўкі вучыліся ў вёсцы Магілёўцы суседняй вобласці. Пасля атрымання агульнай сярэдняй адукацыі яе як дачку загінуўшага на вайне ўзялі на працу ў сельсавет. З 1954-га па 1962 год Ніна была рахункаведам-касірам. Пазней – сакратаром сельвыканкама. Актыўную дзяўчыну заўважылі, абралі дэпутатам мясцовага Савета. Прайшла гадавыя курсы пры Савеце Міністраў БССР, паралельна наведваючы вячэрнюю партыйную школу па ператварэнню ў жыццё рашэнняў з’ездаў. Калі прапанавалі ўзначаліць сельсавет, дала адмоўны адказ. Тады ў сям’і ўжо падрасталі двое дзяцей. І яна вырашыла, што лепш будзе больш увагі надаваць сям’і, выхаванню дачок. Дваццаць чатыры гады адпрацавала ў сельсавеце. Толькі перад выхадам на пенсію, з 1978-га да 1994-га, працавала ў магазіне, што быў у Верашчаках.

Сваё жаночае шчасце яна знайшла ў родных мясцінах. Выйшла замуж за мясцовага хлопца Расціслава Іосіфавіча. У яго таксама загінуў бацька на фронце, іх маці давялося падымаць чацвёра дзяцей адной.

З мужам яны пражылі пяцьдзясят шэсць шчаслівых гадоў, выхавалі трох дачок. Старэйшая Людміла ўжо на пенсіі. Скончыўшы Гродзенскі медінстытут, працавала ўрачом. Жыве ў Баранавічах. Сярэдняя Таццяна асталявалася ў Мінскай вобласці. Нядаўна таксама пайшла на заслужаны адпачынак. Скончыла Гродзенскі сельгасінстытут па спецыяльнасці «агранамія». Малодшая Надзея жыве ў Мінску, працуе медсястрой у хірургічным аддзяленні Мінскай бальніцы хуткай дапамогі.

Было ў жыцці Веры Якаўлеўны нароўні са шчаслівымі хвілінамі і шмат выпрабаванняў. Пасля замужжа некаторы час прыйшлося жыць у сваякоў, пазней пачалі будаўніцтва ўласнага дома. У 1977 годзе маладая сям’я пераехала ў сваё жыллё. А ў 1996-м ён згарэў з усім нажытым. Яны вытрымалі гэтае выпрабаванне. Пабудавалі новы дом.

Шэсць гадоў жанчына жыве адна. Дзеці і ўнукі, вядома ж, наведваюць маму і бабулю. Часты госць у хаце – старшыня Ханявіцкага сельвыканкама Браніслаў Дзічкоўскі, якому яна вельмі ўдзячна за спагаду і падтрымку. Па гаспадарцы дапамагае сацыяльны работнік. Хоць яна і сама не супраць прапалоць гародніну на прысядзібным участку і кветнік, які радуе вока да самай позняй восені.

– Люблю Беларусь. Удзячная, што пад мірным небам выраслі дзеці і ўнукі, атрымалі адукацыю. У спакоі расце і праўнук, які ў гэтым годзе пойдзе ў школу, – адзначыла ў завяршэнне гутаркі Ніна Якаўлеўна.

Ці ёй не ведаць, што гэта і ёсць самае галоўнае для чалавека – ведаць, што твае блізкія шчаслівыя і ім нічога не пагражае?!

Людміла БАЛЫШ
Фота аўтара







Предыдущая статья

Моя работа – мое призвание